Упэўнена крочыць у заўтрашні дзень

- 15:54Суразмоўца

Дапамагчы дзіцяці быць самім сабой, а не такім, якім яго хочуць бачыць іншыя, — на гэта арыентуюцца педагогі сталічнай гімназіі № 12 — адной з вядучых устаноў адукацыі краіны. Гімназія добра вядома не толькі ў Мінску, але і за межамі Беларусі дзякуючы высокаму ўзроўню якасці ведаў навучэнцаў, які пацвярджаецца вынікамі паступлення выпускнікоў ва УВА, алімпіяд і конкурсаў інтэлектуальнага і творчага характару ўсіх узроўняў — ад раённага да міжнароднага.

Ужо 35 гадоў мудра і вытанчана вядзе гімназічны карабель сярод адукацыйных рыфаў, прытрымліваючыся патрэбнага напрамку і накіроўваючы калектыў да новых перамог, Кацярына Пятроўна Пятруша. Пра тое, чым жыве ўстанова сёння, хто стварае яе імідж, у чым сакрэт яе папулярнасці, — наша размова з кіраўніком гімназіі.

Кацярына Пятроўна Пятруша — выдатнік асветы СССР, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, узнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”.

— Кацярына Пятроўна, што прывяло вас у педагогіку? Ці ўяўлялі вы сябе ў ролі кіраўніка ўстановы адукацыі?

— Маё дзяцінства прайшло ў сям’і медыкаў. Мама і сястра былі ўрачамі, і мне вельмі хацелася таксама пайсці па іх слядах, вельмі падабаліся мікрабіялогія, лабараторныя даследаванні. Аднак лёс распарадзіўся інакш. Нягледзячы на тое, што я скончыла біялагічны факультэт Растоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, выпускнікі якога маглі ўладкоўвацца працаваць ва ўстановы аховы здароўя, ён прывёў мяне ў адну са школ Туапсінскага раёна Краснадарскага краю (сюды накіравалі майго мужа). Мне вельмі падабалася працаваць з дзецьмі, праводзіць доследы. У свеце рэактываў я адчувала сябе камфортна, свабодна і ўпэўнена. Я проста закахалася ў педагагічную прафесію. Заўсёды з задавальненнем і энтузіязмам імкнулася дапамагчы дапытлівым вучням у імкненні да ведаў. Праз некалькі гадоў стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.

У снежні 1978 года мужа накіравалі працаваць у Беларусь. Мы засяліліся ў адну з новабудоўляў мікрараёна Паўднёвы Захад, літаральна пад вокнамі якой размяшчалася сярэдняя школа № 12, якая і стала мне роднай на доўгія гады. Мяне ўзялі спачатку на пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, а праз некалькі гадоў прызначылі дырэктарам. Хаця, шчыра прызнаюся, я не думала, што стану кіраўніком: была зусім маладая з двума маленькімі дзецьмі. Муж быў катэгарычна супраць гэтага прызначэння. А сёння ён ганарыцца тым, што яго жонка прайшла такі вялікі кіраўніцкі шлях.

У нас сфарміраваўся добры калектыў энергічных людзей, дасведчаных маладых прафесіяналаў. І да сённяшняга дня ў гімназіі працуюць людзі, якія стаялі каля яе вытокаў. Школа стала маім другім домам, маім жыццём. Так павялося, што кожны мой дзень пачынаецца раніцай за 30 хвілін да заняткаў у вестыбюлі ўстановы, дзе я сустракаю дзяцей, настаўнікаў, бацькоў, адказваю на іх пытанні, выслухоўваю прапановы і меркаванні. Па-іншаму я ўжо не магу.

— Якая формула поспеху сучаснага кіраўніка?

— Складнікі поспеху — арыентацыя на вынік, імкненне заўсёды быць лідарам, вітанне інавацый, пастаянны прафесійны рост і распаўсюджванне лепшага вопыту.

