Унутраная матывацыя і ІКТ

- 11:27Портфолио

Колькасць інфармацыі няўхільна павялічваецца, а яе структура ўскладняецца. Гэта прыводзіць да змен у мэтах і задачах адукацыі. Вучні асвойваюць новыя навыкі, што прымушае настаўнікаў не столькі ісці ў нагу з часам, колькі апярэджваць яго. На дапамогу прыходзяць ІКТ.

Высокі ўзровень пазнавальнай актыўнасці школьнікаў — абавязковая ўмова паспяховага навучання. Працуючы ў розных класах, магу параўнаць цікавасць да англійскай мовы ў малодшых вучняў і старэйшых. Сітуацыя ўскладняецца тым, што англійская мова вывучаецца ў гімназіі на павышаным узроўні. Нягледзячы на педагагічную падтрымку, дзеці сутыкаюцца з цяжкасцямі адаптацыйнага перыяду і эмацыянальным дыскамфортам. У выніку зніжаецца матывацыя. Гэта патрабуе пошуку такіх прыёмаў работы, якія павышаюць якасць матэрыялу, станоўча ўплываюць на інтэнсіўнасць увагі, актывізуюць пазнавальную дзейнасць школьнікаў з розным узроўнем навучанасці. 

Матывацыя бывае знешняй і ўнутранай. Мая задача — стварыць умовы для развіцця ўнутранай матывацыі дзяцей. Для гэтага мяняю формы навучання і віды дзейнасці ў рамках аднаго ўрока, арганізую самастойныя творчыя работы з выхадам у інфармацыйную прастору. Актыўна звяртаюся да матэрыялаў сайтаў e-vedy.adu.by, learning-planet.com, britishcouncil.org, englishforkids.com, esl-lab.com, app.wisemapping.com і generator-online.com, а таксама да матэрыялаў, створаных з дапамогай сэрвісаў Web 2.0: WordArt.com, LearningApps.org, Classtools.net, qr-code-generator.com і інш. Так, вывучаючы тэму World of hobbies у 5—6 класах, прапаную злучыць словы з іх значэннямі з дапамогай канструктара LearningApps.org.

Гэты сэрвіс дазваляе стварыць групу My Class, дзякуючы чаму можна выкарыстоўваць заданні не толькі на ўроках, але і дома, адсочваць парадак, якасць і тэрміны выканання практыкаванняў. Такая работа носіць не толькі матывацыйны, але і карэкцыйны характар.

Прапаную вучням дапоўніць свет хобі падчас гульні Dustbin Game, створанай анлайн з дапамогай канструктара сэрвісу Web 2.0 Classtools.net.

Гэта дазваляе актывізаваць пазнавальную дзейнасць школьнікаў з розным узроўнем навучанасці. Працуючы па гэтай тэме, звяртаюся да відэахостынгу YouTube, дзе можна паглядзець адпаведныя відэаролікі. Галоўнае — якасны адбор неабходнага матэрыялу, які адпавядае вучэбнай праграме. 

У рамках вывучэння тэм Bells and breaks, Nature wonders, Reading is fun, Shopping, Travelling, In the city і Be healthy ў 5—7 класах прапаную вучням адказаць на пэўныя пытанні па групах, куды ўваходзяць дзеці з розным узроўнем падрыхтоўкі. Пытанні выпадаюць у адвольным парадку на коле Random-name-sticker, створаным на платформе Classtools.net. Такім чынам, удзельнікі ўсіх груп адчуваюць адказнасць не толькі за вынікі ўласнай, але і каманднай работы, што павышае ўнутраную матывацыю. 

