Упершыню — DeafSkills

На адной пляцоўцы з удзельнікамі рэспубліканскага конкурсу WorldSkills упершыню прэзентавана секцыя DeafSkills для ўдзельнікаў з парушэннямі слыху.

Міжнародная асацыяцыя DeafSkills (DeafSkills International Association) заснавана ў 2015 годзе. Цяпер у гэтым руху задзейнічана больш за 20 краін свету з розных кантынентаў, сярод якіх Расійская Федэрацыя, Казахстан, Мазамбік, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Кітай, Швецыя, ААЭ, Канада, Бразілія і інш. Мэтай гэтай арганізацыі з’яўляецца развіццё прафесійнай адукацыі інвалідаў па слыху, людзей з абмежаванымі магчымасцямі па слыху ва ўсім свеце і іх далейшае працаўладкаванне.

На сёлетнім чэмпіянаце спаборніцтвы для асоб з парушэннямі слыху праходзілі па кампетэнцыях “Тэхналогія моды” і “Web-дызайн і распрацоўка”. У першай кампетэнцыі ўдзельнічалі 5 чалавек, у другой — 6.

Як паведаміла Алена Юр’еўна Фалевіч, начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння агульнай сярэдняй адукацыі ва ўстановах ПТА і ССА і адукацыі асоб з АПФР Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, у спаборніцтве прымалі ўдзел работнікі прадпрыемстваў Беларускага таварыства глухіх і навучэнцы ўстаноў прафесійнай адукацыі. Каб выйсці на рэспубліканскі ўзровень спаборніцтва, усе яны прайшлі адборачныя туры. Напрыклад, сваіх навучэнцаў па кампетэнцыі “Тэхналогія моды” прадставіў Гродзенскі каледж бытавога абслугоўвання насельніцтва, а ў “Web-дызайне і распрацоўцы” выступалі выхаванцы Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі. Заданні конкурсу па абедзвюх кампетэнцыях мелі сваю спецыфіку і былі крыху спрошчаны з улікам асаблівай катэгорыіўдзельнікаў. Дапамагалі канкурсантам перакладчыкі мовы жэстаў.

Прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі DeafSkills Станіслаў Іваноў паведаміў, што пытанні прафесійнай падрыхтоўкі і працаўладкавання людзей з абмежаванымі магчымасцямі па слыху былі і застаюцца вельмі актуальнымі. І гэта пры тым, што большасць такой катэгорыі грамадзян мае творчыя здольнасці і імкнецца праявіць сябе ў той ці і ншай сферы дзейнасці. Менавіта такі рух, як DeafSkills, дазваляе стварыць пляцоўку для самарэалізацыі людзей з абмежаваннямі. Гэты рух падтрымаў Сайман Бартлі, прэзідэнт міжнароднай арганізацыі WorldSkills International. Дзякуючы гэтай падтрымцы, удзельнікі DeafSkills змаглі прысутнічаць на Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills у Абу-Дабі. Была прэзентавана секцыя, дзе канкурсанты з такой катэгорыі насельніцтва дэманстравалі свае ўменні па шэрагу кампетэнцый. І сёлетні нацыянальны чэмпіянат у Мінску — гэта гістарычная падзея для людзей, якія маюць асаблівасці ў развіцці, але якім прадаставілі магчымасць адчуваць сябе роўнымі сярод роўных.

Ала КЛЮЙКО.