Калі штосьці робіш — рабі гэта добра. Гэта адзін з прынцыпаў работы. Колькі памятаю, заўсёды імкнулася працаваць так, каб да мяне і майго калектыву не было ніякіх пытанняў. Я заўсёды хацела, каб мая навучальная ўстанова было лепшай. Аналізуючы сваю работу, магу сказаць, што мы заўсёды займалі лідзіруючыя пазіцыі ў Маскоўскім раёне.

Каб быць лідарам, неабходна абавязкова імкнуцца да ўсяго новага, спрабаваць нязведанае. Калі я прыйшла працаваць у школу, на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх стаяла каля 50 вучняў. Пагадзіцеся, лічба ўнушальная. У сем’ях гэтых дзяцей не ўсё складвалася добра па розных прычынах. Мы агульнымі намаганнямі змаглі дапамагчы дзецям здабыць веру ў сябе, вызначыць арыенціры і прыярытэты ў жыцці. Перш-наперш мы ўвялі эстэтычны ўхіл. Дзеці сталі спяваць, танцаваць, іграць на музычных інструментах. Зразумела, што іх развіццё пайшло па іншай траекторыі.

У першых радах у горадзе мы сталі займацца профільным навучаннем. Я адразу зразумела, што нельга ўсіх дзяцей вучыць аднолькава, што пэўная дыферэнцыяцыя павінна быць. У 1988 годзе я была выбрана дэлегатам Усесаюзнага з’езда і ў складзе дэлегацыі Мінска паехала ў Маскву, дзе пабывала на секцыі профільнага навучання. Там загарэлася ідэяй яго арганізацыі. Думаю, развівацца неабходна найперш дырэктару, трымаць руку на пульсе, каб бачыць перспектывы развіцця, інакш школа будзе стаяць на месцы. Можна проста хадзіць на работу, даваць урокі, але, каб развіваць навучальную ўстанову, трэба многа бачыць, шмат вывучаць і на практыцы эксперыментаваць. І мы першымі звярталіся ў Міністэрства адукацыі дзеля ўзгаднення вучэбных планаў. У 1989 годзе па рашэнні Мінгарвыканкама мы сталі мнагапрофільнай школай. Былі адкрыты фізіка-матэматычны, эканамічны, юрыдычны і медыцынскі профілі. Вучні, якія выбіралі эканамічны профіль, паглыблена вывучалі матэматыку, замежную мову і курс “Асновы эканамічных ведаў”, разлічаны на 2 гады. Навучэнцы юрыдычнага профілю дадаткова вывучалі спецкурс “Асновы юрыдычных ведаў”, заняткі па якіх праводзілі выкладчыкі БДУ. Дарэчы, усе гады мы дастаткова паспяхова супрацоўнічаем з УВА. Мы — сталічная гімназія і для гэтага ёсць усе магчымасці.

Самы зорны напрамак — медыцынскі. Сёння я з гордасцю магу сказаць, што больш за 700 нашых выпускнікоў сталі медыкамі. Памятаю, як нарадзіўся гэты клас. Калі адбылася чарнобыльская трагедыя, Гомельскай вобласці неабходны былі ўрачы. Два міністэрствы — адукацыі і аховы здароўя — прынялі рашэнне стварыць медыцынскі клас, прывезці дзяцей з Гомельскай вобласці і спачатку вучыць іх у школе, а потым — у медыцынскім універсітэце. І такі клас быў адкрыты: дзеці пражывалі ў інтэрнаце, а вучыліся ў нашай школе. Асноўныя прадметы, неабходныя для паступлення (фізіка, хімія, біялогія), у іх вялі выкладчыкі медыцынскага ўніверсітэта. Акрамя гэтага, быў адкрыты спецкурс “Асновы медыцынскіх ведаў”. Гэты прафарыентацыйны курс дапамагаў зразумець, што такое прафесія ўрача. У медыцынскім класе выкладалася таксама латынь. У тыя часы школьны выпускны экзамен быў сумешчаны з уступным. 20 дзяцей з гэтага класа паступілі ў медыцынскі ўніверсітэт. Гэта быў пачатак дзеяння нашых медыцынскіх класаў. Сёння гэта хіміка-біялагічны профіль, які мы любоўна называем медыцынскім. Курс “Асновы медыцынскіх ведаў” і зараз праходзіць на базе медыцынскага ўніверсітэта. Раз на тыдзень на дзве гадзіны вучні 10-х і 11-х класаў апранаюць белыя халаты, карыстаюцца медыцынскімі лабараторыямі і г.д.

