Упершыню для двух гарадоў у Беларусі распрацоўваецца адзіны план устойлівай гарадской мабільнасці

Праект ПРААН “Беларусь: падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі” (“Зялёныя гарады”) пераходзіць да стадыі практычнай рэалізацыі запланаваных ініцыятыў у трох пілотных гарадах. Аб гэтым паведаміла кіраўнік праекта Ірына Усава ў прэс-цэнтры БелТА.

Праект ПРААН “Беларусь: падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі” фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў 2016—2021 гадах. Адным з галоўных кампанентаў праекта з’яўляецца рэалізацыя пілотных ініцыятыў па ўстойлівым гарадскім транспарце ў Полацку і Наваполацку і мерапрыемстваў па павышэнні энергаэфектыўнасці ў Навагрудку.

“У 2018 годзе мы рабілі больш упор на тэарэтычны блок праекта. Таму што падыходы ў фарміраванні гарадскіх тэрыторый — гэта аснова. Эксперты прааналізавалі існуючыя сусветныя практыкі і распрацавалі рэкамендацыі на нацыянальным узроўні. Падрыхтавалі аналітычныя агляды, якія ўключаюць пашпарты, профілі і звесткі аб стане пілотных гарадоў па 10 асноўных кампанентах. Для ўсіх трох распрацаваны і планы зялёнага горадабудаўніцтва — пакрокавыя стратэгіі па дасягненні жаданага стану горада. Створаны каардынацыйныя групы па рэалізацыі праекта. Шмат увагі ўдзялялася ўключэнню насельніцтва ў абмеркаванне ініцыятыў. Праведзены апытанні для выяўлення праблем, на якія паказалі самі жыхары, — адзначыла Ірына Усава. — Цяпер мы пераходзім да практычнай часткі і маніторынгу, які дасць магчымасць па кожным запланаваным мерапрыемстве адказаць на шэраг пытанняў: што гэта дасць гораду, колькі будзе каштаваць, як гэта дазволіць знізіць выкіды СО2, наколькі рашэнне ўпісваецца ў рамкі нацыянальнага заканадаўства і інш. Важным момантам стане і вызначэнне крыніц фінансавання”.

Акрамя таго, завершана распрацоўка тэхніка-эканамічных абгрунтаванняў, якая дапаможа зразумець, якія тэхналогіі можна прымяняць у пілотных гарадах для большага эфекту. Падрыхтавана серыя адкрытых картаграфічных матэрыялаў, якая ўключае даныя па стане жыллёвага фонду, якасці забудовы, размеркаванні шчыльнасці насельніцтва (упершыню для гарадоў Беларусі), зялёных тэрыторый, даступнасці прыпынкаў грамадскага транспарту і іншых аб’ектаў гарадской інфраструктуры (усяго 20 электронных карт для кожнага пілотнага горада, размяшчэнне якіх плануецца ў адкрытым доступе).

Гаворачы аб прыкладах далейшай рэалізацыі праекта, Ірына Усава паведаміла, што ў Полацку і Наваполацку, дзе зроблены акцэнт на гарадской мабільнасці, ужо завяршаецца падрыхтоўка тэхнічнага задання і хутка будзе праведзены тэндар на стварэнне праектна-каштарыснай дакументацыі па будаўніцтве веладарожкі, якая звяжа два гарады. Да гэтага былі разгледжаны розныя варыянты маршрутаў, у выніку выбраны аптымальны, які пралягае праз вёску Экімань. Плануецца развіваць веласіпедную інфраструктуру Полацка і Наваполацка ў цэлым: веладарожкі, велапаркоўкі, велакафэ, рамонтныя майстэрні і пункты пракату. Таксама праектам запланаваны замена прыпынкаў грамадскага транспарту, устаноўка інфармацыйных табло, укараненне сістэмы адаптыўнага кіравання для сінхранізацыі сігналаў святлафораў. І ўпершыню для двух гарадоў у Беларусі распрацоўваецца адзіны план устойлівай гарадской мабільнасці. Гэтым займаецца каардынацыйная група. План дазволіць Полацку і Наваполацку разам вырашаць рэгіянальныя праблемы запатрабаванасці грамадскага транспарту, перагружанасці дарог з-за празмернага выкарыстання асабістых аўтамабіляў.

У Навагрудку запланаваны мерапрыемствы па павышэнні энергаэфектыўнасці: замена неэфектыўных сістэм вулічнага асвятлення разумнымі святлодыёднымі свяцільнямі і ўкараненне сістэмы інтэлектуальнага ўліку энергарэсурсаў на аб’ектах жылога фонду. Сістэмы кантролю вулічнага асвятлення ўлічваюць наяўнасць або адсутнасць людзей, транспарту, асветленасць і час сутак, тым самым эканомячы электраэнергію і грошы.