Для актывізацыі і замацавання лексіка-граматычнага матэрыялу ў якасці дадатковага дапаможніка выкарыстоўваю модулі электронных дадаткаў Spark 1 ieBook і Spark 2 ieBook (аўтар В.Эванс), якія адпавядаюць тэмам і змяшчаюць інтэрактыўныя практыкаванні, гульні і віктарыны. Акрамя таго, у якасці дадатковага дапаможніка для замацавання граматычнага матэрыялу па тэмах Must/have to, The Present Continuous Tense, Some/any/no і Few/a few, little/a little прымяняю Round-up 2 з CD-ROM-дадаткам да падручніка з дадатковымі практыкаваннямі і адказамі да заданняў. З дапамогай Round-up 3 вучні актывізуюць і замацоўваюць матэрыял па тэмах The Present Perfect Tense, Tag questions і Who-questions. Комплекс рознаўзроўневых інтэрактыўных заданняў дазваляе дыферэнцыраваць і індывідуалізаваць навучанне, а наяўнасць не толькі трэніровачных, але і тэставых заданняў — ажыццяўляць кантроль і самакантроль. Усё гэта павышае матывацыю і актывізуе самастойную дзейнасць.

Добра павышае ўнутраную матывацыю сумесная дзейнасць, дзе настаўнік і вучні выступаюць у ролі партнёраў. Вынікам такога супрацоўніцтва з шасцікласнікамі стала электронная гульня, выкананая з дапамогай гульнявога рухавіка Game Maker і накіраваная на актывізацыю лексіка-граматычнага матэрыялу ў рамках тэмы Helping about the house.

Пры вывучэнні краіназнаўчых тэм выкарыстоўваю матэрыялы сайтаў mirzamak.by, niasvizh.by, belarus.by. Інфармацыйна-пошукавыя і інфармацыйна-даведачныя праграмы добра пашыраюць вучнёўскі кругагляд.

Пры навучанні пісьмовай мове прымяняю электронную пошту і аўтарскі блог. Так, пры вывучэнні тэмы Reading у 5—7 класах прапаную напісаць у электронным выглядзе рэкламу любімай кнігі. Атрыманыя тэксты размяшчаюцца ў блогу, дзе вучні каменціруюць работы адно аднаго і вызначаюць лепшыя з іх, аргументуючы выбар.

ІКТ мэтазгодна выкарыстоўваць на розных этапах урока. Так, на этапе мэтапастаноўкі звяртаюся да матэрыялаў, створаных з дапамогай праграмы qr-code-generator.com, дзе вучні самастойна вызначаюць мэту ўрока. На перадтэкставым этапе работы дзеці з дапамогай крыжаванкі, створанай на платформе Сrosswordus.com, здагадваюцца пра змест тэксту, што актывізуе пошукавую дзейнасць. 

Матэрыяльна-тэхнічная база кабінета дазваляе ствараць міні-праекты з дапамогай сэрвісу Сanva.com. Вывучаючы пэўную тэму, дзеці ствараюць постары, брашуры пра папулярныя кнігі, любімых аўтараў і фільмы. Праектная дзейнасць аб’ядноўвае і самаарганізоўвае вучняў.

Эфектыўнасць прымянення ІКТ пацвердзілі дыягнастычныя даследаванні ўзроўню матывацыі вучняў 5—7 класаў, якія паказалі станоўчую дынаміку іх удзелу ў гімназічных мерапрыемствах, праектнай дзейнасці, алімпіядным руху, розных конкурсах. Трэба адзначыць, што гэтыя вынікі назіраюцца толькі ў спалучэнні з традыцыйнымі і сучаснымі метадамі навучання пры належнай ІТ-кампетэнтнасці педагога.

Для актывізацыі і замацавання лексіка-граматычнага матэрыялу ў якасці дадатковага дапаможніка выкарыстоўваю модулі электронных дадаткаў Spark 1 ieBook і Spark 2 ieBook.

Комплекс рознаўзроўневых інтэрактыўных заданняў дазваляе дыферэнцыраваць і індывідуалізаваць навучанне, а наяўнасць не толькі трэніровачных, але і тэставых заданняў — ажыццяўляць кантроль і самакантроль.

Кацярына СКРАБЕЙКА,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Баранавіч.