Я прыхільнік таго, каб мае педагогі вучыліся і павышалі сваю кваліфікацыю. Выкарыстоўваем для гэтага магчымасці МГІРА, АПА, РІПА, інстытутаў павышэння кваліфікацыі УВА. Сваім намеснікам я заўсёды гавару: “Сачыце за прапановамі”. Мы іх аналізуем і вырашаем, наколькі яны патрэбныя і эфектыўныя. Мы імкнёмся зарабіць грошы і накіраваць іх на навучанне нашых кадраў.

Работа ў інавацыі і эксперыменце ўнутры гімназіі — гэта таксама павышэнне кваліфікацыі, павышэнне прафесійнага ўзроўню педагогаў. На сёння мы эксперыментальная пляцоўка па тэме “Апрабацыя дыягнастычных сродкаў даследавання пазнавальных здольнасцей навучэнцаў профільных класаў ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.

Павышэнне кваліфікацыі кадраў бачыцца яшчэ і ў навучанні студэнтаў. Усе УВА Мінска прыходзяць да нас на педагагічную практыку. Такім чынам мы прыглядаемся да маладых спецыялістаў. Мы цесна супрацоўнічаем з МДЛУ і з’яўляемся філіялам кафедры ўсходніх моў гэтага ўніверсітэта.

Вельмі важна для педагогаў дзяліцца сваім вопытам. Вучэбныя планы па профільным навучанні, якія мы калісьці зацвярджалі, актуальныя і зараз. Першы папячыцельскі савет у Мінску быў створаны ў нашай гімназіі, і мы распаўсюдзілі вопыт па ўсёй рэспубліцы. Папячыцельскія саветы прыжыліся і даюць магчымасць бацькам удзельнічаць у жыцці школы на законных падставах.

— Кацярына Пятроўна, гімназія № 12 пазіцыянуецца як навучальная ўстанова, дзе кожнаму вучню прадастаўляецца магчымасць праявіць сябе самастойна думаючай ініцыятыўнай асобай. Якія асаблівасці мае арганізацыя адукацыйнага працэсу?

— Мы выдатна разумеем, што ў сённяшнім зменлівым свеце сучасная і якасная адукацыя — гэта магчымасць для нашых дзяцей не проста выжыць, а дасягнуць поспеху. Сёння наша гімназія працягвае традыцыі эстэтычнай адукацыі: тут развіты і музычны, і харэаграфічны напрамкі. Упэўнена, што гэта для развіцця дзяцей вельмі важна. Мы прапануем вучням на выбар асвоіць розныя віды інструментаў: баян, цымбалы, скрыпку, гітару і нават дудачку з флейтай. Ёсць урокі пастаноўкі голасу, харавых спеваў, сальфеджыа. А яшчэ навучэнцы праходзяць харэаграфічную падрыхтоўку. У гімназіі працуюць тры студыі: бальнага, эстраднага і народнага танцаў.

