Універсітэцкі сенат

- 16:00Суразмоўца

З 2012 года ­ў Беларускім дзяржаўным універсітэце дзейнічае Прафесарскі сход, які аб’ядноўвае найбольш дасведчаных і аўтарытэтных супрацоўнікаў.
Пра самую ўплывовую арганізацыю БДУ расказвае яе старшыня, доктар філасофскіх навук, прафесар Анатоль ЗЕЛЯНКОЎ.

Як праяўляецца сінергія

— Прафесарскі сход БДУ аб’ядноўвае каля 300 прафесараў, дактароў навук. Гэта своеасаблівы акадэмічны сенат. Анатоль Ізотавіч, якія задачы ставіць перад сабой і вырашае ваша арганізацыя?

— Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — безумоўны флагман у адукацыі нашай краіны. Ён уваходзіць у 1% лепшых універсітэтаў свету і адзіны ў Беларусі, дзе працуе так многа прафесараў і дактароў навук. Прафесарская карпарацыя — гэта не толькі важная частка ўніверсітэцкага калектыву, якая валодае высокім прафесійным патэнцыялам і маральным аўтарытэтам, але і найважнейшы складнік інтэлектуальнага капіталу нацыі.

Адной з найважнейшых задач Прафесарскага сходу з’яўляецца забеспячэнне масавай і ў той жа час якаснай вышэйшай адукацыі ў нашым універсітэце. Усё, што са­дзейнічае паспяховаму вырашэнню гэтай задачы, так ці інакш уваходзіць у сферу цікавасці і адказнасці Прафесарскага сходу.

Члены аб’яднання на экспертным узроўні ўдзельнічаюць у абмеркаванні і вырашэнні такіх задач, як аптымізацыя тэхналогій кіравання і кіраўніцкіх структур у БДУ, інфарматызацыя і лічбавізацыя вучэбнага працэсу, узаема­дзеянне з даследчымі ўстановамі НАН Беларусі, а таксама з замежнымі ўніверсітэтамі, сацыяльная абарона і падтрымка прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ і інш.

— Універсітэт моцны сваёй прафесурай. Але адна справа, калі кожны працуе на сваёй кафедры, і зусім іншая — аб’яднанне для нейкіх агульных мэт. Як праяўляецца сінергія? У чым галоўная сіла інтэлектуальнага ўзаемадзеяння прафесараў?

— Сама ідэя стварэння ва ўніверсітэце асобага карпаратыўнага аб’яднання, якое ўключае найбольш аўтарытэтных прафесараў, не новая. Такія аб’яднанні існавалі ў многіх класічных універсітэтах мінулага, функцыянуюць яны і ў сучасных універсітэтах. Варта, аднак, падкрэсліць, што ў цяперашняй сітуацыі неабход­насць стварэння такіх карпаратыўных аб’яднанняў абумоўлена новымі, прынцыпова важнымі абставінамі.

Сучаснае грамадства і сістэма адукацыі сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнымі выклікамі і глабальнымі праблемамі. Паспяхова вырашаць іх старымі фармальна-бюракратычнымі метадамі і сродкамі ўжо немагчыма. Справа ў тым, што сучасны студэнт, а ў будучыні спецыяліст павінен не проста авалодаць фіксаванай сукупнасцю вузкапрафесійных ведаў і навыкаў, але і ўсвядоміць магчымыя сацыяльныя наступствы прынятых ім рашэнняў. Дабіцца гэтага можна толькі пры ўмове адпаведнай падрыхтоўкі студэнта, у працэсе якой ён атрымлівае адукацыю ў парадыгме не толькі рамяства, але і інтэлекту. І тут не абысціся без разумнага аб’яднання тэарэтыкаў і практыкаў, прадстаўнікоў прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных навук, сацыяльных тэхнолагаў і арганізатараў адукацыйнага працэсу з выкладчыкамі і прафесарамі, якія рэальна ўдзельнічаюць у вучэбным працэсе.

Мы спрабуем аператыўна рэагаваць на тыя выклікі і праблемы, якія вельмі шчодра падносіць сучаснае жыццё.

Традыцыйная факультэцка-кафедральная мадэль арганiзацыi вучэбнага працэсу не можа гарантаваць такога міждысцыплінарнага падыходу ў падрыхтоўцы спецыя­ліста заўтрашняга дня. Менавіта таму і неабходна тая сінергія, якая ўзнікае ў выпадку аб’яднання прадстаўнікоў розных напрамкаў: фізікаў і біёлагаў, матэматыкаў і гісторыкаў, географаў і сацыёлагаў, хімікаў і філосафаў і г.д.

