Аб новаўвядзеннях і ключавых аспектах новага Палажэння аб цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, якое ўступіць у сілу 1 верасня 2025 года, з пункту гледжання яго практычнага прымянення расказала Ганна Кавалёва, дырэктар ЦКРНіР Полацкага раёна, член Савета кіраўнікоў устаноў спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У новым палажэнні зроблены акцэнт на сістэмнай псіхолага-медыка-педагагічнай дапамозе асобам з АПФР. У яе ўваходзіць ранняя дапамога дзецям да 3 гадоў, што асабліва важна для своечасовай карэкцыі і адаптацыі. Прадугледжана падтрымка сем’яў: кансультацыі для бацькоў, тлумачэнне адукацыйных магчымасцей і сацыялізацыі. Пашыраецца і дыягностыка.
— Палажэннем упершыню ўведзена магчымасць абследавання ў ЦКРНіР паўналетніх грамадзян з АПФР, — гаворыць Ганна Сяргееўна. — І гэта вельмі важна, бо для маладых людзей, якія плануюць працягваць навучанне (многія з іх дасягаюць 18 гадоў яшчэ ў школе), павінны быць прадугледжаны спецыяльныя ўмовы ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Калі медыцынскія камісіі даюць адпаведныя заключэнні зыходзячы з медыцынскіх паказанняў, то пытанні стварэння спецыяльных умоў ва ўстановах адукацыі будуць вызначацца спецыялістамі псіхолага-медыка-педагагічных камісій ЦКРНіР. Маючы на руках заключэнне карэкцыйнага цэнтра, асоба з асаблівасцямі развіцця зможа прэтэндаваць на ўмовы, якія будуць ёй рэкамендаваны ў рамках праходжання камісіі. Прапісваючы адукацыйны маршрут, вызначаючы ўмовы навучання ў той ці іншай установе адукацыі, мы ўлічваем і магчымасці маладых людзей, і магчымасці ўстановы.
Больш празрыстыя і стандартызаваныя працэдуры ў рабоце ПМПК, прадугледжаныя новым палажэннем, дапамогуць пазбегнуць суб’ектыўнасці ў прыняцці рашэнняў. Выразна рэгламентаваны склад камісіі: у яе павінны ўваходзіць не менш за 4 чалавекі, у тым ліку ўрачы-спецыялісты. Устаноўлены парадак абследавання, уключаючы паўторныя агляды пры змяненні адукацыйнага маршруту. Асаблівая ўвага ўдзелена дзецям з РАС. Для іх вызначана перыядычнасць абследаванняў.
— ЦКРНіР Полацкага раёна даволі вялікі. У склад нашай ПМПК уваходзяць чатыры настаўнікі-дэфектолагі, два педагогі-псіхолагі і штатны ўрач-псіхіятр. Старшынёй камісіі з’яўляюся я як дырэктар цэнтра. Мой намеснік таксама курыруе пытанні работы ПМПК, — тлумачыць Г.Кавалёва. — Пры неабходнасці мы можам прыцягваць у склад сваёй камісіі медыкаў з устаноў аховы здароўя. Што тычыцца парадку абследавання, то тут хачу акцэнтаваць увагу на пытанні правядзення паўторных аглядаў дзіцяці пры змяненні адукацыйнага маршруту. У новым Палажэнні аб ЦКРНіР прапісана, што члены камісіі маюць права адправіць законнага прадстаўніка на паўторны агляд дзіцяці ў медыкаў. Гэта магчыма ў выпадку, калі ў спецыялістаў з’явіліся сумненні пры вызначэнні адукацыйнага маршруту дзіцяці або пры яго змяненні, калі недастаткова звестак, атрыманых аб стане здароўя дзіцяці ад неўролага, псіхіятра або іншых урачоў. Калі ўсе даныя ўдакладнены, дзіця пры неабходнасці адпраўляюць на паўторнае праходжанне камісіі.
Што тычыцца перыядычнасці і формы абследавання, то яны ў дачыненні да кожнага дзіцяці ўстанаўліваюцца індывідуальна з улікам яго адукацыйнай праграмы, узросту, асаблівасцей. Заключэнне цэнтра выдаецца, як правіла, на адзін навучальны год. Але калі, напрыклад, у дзіцяці з РАС на пачатак навучальнага года не было вызначана суправаджэнне выхавальнікам, а на працягу паўгода яго паводзіны змяніліся і спатрэбілася індывідуальнае суправаджэнне, то магчымы перагляд спецыяльных умоў яго навучання. Тое ж самае і ў адваротным выпадку, калі суправаджэнне было, але на працягу года стала зразумела, што дзіця ў ім не мае патрэбы. Перагляд умоў навучання ў рамках ПМПК можа быць прызначаны па ініцыятыве як аднаго з бацькоў, так і ўстановы адукацыі.
Спрошчаны дакументаабарот для бацькоў і законных прадстаўнікоў. Дакладна вызначаны пералік дакументаў для ПМПК. Уведзена магчымасць запыту дадатковых дакументаў у складаных выпадках дыферэнцыяльнай дыягностыкі. Таксама ўзмоцнены механізмы міжведамаснага ўзаемадзеяння з установамі аховы здароўя і сацыяльнымі службамі, што павінна палепшыць каардынацыю ў аказанні дапамогі асобам з АПФР і іх сем’ям.
Дапоўнены пералік дакументаў для ПМПК. У яго ўваходзяць медыцынская даведка, выпіска з адзнакай урача-псіхіятра аб наяўнасці або адсутнасці псіхіятрычнага ўліку, выпіска з медыцынскіх дакументаў ад урача-педыятра ў паліклініцы, педагагічная характарыстыка, копія заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі (пры неабходнасці атрымання надомнага навучання), а таксама копія індывідуальнай праграмы рэабілітацыі (ІПР) пры яе наяўнасці — гэта новы дакумент у гэтым пераліку, і яго атрымліваюць дзеці з інваліднасцю пры праходжанні МРЭК.
