Універсітэт — пляцоўка для аб’яднання

- 12:49Вышэйшая школа

2020 год быў няпростым для ўсіх нас. У ім свет упершыню сутыкнуўся з пандэміяй каранавіруса, якая істотна паўплывала на ўсе працэсы жыцця­дзейнасці людзей, закрануўшы і сферу адукацыі. А наша краіна адчула сур’ёзны ціск палітычных апанентаў звонку. Гэтыя і іншыя выклікі запатрабавалі новых падыходаў да арганізацыі ўсіх працэсаў універсітэта — ад вучэбнага і навуковага да выхаваўча-ідэалагічнага.

Наш універсітэт сёння развіваецца як класічны і ажыццяўляе навучанне па 10 профілях.

Важны ўплыў на рэалізацыю шматлікіх працэсаў ва ўніверсітэце аказвае наяўнасць вялікай колькасці замежных грамадзян сярод навучэнцаў.

Так, доля замежных студэнтаў на 01.01.2021 — 23,9%. Сёння вучыцца звыш 1700 чалавек з 30 краін свету. Для прыцягнення замежных грамадзян на навучанне прымаліся шматлікія меры. Асноўныя з іх:

— пашырэнне магчымасці навучання на англійскай мове;

— дзеючая праграма па адаптацыі замежных студэнтаў (інфармацыйнае суправаджэнне, моўная адаптацыя, псіхалагічнае суправаджэнне);

— дзейнічаюць праграмы куратарства першакурснікаў, развіты інстытут студэнцкіх зямляцтваў.

Работа, якая праводзілася, дазволіла перавыканаць заданне па экспарце паслуг у галіне адукацыі. У 2020 выкананне склала каля 4,5 мільёна долараў ЗША. Пры гэтым універсітэт спрацаваў па дыверсіфікацыі рынку экспарту адукацыйных паслуг. Калі ў папярэднія гады асноўны кантынгент абітурыентаў складалі грамадзяне з Туркменістана, то ў 2020 годзе — грамадзяне КНР.

Важным складнікам сучаснага і якаснага ўзроўню навучання з’яўляецца адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база. Мы актыўна фінансуем лічбавізацыю ўніверсітэта, ствараем сучасныя лабараторыі, клапоцімся пра камфорт пражывання ў інтэрнатах.

Вялікая ўвага ва ўніверсітэце ўдзяляецца развіццю спорту. Дзякуючы бюджэтнаму фінансаванню, універсітэт атрымаў ультрасучасны спартыўны комплекс, які стаў аблюбаваным месцам у тым ліку жыхароў Віцебска. Акрамя таго, за кошт уласных сродкаў мы ажыццявілі рамонт шэрага спартыўных аб’ектаў.

Важным складнікам працы ўніверсі­тэта з’яўляецца навукова-даследчая дзей­насць. Яна арганізавана ў рамках 15 навуковых школ. За апошні час былі абаронены 4 док­тарскія дысертацыі па розных напрамках (экалогія, біяэкалогія, філалогія, юрыспрудэнцыя), а гэта значыць, дадзены старт новым напрамкам.

За мінулы год выконваліся 45 фінансуемых навуковых праектаў. Гэтыя праекты маюць ярка выяўленую практычную накіраванасць. Сярод іх адзначу праекты, рэалізаваныя на аснове інтэграцыі ІТ-тэхналогій, біялогіі і медыцыны: “Камп’ютарнае мадэляванне рэканструяванага сярэдняга вуха”, “Шматфункцыянальная палка для пажылых і тых, хто мае патрэбу”, “Распрацоўка спосабу маніторынгу водных экасістэм з выкарыстаннем лёгачных малюскаў” і інш.

Выконваюцца тэмы па заказе прадпрыемстваў.

Вядзецца падрыхтоўка па адкрыцці навукова-даследчай лабараторыі комплекснага аналізу, мадэлявання і прагназавання даных на базе трох факультэтаў: 1) матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій; 2) хіміка-біялагічных навук; 3) фізічнай культуры і спорту. Тут працуюць 7 навуковых школ.

Стварэнне лабараторыі адначасова забяспечыць шырокія перспектывы для развіцця медыка-фармацэўтычнага кластара, які ўжо працуе.