На сёння ў нас на старшай ступені адкрыты 4 профілі: філалагічны, фізіка-матэматычны, эканамічны, хіміка-біялагічны. Так, апошні профіль прадугледжвае выкладанне хіміі і біялогіі (4 гадзіны на тыдзень) плюс факультатывы па гэтых прадметах. У гімназіі дзейнічаюць чатыры рэсурсныя цэнтры: па фізіцы, геаграфіі, біялогіі і хіміі. Гэта сапраўдная скарбніца перадавых дасягненняў і напрацовак. Тут ёсць абсталяванне для інавацыйнай і эксперыментальнай работы дзяцей і настаўнікаў. Такі гімназічны цэнтр па хіміі можна параўнаць з лабараторыяй хімфака БДУ.

12-я — адна з трох сталічных устаноў адукацыі, дзе школьнікі вывучаюць кітайскую мову. І гэтай традыцыі ўжо 12 гадоў. У нас адкрыты цэнтр кітайскай культуры і пісьменства як база актыўнага абмеркавання надзённых праблем, звязаных з вывучэннем кітайскай мовы. Валанцёры аддзела па справах адукацыі пры Пасольстве КНР у Беларусі вядуць факультатыўныя заняткі з навучэнцамі гімназіі. Гімназісты становяцца дыпламантамі Рэспубліканскай алімпіяды па кітайскай мове, рэспубліканскага этапу конкурсу “Мост кітайскай мовы”. У выніку кожны год пераможцы прадстаўляюць Рэспубліку Беларусь у фінальным конкурсе ў Кітаі. У 2018 годзе навучэнка 10 класа Ганна Шаўцова атрымала дыплом І ступені. Выпускніца 2017 года Аляксандра Літава ўзнагароджана бясплатным навучаннем у кітайскім універсітэце ў г.Далян. Выпускнік 2018 года Данііл Люкевіч атрымаў стыпендыю ў Пекінскім універсітэце.

Вывучэнне замежных моў на павышаным узроўні стварае ўмовы для ўваходжання гімназістаў у адкрытую інфармацыйную прастору, забяспечвае іх сацыялізацыю ў сучасным полікультурным асяроддзі. Мы — асацыіраваная школа ЮНЕСКА, дзякуючы чаму выйшлі на самастойную платформу правядзення міжнароднай гульні “Мадэляванне ААН” .

— Маштабы напрамкаў дзейнасці гімназіі дазваляюць меркаваць, што працаваць у вас проста добрым настаўнікам — гэта вельмі мала…

— Сучасны настаўнік адыходзіць ад паняцця “перадаць веды”, цяпер на першы план выходзіць уменне “навучыць вучыцца”, што значыць навучыць здабываць веды. Без прафесіяналізму ў нашай справе таксама не абысціся. Гэты навык прыходзіць з вопытам.

Поспех любой установы забяспечваюць кадры, а каманда ў нас сапраўды дастаткова моцная. 82% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. 22 педагогі з’яўляюцца ўладальнікамі нагруднага знака “Выдатнік адукацыі”, 5 педагогаў удастоены прэміі спецыяльнага фонду прэзідэнта, 20 настаўнікаў — уладальнікі прэмій і грантаў Мінгарвыканкама.

У пачатковай школе працуюць творчыя людзі, якія добра разумеюць, што работа з дзецьмі патрабуе ініцыятывы, арганізатарскіх здольнасцей, вялікай колькасці дадатковага часу, абачлівых адносін да дзяцей і вялікай эрудыцыі. Узначальвае пачатковую школу намеснік дырэктара Дзіяна Іванаўна Новікава. Адказная, вельмі арганізаваная, метадычна падкаваная, карыстаецца павагай у калег і бацькоў, яе любяць дзеці.

Імёны нашых настаўнікаў — імідж гімназіі. Кожны год бацькі мэтанакіравана ідуць у 1 клас да канкрэтнага педагога і аргументуюць свой выбар. Прысвяціла сваё жыццё гімназіі настаўніца пачатковых класаў Ева Казіміраўна Шыкуць. Плённа працуюць настаўнікі пачатковых класаў Наталля Уладзіміраўна Чэпелева, Тамара Рыгораўна Пулькіна, Марыя Валер’еўна Ізгачова.

