УНІВЕРСІЯДА — зыходны пункт для будучых перамог

- 12:16Актуально
Трыумфатары сусветнай летняй Універсіяды, якая з 6 па 17 ліпеня праходзіла ў Казані, сабраліся днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы, дзе праходзіла іх урачыстае ўганараванне. Беларуская каманда здзейсніла сапраўдны прарыў у айчынным студэнцкім спорце, заваяваўшы 40 медалёў і заняўшы 5 месца сярод 160 краін-удзельніц. Беларусь прапусціла наперад толькі такіх гігантаў, як Расія, Кітай, Японія і Карэя.Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, памочнік прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў, а таксама прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, трэнеры.

“Мы вельмі спадзяваліся, што каманда на Універсіядзе выступіць годна, — адзначыў у сваім выступленні Анатоль Тозік, — ну хаця б не горш, чым на Універсіядзе ў Пекіне, дзе нашы спартсмены заваявалі 17 медалёў. Аднак на 40 медалёў, прызнаюся шчыра, мы ніяк не разлічвалі. Гэта значны рывок наперад. Мы ганарымся гэтым вынікам і, канечне, людзьмі, якія яго дасягнулі. Мы яшчэ раз пацвердзілі статус Беларусі як спартыўнай краіны, прадэманстраваўшы, што ў нас ёсць студэнцкі спорт, які развіваецца ў правільным кірунку”.
Віцэ-прэм’ер выказаў словы падзякі ўсім, хто зрабіў уклад у падрыхтоўку беларускай каманды, падкрэсліўшы пры гэтым, што дасягненні ў Казані сталі магчымымі дзякуючы напружанай рабоце многіх людзей, якія праявілі настойлівасць і імкненне да перамогі. У выніку мы маем лепшае выступленне ў гісторыі суверэннай Беларусі! Разам з тым Анатоль Тозік выказаў спадзяванне, што апошняя летняя Універсіяда стане зыходным пунктам для будучых перамог і не толькі на студэнцкіх гульнях.
“Калі з такім уздымам, з такім настроем мы будзем ісці да галоўных стартаў чатырохгоддзя, да Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра, я думаю, што адтуль наша каманда зможа вярнуцца з такімі ж радаснымі адчуваннямі”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, які падчас Універсіяды падтрымліваў нашых студэнтаў-спартсменаў у Казані, расказаў пра ўласныя ўражанні ад іх выступленняў у сталіцы Татарстана. Ён узгадаў прыгожыя і моцныя выступленні беларускіх атлетаў: “Я вельмі ўдзячны спартсменам за тое, што яны падышлі да гэтых спаборніцтваў як да галоўных на той момант стартаў у сваім жыцці. Адчувалася іх неверагодная падтрымка ў адносінах адно да аднаго. Шмат прыемных момантаў было звязана з веславаннем на байдарках і каноэ. Я бачыў, што ў нас ёсць моладзь, якая па-сапраўднаму хварэе за краіну. Такія перамогі для нас вельмі важныя!”
Сяргей Маскевіч нагадаў, што сістэма адукацыі па-ранейшаму гатова аказваць падтрымку студэнтам-спартсменам, ствараць для іх індывідуальныя ўмовы атрымання адукацыі, у тым ліку і пры дапамозе відэалекцый.
Далей на святочную сцэну выйшлі тыя, для каго сусветная летняя Універсіяда стала надзвычай паспяховай. Байдарачніца Марына Літвінчук прынесла ў скарбонку беларускай каманды адразу 4 залатыя медалі: у байдарцы-адзіночцы на дыстанцыі 500 м, у складзе двойкі на дыстанцыі 200 м, а таксама ў складзе чацвёрак на дыстанцыях 200 і 500 м.
Увогуле беларуская жаночая каманда па веславанні на байдарках і каноэ была прызнана лепшай з каманд — удзельніц Універсіяды. Вольга Худзенка заваявала 3 залатыя медалі, Маргарыта Цішкевіч — 2 залатыя і 1 сярэбраны медаль, Надзея Папок — 2 залатыя медалі.
Аляксандра Герасіменя не толькі заваявала 3 залатыя і 1 сярэбраны медаль на сваёй апошняй Універсіядзе (сёлета Аляксандра скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. — Заўвага аўт.), але і ўстанавіла некалькі рэкордаў. Усяго беларускія плыўцы заваявалі ў Казані 6 медалёў (4 залатыя і 2 сярэбраныя), паказаўшы лепшы вынік за ўсю гісторыю беларускага студэнцкага спорту. Разам з “залатой рыбкай” медалі ў скарбонку каманды прынёс плывец Яўген Цуркін.
Свой высокі ўзровень у Казані прадэманстравалі і весляры, самбісты і дзюдаісты, тэнісісты, барцы на паясах, баксёры і інш. Усяго Беларусь на сусветных летніх студэнцкіх гульнях прадстаўлялі 163 спартсмены ў 17 відах спорту. Гэта была самая шматлікая дэлегацыя беларускіх спартсменаў за ўвесь час удзелу нашай краіны ва ўнівер-сіядах.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Віктара АЎЧАРОВА.