Сучасныя выклікі шмат у чым вызначылі арганізацыю адукацыйнага працэсу па-новаму. Вясной 2020 года ўніверсітэт актыўна ўключыўся ў распрацоўку пакета адпаведнай дакументацыі.

Быў распрацаваны план мерапрыемстваў і на яго аснове алгарытмы работы ўсіх удзельнікаў працэсу; формы заяў для студэнтаў і выкладчыкаў, якія пераходзяць на прымяненне ІКТ-тэхналогій.

Адукацыйны працэс ва ўніверсітэце імя П.М.Машэрава не спыняўся ні на дзень. Найважнейшай задачай было ўзмацніць кантроль за адукацыйным працэсам з выкарыстаннем ІКТ.

Ва ўніверсітэце ўжо было віртуальнае асяроддзе з размешчаным кантэнтам па ўсіх дысцыплінах (іх больш за 1200), якія змяшчаюць больш за 52 000 інтэрактыўных элементаў.

Разам з тым спатрэбіліся дадатковыя меры. Было распрацавана праграмнае забеспячэнне, што дазваляла праводзіць штодзённы кантроль уваходаў у віртуальнае асяроддзе і атрыманых адзнак. Дадаткова праводзіліся семінары-практыкумы па выкарыстанні разнастайных платформ для анлайн-навучання. Універсітэт справіўся з задачай, сесія паказала, што мы прынялі правільнае рашэнне.

Грамадска-палітычная сітуацыя, якая склалася ў краіне, пандэмія ўнеслі карэктывы ў выхаваўчую і ідэалагічную работу ўніверсітэта.

Магу сказаць, што ў гэтых умовах выс­таяць дапамагла выразная, аператыўна даведзеная да калектыву пазіцыя топ-менедж­менту ўніверсітэта. Не ўзнікла пытання “А што думаюць у рэктараце?”. Было зразумела ШТО.

Потым мы разумелі, што моладзі патрэбны эмоцыі. Мы далі студэнтам эмоцыі і пляцоўкі для іх рэалізацыі, але пад нашым кантролем. Гэта дазволіла з’яднаць і падтрымаць маладзёжны актыў.

Так, напрыклад, са студзеня 2020 года была сфарміравана такая пляцоўка рэальных зносін — школа лідараў “Машэраўцы”.

Мы разумелі, што без новага інструментарыю, новых падыходаў да работы, а можа, і выкарыстання добра забытых старых, зрабіць найважнейшую работу эфектыўна было б немагчыма.

Нашы “машэраўцы” — пастаянныя арганізатары і ўдзельнікі патрыятычных, валанцёрскіх, культурна-адпачынкавых і спартыўных мерапрыемстваў. Яны паспелі прыняць удзел у 62 мерапрыемствах (акцыі, паходы, конкурсы).

Важны аспект — цеснае ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі ўніверсітэта (6 пярвічных арганізацый грамадскіх аб’яднанняў). Галоўная задача — не пакінуць вольнага часу і выхаваць. Узнагароды ўніверсітэту ад БСЖ, Чырвонага Крыжа, БРСМ — вынік эфектыўнага ўзаемадзеяння. Ва ўніверсітэце створаны валанцёрскі цэнтр, які каардынуе дзейнасць 8 валанцёрскіх фарміраванняў.

Найважнейшую ролю ва ўсіх аспектах дзейнасці адыгрывае карпаратыўная медыя­прастора. Універсітэт спазнаецца ва ўсім спектры сацыяльных сетак. Медыяпрастора ВДУ — гэта не толькі сайт і газета, але і сваё ТБ, і інтэрнэт-часопіс. Дзякуючы гэтаму, былі рэалізаваны ўсе запланаваныя праек­ты толькі ў новым фармаце. За год універсітэт арганізаваў і прыняў удзел больш чым у 240 мерапрыемствах рознага ўзроўню.

Паспяховасць работы карпаратыўнай медыяпрасторы пацвярджаецца шматлікімі перамогамі.

Найважнейшай задачай нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2030 года з’яўляецца фарміраванне “моцных рэгіёнаў”. Універсітэт Машэрава гатовы ўключыцца ў гэтую работу і бачыць сваёй асноўнай задачай забеспячэнне якаснага ўзроўню адукацыі для ўсёй моладзі рэгіёна і замацавання яе на месцах.

Валянціна БАГАТЫРОВА,
рэктар ВДУ імя П.М.Машэрава.