Настаўніца хіміі Святлана Мацвееўна Светнік, настаўніца фізікі Ала Леанідаўна Шалко вынікова рыхтуюць вучняў да паступлення ва УВА, да алімпіяд і конкурсаў. Творча і актыўна працуюць настаўнікі матэматыкі Наталля Мікалаеўна Колесень, Марыя Фадзееўна Сычова, настаўнікі англійскай мовы Вольга Міхайлаўна Альсевіч, Ніна Васільеўна Мацюш.Кіраўнік школы бальнага танца “Спатканне” Валянціна Аляксандраўна Грабіцкая — чалавек натхнёны, творчы, улюбёны ў прафесію.

Настаўніца англійскай мовы, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнік-метадыст Таццяна Юр’еўна Сеўрукова сёлета была адзначана прэміяй Мінгарвыканкама за вопыт “Лічбавая трансфармацыя элементаў адукацыйнай прасторы праз укараненне блогаў”. Яна з’яўляецца стваральнікам суботняй школы “Я магу!”, дзе дзеці дапамагаюць дзецям, у якіх ёсць недахопы ў ведах. Гэтая школа карыстаецца вялікай папулярнасцю.

— Вы згодны з тым, што цяперашняе пакаленне дзяцей складанае?

— Ні ў якім разе. Яно не складанае, а асаблівае. Гэта дзеці свайго часу, яны ўсе ў гаджэтах, атрымліваюць дастаткова многа інфармацыі, імкнуцца да ведаў, актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных праектах. Яны размаўляюць з настаўнікам на роўных. Адным словам, наша моладзь — творчая, мэтанакіраваная, абаяльная. Кожны з іх — непаўторная зорачка, а ўсе разам — інтэлектуальнае гімназічнае сузор’е. За перамогі на міжнародным і рэспубліканскім узроўні навучэнцы гімназіі 49 разоў станавіліся лаўрэатамі спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў. Так, летась пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару па фізіцы сталі адзінаццацікласнікі Паліна Голуб і Максім Міхайлюк. Неаднаразовымі пераможцамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды станавіліся Таццяна Пратасевіч (фізіка і матэматыка), Глеб Карацееў, Таццяна Бекіш (хімія), Ілья Антонаў (кітайская мова), Вячаслаў Горб (астраномія). Пераможцам Міжнароднай алімпіяды па ментальнай арыфметыцы стаў Мікіта Паўлюковіч, а інтэрнэт-праекта “Школа геніеў” па матэматыцы — Аляксей Бруцкі. Прызёр тэлевізійнага інтэлектуальнага праекта “Я ведаю!” — Кірыл Тамковіч. Гімназія славіцца цудоўнымі спартсменамі і таленавітымі танцорамі і музыкантамі.

— Напярэдадні 40-гадовага юбілею ўстановы чаго б хацелася пажадаць ёй?

— Хочацца, каб наша гімназія год ад году квітнела, каб былі паспяховыя вучні і творчыя настаўнікі. Каб было ўзаемаразуменне ў трыядзе “вучні — настаўнікі — бацькі”, бо сёння і бацькоў неабходна вучыць культуры зносін. Мы зрабілі ў гэтым напрамку пэўныя крокі і стварылі “Бацькоўскі ўніверсітэт” — праект гімназіі сумесна з Гарадскім цэнтрам здароўя, Тэатрам беларускай драматургіі. Зараз уключыліся ў работу па праекце “Электронная школа”. Ужо праведзены шэраг вучэбных семінараў для настаўнікаў, і відавочна, што гэтая справа патрэбная і перспектыўная.

Спадзяюся, наперадзе нас чакаюць новыя цікавыя праекты, бо гэта дазваляе развівацца, не стаяць на месцы, упэўнена крочыць у заўтрашні дзень.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.