Унукі па перапісцы

- 9:36Выхаванне

Неяк раніцай выхаванка Гомельскага дзіцячага дома Вераніка Кудрыс прачнулася знакамітасцю, стаўшы гераіняй тэлевізійных рэпартажаў і матэрыялаў газет. Невялічкая акцыя, якую аднойчы задумала дзяўчынка, перарасла ў цікавы рэгіянальны праект пад назвай “Унукі па перапісцы”.

Сутнасць акцыі заключаецца ў пісьмах, якія дзеці пішуць адзінокім бабулям, дзядулям і тым, хто пражывае ў дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў.

“Унукі па перапісцы”, па сутнасці, з’ява не новая, у многіх краінах праекты накшталт гэтага даўно сталі добрай традыцыяй, якая дазваляе адзінокім людзям адчуваць радасць зносін і сяброўства. Таму ідэя Веранікі хутка была падхоплена і выведзена на абласны ўзровень. Падобны праект дае магчымасць не толькі звярнуць увагу на праблему адзінокіх састарэлых людзей, але і служыць выхаванню падрастаючага пакалення.

Старт сацыяльнаму праекту далі актывісты валанцёрскага атрада “Рэха” пярвічнай арганізацыі БРСМ Гомельскага дзіцячага дома пры падтрымцы абласнога камітэта маладзёжнай арганізацыі. На мінулым тыдні атрадаўцы наведалі сваіх старэйшых сяброў па перапісцы з Дуянаўскага дома-інтэрната, што ў Гомельскім раёне, з якімі абменьваліся пісьмамі ўжо на працягу некалькіх гадоў. Першая сустрэча аказалася цікавай і змястоўнай: дзеці шмат гутарылі і ўспаміналі розныя моманты з жыцця, якімі дзяліліся падчас перапіскі. Многія жыхары дома-інтэрната прынеслі пісьмы на гэтую сустрэчу. Здавалася, яны памятаюць кожны радок, напісаны “ўнукамі”.

У аўтара акцыі Веранікі Кудрыс у Дуянаўскім доме-інтэрнаце цяпер ёсць дзядуля Анатоль Пракопавіч. “Гэтыя пісьмы дарагія таму, што ў іх пачуцці, эмоцыі і, калі ты чытаеш радок за радком, яны перадаюцца і табе”, — дзеліцца ён. У другой выхаванкі дзіцячага дома, сямігадовай Розы, у доме-інтэрнаце зараз — два блізкія чалавекі. Дзяўчынка сустрэлася са сваім названым дзядулем і вельмі пасябравала з 40-гадовым інтэрнацкім жыхаром з абмежаванымі магчымасцямі.

Арганізатары плануюць распаўсюдзіць гэты рух ва ўсёй Гомельскай вобласці. Упор робіцца на моладзь, але стаць удзельнікамі сацыяльнага праекта могуць усе жадаючыя.

Першая сустрэча сяброў па перапісцы прынесла мноства эмоцый як дзецям, так і дарослым. Малодшае пакаленне, дарэчы, прыехала не з пустымі рукамі. Актывісты валанцёрскага атрада “Рэха” прывезлі з сабой пісьмы ад іншых выхаванцаў дзіцячага дома і падрыхтавалі невялічкі канцэрт. Завяршылася сустрэча сумесным чаяваннем. Развітваючыся, пажылыя людзі і дзеці выказалі надзею на хуткую чарговую сустрэчу, якая запланавана ў снежні.

Наталля ЛУТЧАНКА.