— Цяпер мы абавязаны прасіць копію ІПР у бацькоў, таму што з яе мы зразумеем, якія мерапрыемствы, тэхнічныя сродкі згодна з гэтай праграмай вызначаны для кожнага канкрэтнага дзіцяці як у рамках устаноў адукацыі, так і ў рамках устаноў сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, — працягвае Ганна Сяргееўна. — Яшчэ ў бацькоў дзяцей з РАС мы запытваем анкеты (іх копіі), якія запаўняюць медыкі пры вызначэнні сімптаматыкі парушэння. З названага дакумента мы таксама многае разумеем і лішніх пытанняў бацькам не задаём. Што тычыцца відэаматэрыялаў, то і гэты момант замацаваны ў новым палажэнні. Бацькі часта і самі гатовы даць відэаздымкі нейкіх момантаў зносін з дзіцем. Асабліва гэта карысна ў спрэчных сітуацыях, калі, напрыклад, малы трохгадовага ўзросту можа падчас ПМПК адмовіцца размаўляць са спецыялістам.
У новым палажэнні зроблены акцэнт на інклюзіўнай адукацыі, што адпавядае сусветным тэндэнцыям.
— Комплексны падыход у пытаннях аказання дапамогі асобам з АПФР — важны крок да інклюзіўнай адукацыі, ён ахоплівае ўсе ўзроставыя групы і ўзмацняе міжведамаснае ўзаемадзеянне, — падкрэслівае Ганна Кавалёва.
Чаканні апраўдаліся
ЦКРНіР Полацкага раёна на працягу бягучага навучальнага года прымаў удзел у праекце па апрабацыі вучэбнаметадычных матэрыялаў праграмы дадатковай адукацыі “Інфарматыка без разеткі — для кожнага дзіцяці” для дзяцей з РАС ва ўзросце 6—7 гадоў. Праект распрацаваны ПВТ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.
— Для нас удзел у падобнай ініцыятыве — гэта новы вопыт узаемадзеяння з прадстаўнікамі ПВТ у асобе кіраўніка праекта Наталлі Карлюкевіч. Гэта ўмацаванне станоўчага іміджу нашай установы, умова яго развіцця, — адзначыла Марына Смыкава, намеснік дырэктара цэнтра. — На базе нашага ЦКРНіР дзейнічае рэсурсны цэнтр па рабоце з дзецьмі з РАС, што дазволіла далучыць да ўдзелу ў праекце дзяцей з рознымі парушэннямі: інтэлектуальнай недастатковасцю, цяжкасцямі ў навучанні і парушэннямі маўлення. Гэта былі два навучэнцы нашага цэнтра і адзін выхаванец дзіцячага сада № 14 Полацка, які займаецца па праграме спецыяльнай адукацыі для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. З імі працавалі педагогі цэнтра — выхавальніца Таццяна Тарасевіч і настаўнікі-дэфектолагі Ніна Серафімава і Кацярына Шаўлюга. Для іх гэта быў станоўчы практычны вопыт узаемадзеяння з выхаванцамі з РАС.
Педагогі прайшлі падрыхтоўку на адукацыйнай платформе ПВТ (вывучылі тэарэтычную частку зместу праграмы з пункту гледжання інфарматыкі), азнаёміліся з метадычнымі рэкамендацыямі па правядзенні гульняў па кожнай з 10 тэм праграмы і прыступілі да апрабацыі дыдактычных гульняў, накіраваных на развіццё лагічнага мыслення і фарміраванне алгарытмічных уменняў у дзяцей без выкарыстання камп’ютара. Гульні размешчаны ў зборніку, які даступны для спампоўвання на сайце ПВТ.
Заняткі арганізоўваліся два разы на тыдзень. Бацькі атрымлівалі рэкамендацыі па правядзенні гульняў дома. Галоўнае чаканне мам і татаў — адукацыйныя дасягненні дзяцей. І яно апраўдалася, пацверджана іх новымі ўменнямі.
— Адным з яркіх дасягненняў выхаванца, з якім я займалася, можна лічыць фарміраванне сэнсавага разумення выбару прадмета па прымеце з часціцай “не”, — сказала выхавальніца Таццяна Тарасевіч. — Ад поўнага неразумення гэтай катэгорыі выказванняў, просьбаў (напрыклад, “Дай не жоўты”, “Дай не круг”) хлопчык перайшоў да разумення адмаўлення простых прымет з часціцай “не”. Да ўсеагульнага здзіўлення, пералік дасягненняў быў працягнуты ўменнем малога вызначаць простыя выказванні, у якіх выкарыстоўваюцца лагічныя сувязі “дакладна/няправільна”, самастойна вызначаць простыя прасторавыя адносіны аб’ектаў, пераносіць гэтыя ўменні ў іншыя гульнявыя і жыццёвыя сітуацыі. Выказванні “дакладна/няправільна” настолькі трывала замацаваліся ў актыўным слоўніку выхаванца, што дома пры складанні карцінкі з пазлаў, калі далучалася не тая частка пазла, ён адвольна вымаўляў: “Не, няправільна” — і падбіраў патрэбную частку пазла.
У 2024/2025 навучальным годзе ПВТ аказаў спонсарскую дапамогу ЦКРНіР Полацкага раёна на набыццё камп’ютарнай тэхнікі. Падзякай былі адзначаны педагогі ўстановы як найбольш актыўныя ўдзельнікі праекта.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота прадастаўлены ўстановай