Упэўнена глядзець у будучыню

- 14:55Планёрка ў рэгіёне

Заканчэнне навучальнага года — час для падвядзення вынікаў і падліку дасягненняў, час для канструктыўнага аналізу і вызначэння новых напрамкаў развіцця. Аб поспехах вучняў і педагогаў раёна, арганізацыі летняй аздараўленчай кампаніі і пытаннях падрыхтоўкі да 1 верасня нашаму карэспандэнту расказвае начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Стаўбцоўскага райвыканкама Людміла Мар’янаўна СТОНЬКА.

— Па выніках 2017 года ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме Стаўбцоўскага райвыканкама заняло 2-е месца ў абласным конкурсе “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” ў намінацыі “Лідар у стварэнні аптымальнага адукацыйнага асяроддзя” ў другой групе. Дзераўнянская сярэдняя школа (дырэктар Марыя Мар’янаўна Шумчык) стала пераможцай гэтага конкурсу ў намінацыі “Лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаная ў сельскай мясцовасці” на рэспубліканскім і абласным -узроўнях. Міністр адукацыі І.В.Карпенка двойчы ўручаў узнагароды гэтай установе адукацыі (дыплом пераможцы конкурсу і сертыфікат на 2 мультыборды падчас рэспубліканскага свята “Апошні званок”). Яслі-сад № 1 Стоўбцаў (загадчык Галіна Аляксандраўна Філіповіч) заняў 2-е месца ў намінацыі “Лепшая ўстанова дашкольнай адукацыі, размешчаная ў гарадской мясцовасці” на абласным узроўні конкурсу.

2017 год стаў знамянальным для Стаўбцоўскага раёна, а менавіта для дашкольнікаў і іх бацькоў. У горадзе адкрыты новы сучасны дзіцячы сад на 230 месцаў, што дазволіла выканаць дзяржаўныя стандарты па ахопе дзяцей дашкольнай адукацыяй.

Сёлета закончылі навучанне і выхаванне на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі 303 навучэнцы, у тым ліку 21 атрымаў атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым (сярэбраным) медалём, 78 узнагароджаны пахвальным лістом. Завяршылі навучанне і выхаванне на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі 395 навучэнцаў, з іх атрымалі пасведчанне з адзнакай 36. Варта адзначыць, што, па выніках выпускных экзаменаў, вырас паказчык высокага і дастатковага ўзроўняў у параўнанні з мінулым навучальным годам.

Вынікі адукацыі — гэта не толькі лічбы паспяховасці, гэта здольнасць дзіцяці прымяніць атрыманыя веды не толькі на вучэбных занятках, але і прадставіць іх на розных інтэлектуальных спаборніцтвах. У 2018 годзе на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры навучэнец 9 класа сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў Дзмітрый Суднік атрымаў дыплом III ступені (настаўніца Я.Б.Богуш). Па выніках рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў Віталь Цвірка, навучэнец 9 класа Любкаўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, заваяваў дыплом III ступені.

Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі адзначаны навучэнец сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў Павел Каменка і настаўнік інфарматыкі Уладзімір Сяргеевіч Радзівон.

За 2017/2018 навучальны год навучэнцы ўстаноў адукацыі сталі дыпламантамі звыш 60 інтэлектуальных конкурсаў рознага ўзроўню, з іх 8 — міжнароднага, 4 — рэспубліканскага.

— Людміла Мар’янаўна, як арганізавана аздараўленне дзяцей на канікулах?

— Стартам аздараўленчай кампаніі з’яўляецца абласны форум дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў. Сёлета ён праходзіў 28—29 мая пад дэвізам “Справы і ідэі маладых — малой радзіме!”. Вядучымі каштоўнасцямі ва ўмовах арганізацыі адпачынку дзяцей у летні перыяд 2018 года ў Стаўбцоўскім раёне з’яўляецца фізічнае аздараўленне непаўналетніх, захаванне і ўмацаванне эмацыянальна-псіхалагічнага здароўя навучэнцаў, развіццё іх інтэлектуальнай сферы, творчага патэнцыялу.

