Універсіяда ў Славакіі пачалася!

- 13:46Спартыўныя падзеі

Cусветная зімняя ўніверсіяда-2015 пачалася ў славацкіх гарадах Штрэбске Плеса і Осрблі. У суботу адбылася цырымонія яе адкрыцця, а з нядзелі пачаліся першыя спаборніцтвы. Адметнасцю гэтай універсіяды з’яўляецца яе правядзенне ў дзвюх краінах. 4 лютага стартуюць спаборніцтвы ў іспанскай Гранадзе, а таксама ў яе ваколіцах — на гарналыжным курорце Сьера-Нявада.

У 2009 годзе іспанскі горад Гранада аказаўся адзіным, які падаў заяўку на правядзенне ўніверсіяды. Заяўка была пацверджана, аднак у чэрвені 2014 года FISU (Міжнародная федэрацыя ўніверсітэцкага спорту) прыняла рашэнне перанесці спаборніцтвы па лыжным дваяборстве, лыжных гонках, скачках з трампліна і біятлоне ў Славакію. Іспанія прыме турніры па гарналыжным спорце, кёрлінгу, сноўбордзе і фрыстайле, фігурным катанні, хакеі, шорт-трэку.
Беларусь прадстаўляюць на ўніверсіядзе 16 спартсменаў у 6 відах спорту. Максім Раманоўскі, Аляксей Абромчык і Алена Луцыковіч будуць змагацца за ўзнагароды ў біятлоне. У гарналыжным спорце мы зможам пахварэць за Юрыя Данілачкіна, Данііла Чэрціна і Марыю Шканаву, якая, дарэчы, з’яўляецца ўладальніцай бронзавага медаля папярэдняй Сусветнай зімняй універсіяды (Трэнціна, Італія). У лыжных гонках ад нашай краіны стартуюць Павел Маруга і Яна Граковіч, у скачках з трампліна — Аляксей Муравіцкі. Павел Ігнаценка, Антон Карпук і Хрысціна Захаранка выступяць у адзіночным фігурным катанні, сярод пар мы зможам убачыць беларусаў Марыю Палякову і Мікіту Бачкова. У фрыстайле чакаем выступлення Аляксандра Наканечнага і Сяргея Мазалеўскага.
Усяго на ўніверсіядзе пройдуць спаборніцтвы ў 11 відах спорту, у якіх прымуць удзел больш за 1500 спартсменаў з 43 краін. Будуць разыграны 69 камплектаў медалёў.
Трэба адзначыць, што зімовыя віды спорту менш паспяховыя для Беларусі, чым летнія. Сусветная зімняя ўніверсіяда-2013 у італьянскім горадзе Трэнціна прынесла нашай камандзе дзве ўзнагароды: гарналыжную “бронзу” Марыі Шканавай і “серабро” Міхаіла Сямёнава ў лыжных гонках. Такім чынам, наша невялікая краіна заняла 22 месца сярод прадстаўленых 50 краін. Сусветная летняя ўніверсіяда, якая прайшла ў 2013 годзе ў Казані, прынесла Беларусі 40 медалёў і 5 (!) месца ў агульнакамандным заліку.
Будзем чакаць зімовых поспехаў у славацкіх Татрах.

Наталля АЛЁХІНА.