Універсітэт культуры і мастацтваў расчыніў свае дзверы насцеж…

- 12:08Культура

16 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры можна было ўбачыць асабліва многа студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама юнакоў і дзяўчат, патэнцыяльна, без пяці хвілін абітурыентаў гэтай установы. Менавіта для іх у першую чаргу тут ладзіўся дзень адкрытых дзвярэй універсітэта, але не сумны і не руцінны, як іншым разам здараецца з гэтым прафарыентацыйным мерапрыемствам. Пра тое, што тут адбываецца нейкая неардынарная падзея, можна было здагадацца яшчэ на падыходзе да тэатра — па гуках музыкі, якую іграў на яго прыступках універсітэцкі аркестр духавых і ўдарных інструментаў. Дый само месца правядзення дня адкрытых дзвярэй — Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр — абяцаў сюрпрыз…

Тым часам на сустрэчы абітурыентаў з кіраўніцтвам універсітэта, якой папярэднічалі выступленні творчых калектываў БДУКіМ і ў холах тэатра, можна было даведацца пра дастаткова важныя для абітурыентаў рэчы. Напрыклад, пра тое, што сёлета ў адрозненне ад мінулых гадоў набор абітурыентаў будзе ажыццяўляцца на некаторыя спецыяльнасці па агульным конкурсе. Прычым гэта будзе тычыцца не толькі навуковых спецыяльнасцей, але і творчых. Выпускнікі гарадскіх і сельскіх школ будуць мець магчымасць ста ць па агульным конкурсе студэнтамі БДУКіМ па спецыяльнасці “Культуралогія” з такімі спецыялізацыямі, як “Менеджмент сацыякультурнай сферы”, “Менеджмент рэкламы і грамадскіх сувязей”, “Менеджмент міжнародных культурных сувязей”, “Тэорыя і гісторыя культуры” і “Інфармацыйныя сістэмы культуры”. Што да творчых спецыяльнасцей, якія сёлета таксама падпадуць пад агульны конкурс, то гэта “Народная творчасць” (спецыялізацыі “Харавая музыка акадэмічная”, “Харавая музыка народная”, “Інструментальная музыка народная” і “Інструментальная музыка духавая”) і “Харэаграфічнае мастацтва”.
Рэктар універсітэта Юрый Бондар таксама паведаміў пра тое, што ў бліжэйшых планах кіраўніцтва ўстановы адкрыць новыя запатрабаваныя ў сённяшнім грамадстве спецыяльнасці, у прыватнасці такія, як “Рэжысура радыё і тэлебачання” (з прысваеннем кваліфікацыі “рэжысёр, дыктар, выкладчык”), “Рэжысура мультымедыя” (з прысваеннем кваліфікацыі “рэжысёр-аніматар, выкладчык”), “Дызайн сцэнічнага касцюма” (з прысваеннем кваліфікацыі “дызайнер-мастак, выкладчык”). “Да гэтага нас падштурхнуў працэс падрыхтоўкі мюзікла “Дуброўскі”, усе ролі ў якім, як вы, напэўна, ведаеце, выконваюць студэнты і выпускнікі нашага ўніверсітэта. А ўвогуле, за апошні час мы здзейснілі цэлы шэраг культурных праектаў, у тым ліку рэспубліканскіх — фіналаў конкурсаў “Сям’я года” і “Жанчына года”. Безумоўна, наш універсітэт не застанецца ў баку і ад вельмі значнага для ўсіх нас свята — 70-годдзя Вялікай Перамогі. У прыватнасці, мы рыхтуем цяпер спектакль “Заўтра была вайна”, прысвечаны гэтаму святу. Пад патранатам гарадскога Савета дэпутатаў зладзім маштабную студэнцкую акцыю для ветэранаў Мінска”, — адзначыў Юрый Бондар. На пытанне пра тое, якой ён наогул бачыць будучыню Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, рэктар адказаў: “І праз 5, і праз 10, і праз 15 гадоў бачу вельмі добрыя перспектывы. А ўсё таму, што ў сваёй дзейнасці мы грунтуемся на традыцыйных каштоўнасцях беларускай культуры і магутных традыцыях нашай адукацыйнай прасторы. Хаця вельмі любім і інавацыі”.
А потым у рамках дня адкрытых дзвярэй БДУКіМ адбыўся галоўны сюрпрыз. Усе прысутныя змаглі паглядзець таго самага “Дуброўскага”, пра якога гаварыў рэктар і які насамрэч стаў вельмі яркай падзеяй у культурным жыцці краіны. Нагадаем, што гэты ўнікальны праект міжнародны, расійска-беларускі. Музыку для мюзікла напісаў вядомы расійскі кампазітар заслужаны дзеяч Расіі Кім Брэйтбург, лібрэта — Карэн Каваляран. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў заслужаны дзеяч Расіі Мікалай Андросаў. Ад беларускага боку ў праекце ўдзельнічаюць, напрыклад, такія вядомыя творчыя асобы, як народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь і, дарэчы, выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ірына Дарафеева. Ну а ролі выконваюць, як ужо гаварыў рэктар універсітэта, выключна студэнты і выпускнікі.
У свой час, амаль год назад, пасля прэм’еры мюзікла нашы СМІ дастаткова многа захоплена гаварылі і пісалі пра гэтага “студэнцкага” ці “маладзёжнага” “Дуброўскага” з элементамі рока і R’n’B, пра тое, колькі шуму ён нарабіў, як прымусіў здзівіцца ды пазайздросціць нават прызнаных прафесіяналаў. Таму сёння не будзем паўтарацца. Проста… 16 сакавіка 2015 года абітурыенты на працягу амаль дзвюх з паловай гадзіны зачаравана сачылі за падзеямі спектакля і ўсё больш і больш марылі калі-небудзь апынуцца там жа, на сцэне. І ўсё больш і больш выразна ўсведамлялі, куды яны будуць спрабаваць сёлета паступіць.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.