У летні перыяд ахоп усімі формамі занятасці складзе больш за 4 тысячы навучэнцаў. У межах рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма: эстафета карысных спраў” 1925 дзяцей будуць аздароўлены ў 31 лагеры дзённага знаходжання, 2 стацыянарных

лагерах — імя Я.М.Чайкі і аздараўленчым лагеры “Нёман” (4 змены па напрамках: экалагічнае выхаванне, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, выхаванне культуры здаровага ладу жыцця, развіццё маладзёжных ініцыятыў), 4 дзевяцідзённых профільных лагерах, 1 турыстычна-краязнаўчым палатачным лагеры “Непаседы” на базе Горкаўскай сярэдняй школы. Працоўную занятасць дзяцей будуць забяспечваць 3 лагеры працы і адпачынку на базе ААТ “Агранёманскі”, ААТ “Радзіма Дзяржынскага”, ААТ “Вішнявецкі-агра”. Адкрыць для сябе шмат новага і цікавага хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць у спартыўна-аздараўленчых лагерах на базе ДЮСШ раёна, Заямнаўскай сярэдняй школы, Старасвержанскай сярэдняй школы, Коласаўскай сярэдняй школы, дзе будуць аздароўлены 160 дзяцей.

У Год малой радзімы пры падрыхтоўцы выхаваўчых і забаўляльных мерапрыемстваў будуць праведзены пазнавальныя экскурсіі ў музей Якуба Коласа, на радзіму Ф.Дзяржынскага, музей Вялікай Айчыннай вайны, музей камянёў у Рубяжэвічах, пройдуць Дні беларускай мовы.

— Як будуць павышаць прафесійны ўзровень вашы педагогі ў летні перыяд?

— Адной з галоўных характарыстык дзейнасці педагогаў з’яўляецца матывацыя на пастаяннае павышэнне прафесійнага ўзроўню. Работа з педагагічнымі кадрамі, якую каардынуе раённы вучэбна-метадычны кабінет, ажыццяўляецца ў цеснай сувязі з установамі дадатковай адукацыі дарослых. У летні перыяд 45 педагагічных работнікаў пройдуць павышэнне кваліфікацыі на базе Мінскага абласнога ІРА, АПА, у філіяле Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь. Педагогі будуць праходзіць атэстацыю на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Настаўнікі актыўна прымаюць удзел у рабоце вучэбных семінараў, вывучаюць метадычную літаратуру, павышаюць узровень валодання інфармацыйнымі тэхналогіямі.

— Якія работы будуць праведзены па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года?

— Згодна з планам па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці на 2018—2020 гады (рамонт, рэканструкцыя і мадэрнізацыя), у летні перыяд будзе праведзены рамонт двух харчаблокаў.

Разам з упраўленнем па працы і сацыяльнай абароне раёна плануецца правядзенне бягучага рамонту ў ліпені 2018 года ў 10 установах адукацыі, дзе будуць працаваць 100 навучэнцаў. Хлопцы будуць прыцягвацца да афарбоўвання падлогі, драўлянай і металічнай часткі мэблі, радыятараў і труб, сцен, дзвярэй. Ва ўсіх установах адукацыі плануецца правядзенне касметычных рамонтаў, добраўпарадкаванне тэрыторыі з прыцягненнем пазабюджэтных сродкаў і сродкаў папячыцельскага савета.

Плануецца набыць школьны аўтобус, камп’ютарны клас і лінгафонны кабінет, а таксама тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, спартыўнае абсталяванне.

— Якія пытанні хвалююць вас як кіраўніка сёння? Якія задачы ставіце на перспектыву?

— Кола пытанняў дастаткова шырокае. Мяне як начальніка ўпраўлення не можа не хваляваць арганізацыя летняй занятасці навучэнцаў і пытанне ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы напярэдадні навучальнага года. Вельмі хочацца, каб нашы выпускнікі пацвердзілі свае веды на ЦТ і ўсвядомлена вызначыліся з прафесіяй. Заўсёды актуальная тэма якасці адукацыі, стварэння сучаснага адукацыйнага асяроддзя з улікам інавацыйных падыходаў і патрэб навучэнцаў і бацькоў. У нас у раёне працуюць творчыя педагогі. І гэта дазваляе не баяцца цяжкасцей і ўпэўнена глядзець у будучыню.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.