Быць гарантам поспеху

— Прафесарскі сход БДУ — адна з самых аўтарытэтных грамадскіх арганізацый універсітэта. Тут сабраліся лю­дзі дасведчаныя, якія крытычна думаюць і заўсёды маюць сваё меркаванне. Як прымаюцца рашэнні? Наколькі пазіцыя Прафесарскага сходу ўплывае на дзей­насць універсітэта?

— Ваша заўвага наконт крытычнага мыслення ў вядомай меры справядлівая. Сапраўды, мы спрабуем аператыўна рэага­ваць на тыя выклікі і праблемы, якія вельмі шчодра падносіць сучаснае жыццё. Гэта і беспрэцэдэнтная камерцыялізацыя вышэйшай адукацыі, зніжэнне ўзроўню пад­рыхтоўкі “студэнтаў-платнікаў”, і бюракратызацыя і неапраўданая цэнтралізацыя адукацыйнай сферы, стварэнне грувасткай і пры гэтым неэфектыўнай фармальнай справаздачнасці, і прыметнае зніжэнне сацыяльнага статусу і папулярнасці навуковага работніка і выкладчыка вышэйшай школы. Усе праблемы і выклікі мы стараемся канструктыўна абмяркоў­ваць, каб знайсці і абгрунтаваць новыя творчыя падыходы калі не да іх вырашэння, то хаця б да мінімізацыі адмоўных наступстваў.

Вядома, Прафесарскі сход — не структура выканаўчай улады, у яго няма адпаведных рэсурсаў і кампетэнцый. Гэта своеасаблівы інстытут грамадзянскай супольнасці ў структуры ўніверсітэта. Асноўная місія Прафесарскага сходу — галосна і пераканаўча інфармаваць кіраўніцтва і найперш рэктара аб актуальных пытаннях універсітэцкага жыцця і перспектыўных напрамках пошуку адказаў на гэтыя пытанні.

Трэба адзначыць, што рэакцыя кіраўніцтва БДУ на нашы звароты і прапановы цалкам пазітыўная і ў пэўнай меры канструктыўная. Даволі яркім прыкладам з’яўляецца тое, што на апошнім справаздачна-выбарным пасяджэнні Прафесарскага сходу з праграмным дакладам выступіў рэктар універсітэта прафесар Андрэй Дзмітрыевіч Кароль. У выкладзенай ім стратэгічнай праграме развіцця БДУ былі і некаторыя нашы прапановы, накіраваныя на тое, каб увасобіць у жыццё сімвалічна значны лозунг БДУ — “Быць гарантам поспеху”.

Дзейнасць Прафесарскага сходу традыцыйна канцэнтруецца на наступных прыярытэтах. Найперш гэта рэгулярныя сустрэчы членаў прэзідыума Прафесарскага сходу з калектывамі прафесараў, членамі саветаў і кіраўніцтвам факультэтаў і іншых структурных падраз­дзяленняў універсітэта. На гэтых сустрэчах, як правіла, у форме вельмі вострых дыскусій абмяркоўваюцца найбольш актуальныя праблемы развіцця ўніверсітэта і ўсёй сістэмы вышэйшай адукацыі, выказваюцца канкрэтныя прапановы па развіцці і аптымізацыі дзейнасці ўніверсітэцкага калектыву.

Яшчэ адна важная частка нашай работы прадугледжвае падрыхтоўку штогадовых аналітычных дакладаў. Праз іх мы інфармуем кіраўніцтва ўніверсітэта аб актуальных праблемах, якія хвалююць не толькі прафесуру ўніверсітэта, але і ўвесь калектыў. Разам з інфармацыйнай часткай стараемся прапаноў­ваць і магчымыя шляхі вырашэння пазначаных праблем з пазіцыі прафесарскай супольнасці БДУ.

Акрамя таго, арганізоўваем сустрэчы вядомых грамадскіх і палітычных дзеячаў, прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва краіны з прафесарскай карпарацыяй універсітэта. Адбылося ўжо некалькі такіх сустрэч, якія пераканаўча паказалі: БДУ рухаецца ў рэчышчы класічных традыцый еўрапейскіх універсітэтаў, у адпаведнасці з якімі дыялог улады і ўніверсітэцкай грамадскасці — абавязковы атрыбут сучасных стандартаў сацыяльнага кіравання і развіцця.

