Універсітэт роўных

Менавіта так называлася трэцяя лідарская змена ў аздараўленчым лагеры “Свіцязь” у Навагрудскім раёне.

Змена “Універсітэт роўных” была арганізавана для дзяцей, якія зарэкамендавалі сябе як матываваныя і мэтанакіраваныя лідары ў сваіх установах адукацыі. Асноўная яе мэта — стварэнне ўмоў для фарміравання лідарскай і арганізатарскай культуры дзяцей як элемента базавай культуры асобы і фактару паспяховай рэалізацыі гэтай асобы як грамадзяніна.

Гульнявая ідэя змены заключалася ў тым, што выхаванцы аздараўленчага лагера “Свіцязь” становяцца навучэнцамі Універсітэта роўных, дзе атрымліваюць неабходны вопыт і веды ў сферы лідарства.

Самаадукацыі ўдзельнікаў змены садзейнічала даследчая дзейнасць. Сістэма самакіравання “Савет роўных” была распрацавана з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей. Асноўнае яе прызначэнне — арганізацыя жыццядзейнасці дзяцей з улікам іх інтарэсаў і патрабаванняў, стварэнне ўмоў для развіцця і праяўлення дзіцячай ініцыятывы.

Шмат цікавых спраў і мерапрыемстваў прайшло за змену па самых разнастайных кірунках: ток-шоу “Пакаленне ХХІ стагоддзя”, спартландыі, спартакіяды, марафон салідарнасці, шоу-праграма “Міс Свіцязь”, мультыпарк “Творчасць і прагрэс”, а пенная вечарына “Новы год на Свіцязі” у канцы змены пакарыла ўсіх!

У выніку ўдзельнікі змены “Універсітэт роўных” змаглі атрымаць і сістэматызаваць веды, уменні і навыкі ў галіне арганізацыйнай і камунікатыўнай дзейнасці, развіць лідарскія якасці і цудоўна адпачыць!

Святлана ЗАЙКО,
педагог-арганізатар.