Універсітэцкая навука зноў на вышыні

- 10:43Навука і інавацыі

У Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях падвялі вынікі Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў.

Шэсць з дванаццаці праектаў, адзначаных прэміямі і прызамі конкурсу, належаць прадстаўнікам універсітэцкай навукі — вучоным з БДУ, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі. Галоўны прыз у намінацыі “Лепшы інавацыйны праект” атрымала Яўгенія Лісіца і калектыў аўтараў з БДУ за распрацоўку “Праграмны пакет CellDataMiner для аналізу выяў ракавых клетак”.
Як паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, у 2014 годзе на конкурс была пададзена рэкордная колькасць заяў — 164. Большасць праектаў — у галіне экалогіі і рацыянальнага прыродакарыстання, праблем будаўніцтва і энергетыкі, IT-тэхналогій, аховы здароўя і сацыяльна-эканамічных праблем.
Па выніках экспертызы, у фінал конкурсу прайшло 30 праектаў (14 — у намінацыі “Лепшы інавацыйны праект” і 16 — у намінацыі “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект”). Пасля іх абароны на пасяджэнні савета конкурсу ў кожнай намінацыі абраны 1 пераможца і 5 прызёраў (па 2 праекты атрымалі 2 месца, па 3 праекты — 3 месца).
Аляксандр Шумілін паведаміў, што ў 2014 годзе ў Палажэнне аб Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў былі ўнесены істотныя змены. Па сутнасці, ён стаў галоўным рэспубліканскім конкурсам па выяўленні і прасоўванні маладых, таленавітых, перспектыўных спецыялістаў. Уведзены дадатковы этап, які дазваляе прыцягнуць пераможцаў іншых рэспубліканскіх маладзёжных конкурсаў, што праводзяцца Міністэрствам адукацыі, Нацыянальнай акадэміяй навук, іншымі органамі дзяржаўнага кіравання, Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. Пашырана колькасць пераможцаў і прызёраў конкурсу, павялічаны памер грашовага ўзнагароджання.
Адзначыўшы высокі ўзровень і значнасць прадстаўленых на конкурс распрацовак, савет конкурсу прыняў рашэнне аб заснаванні спецыяльнай намінацыі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях. У гэтай намінацыі дыпломамі ДКНТ былі адзначаны ўсе фіналісты конкурсу. Дадатковыя прызы для аўтараў найбольш значных праектаў падрыхтавалі таксама Міністэрства адукацыі, Нацыянальная акадэмія навук і Мінскі гарадскі тэхнапарк.

Галіна СІДАРОВІЧ.