Навука ў асобах

— Нядаўна намаганнямі Прафесарскага сходу выйшла электроннае выданне “Навуковыя школы БДУ ва ўспамінах і разважаннях прафесараў універсітэта”. Яно ахапіла цэлае стагоддзе, і ў ім мы бачым плеяды выбітных вучоных, якія стваралі славу беларускай навуцы. Наколькі моцныя навуковыя школы БДУ сёння? Як працягваецца справа вялікіх папярэднікаў і якія новыя навуковыя школы зараджаюцца ва ўніверсітэце?

— Сапраўды, наш універсітэт святкуе свой 100-гадовы юбілей. Падзея гэтая глыбока сімвалічная і сацыяльна значная, паколькі БДУ — не толькі агульнапрызнаны лідар сучаснай вышэйшай школы, але і нацыянальны набытак нашай краіны. На жаль, вельмі напружаная эпідэмічная сітуацыя не дазволіла ў поўнай меры правесці ўсе запланаваныя юбілейныя мерапрыемствы, аднак усё роўна гэтая выбітная падзея не пакінула абыякавым ніводнага прадстаўніка шматтысячнай сям’і студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў, прафесараў, навукоўцаў і супрацоўнікаў БДУ.

Прафесарскі сход падрыхтаваў да юбілею спецыяльны праект пад назвай “Навуковыя школы БДУ ва ўспамінах і разважаннях прафесараў універсітэта”. Яго першыя вынікі, прадстаўленыя ў артыкулах і эсэ вядомых вучоных БДУ, прысвечаны гісторыі станаўлення і развіцця 14 навуковых школ універсітэта. Аўтары праекта зыходзілі з устаноўкі, што гісторыя навуковага развіцця БДУ — гэта не толькі тэорыі і эксперыменты, канцэпцыі і законы. Гэта і гісторыя людзей — творцаў гэтых навуковых дасягненняў, гэта традыцыі і школы, іх стваральнікі і лідары, гэта адвечны творчы дыялог настаўніка і вучня. Таму рэфрэнам многіх нарысаў і эсэ з’яўляецца менавіта такі падкрэслена асобасны погляд на гісторыю навуковых школ БДУ. Дарэчы, усе матэрыялы размешчаны на старонцы Прафесарскага сходу сайта БДУ.

Мы разглядаем гэты праект як зыходны пункт і пачатковую фазу вялікай работы па ўзнаўленні гісторыі навуковых школ універсітэта ў іх асобасна-падзейным вымярэнні. Наступным этапам стане падрыхтоўка пашыранага варыянта кнігі, якая выйдзе ў традыцыйным друкарскім афармленні.

Без эфектыўнага ўзаемадзеяння і пастаяннага дыялогу старэйшага і малодшага пакаленняў як у навуцы, так і ў адукацыі не будзе паспяхова вырашана ні адна сучасная праблема.

Работа над праектам дазволіла нам у поўнай меры ўсвядоміць значнасць навуковых традыцый і пераемнасці ў развіцці сучаснага навуковага патэнцыялу ўніверсітэта. Без стварэння эфектыўнай сістэмы ўзаемадзеяння і пастаяннага дыялогу старэйшага і малодшага пакаленняў як у навуцы, так і ў адукацыі не будзе паспяхова вырашана ні адна сучасная праблема. І тут вельмі важна, з аднаго боку, захаваць навуковыя школы, якія былі сфарміраваны ў БДУ ў папярэднія гады, а з другога — максімальна прыцягнуць у навуку маладых даследчыкаў і забяспечыць прыярытэтнае развіццё найноўшых напрамкаў навукі і тэхналогій. Задача гэтая не лакальная, характэрная толькі для нашага ўніверсітэта. Яна но­сіць, сапраўды, глабальны характар. Сёння вядучыя ўніверсітэты і сусветныя навукова-даследчыя цэнтры шукаюць шляхі яе вырашэння.

Тым не менш, на аснове напрацаваных традыцый у БДУ сёння прадстаўлены самыя актуальныя напрамкі навуковых даследаванняў. Гэта ў тым ліку даследаванні ў галіне ядзернай фізікі, арганічнай хіміі, нана-, бія-, інфармацыйных тэхналогій. Распрацоўкі ў сучасных сацыяльна-гуманітарных навуках арыентаваны на абгрунтаванне суверэннага статусу нашай дзяржавы, яе культуры, звычаяў і этнічных традыцый.

Напрыканцы хачу яшчэ раз павіншаваць родны ўніверсітэт са стагадовым юбілеем. Жадаю яму поспехаў і росквіту ў наступным стагоддзі на карысць беларускай навукі, адукацыі, культуры.

Інтэрв’ю ўзяла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУ
.