Упэўненая перамога

19 мая ў Ісламскай Рэспубліцы Іран прайшлі прэзідэнцкія выбары, ужо дванаццатыя па ліку пасля звяржэння манархіі ў 1979 годзе. Перамогу на іх атрымаў дзеючы прэзідэнт Хасан Рухані. Варта адзначыць, што, нягледзячы на цяперашні статус, перамога была для яго не гарантавана.

На Захадзе часта характарызуюць Іран як краіну з аўтарытарным, недэмакратычным рэжымам. У пэўнай ступені падставы для гэтага ёсць — галоўнай дзяржаўнай пасадай у краіне з’яўляецца не прэзідэнт, а рахбар, што перакладаюць як “вышэйшы кіраўнік”, або “вярхоўны лідар”. Гэтую пасаду першапачаткова займаў імам Рухала Мусаві Хамейні, заснавальнік цяперашняга рэжыму, а пасля яго смерці ў 1989 годзе — Алі Хасейні Хаменеі. Назначаецца рахбар пажыццёва Саветам экспертаў з уплывовых багасловаў, якія выбіраюцца на ўсенародных выбарах тэрмінам на 8 гадоў. Менавіта пад кантролем вярхоўнага лідара Ірана знаходзяцца Узброеныя сілы, судовая сістэма, дзяржаўнае тэлебачанне і іншыя ключавыя ўрадавыя арганізацыі. Існуе таксама неафіцыйны звычай, паводле якога члены кабінета міністраў для асноўных ведамстваў узгадняюцца з вярхоўным лідарам. Прэзідэнт жа выбіраецца на 4 гады, не больш чым на два тэрміны запар, і ва ўсіх сваіх дзеяннях падкантрольны рахбару. Тым не менш гэта рэальная фігура, ад яго пазіцый па пытаннях знешняй і ўнутранай палітыкі залежыць многае, і ён у пэўнай ступені адлюстроўвае настроі ў іранскім грамадстве. У гэтым годзе кандыдатамі на пасаду прэзідэнта зарэгістраваліся 1636 чалавек, сярод якіх — 137 жанчын. Такая вялікая колькасць кандыдатаў — нармальная практыка для Ірана. Аднак галоўнае — не зарэгістравацца, а каб зацвердзіў Савет вартавых Канстытуцыі, які кантралюецца рахбарам.

І нават да гэтага фільтра яшчэ трэба дайсці — многім, хто хацеў паўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, задоўга да яе пачатку мякка намякаюць, што не варта. Так, летам мінулага года актыўна абмяркоўвалася магчымасць вылучэння экс-прэзідэнта Махмуда Ахмадзінеджада (2005—2013), вядомага сваім радыкальным антыамерыканізмам. Тым не менш пасля сустрэчы з рахбарам ён прыслаў яму афіцыйны ліст, у якім у прыватнасці гаварылася: “Вы сказалі мне, што зараз не самая зручная сітуацыя для майго ўдзелу ў выбарах. Таму выказваю сваю паслухмянасць і не планую ўдзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы. Дасць бог, я заўсёды буду заставацца маленькім салдатам рэвалюцыі і слугой народа”.

Паслядоўнасці, зрэшты, Ахмадзінеджаду хапіла толькі на паўгода. 12 красавіка ён усё ж рызыкнуў вылучыць сваю кандыдатуру і заканамерна не быў прапушчаны вартавымі Канстытуцыі.

Фактычна, пры выбарах у Іране гаворка заўсёды ідзе пра барацьбу ўнутры пэўнага кола, больш і менш кансерватыўных або рэфармісцкіх, але абавязкова ісламскіх палітыкаў. Цяперашні прэзідэнт Рухані адносіцца да ўмераных рэфарматараў і з’яўляецца праціўнікам канфрантацыі з Захадам. Менавіта яму ўдалося заключыць ядзернае пагадненне, дзякуючы якому ў абмен на спыненне ваеннай часткі іранскай ядзернай праграмы ЗША і Еўрасаюз знялі з Ірана ўсе санкцыі, наложаныя яшчэ ў часы ісламскай рэвалюцыі. Гэта стала сур’ёзным поспехам, які прынёс краіне і новыя тэхналогіі, і прыметнае паляпшэнне ў эканоміцы — пачаўся значны рост, а інфляцыя знізілася з 40% да 6,5%.

Тым не менш у краіне існуюць уплывовыя групы і значныя пласты насельніцтва, незадаволеныя тым, што прыйшлося “перапусціць прынцыпы”. І менавіта з іх прадстаўнікамі Рухані прыйшлося пазмагацца за галасы выбаршчыкаў. Да прэзідэнцкіх выбараў у Іране разам з дзеючым прэзідэнтам Хасанам Рухані былі дапушчаны пяць кандыдатаў: былы генпракурор Эбрахім Раісі, першы віцэ-прэзідэнт Эсхак Джахангіры, мэр Тэгерана Махамад Багер Галібаф і два былыя члены ўрада — экс-міністр культуры і ісламскай арыентацыі Мастафа Ага Мірсалім і экс-міністр прамысловасці Мастафа Хашэмі Таба. Асноўная барацьба разгарнулася паміж Хасанам Рухані з аднаго боку і двума прадстаўнікамі ад кансерватараў — Эбрахімам Раісі і Махамадам Галібафам. Апошні лічыцца больш умераным і на сваёй пасадзе мэра сталіцы за 12 гадоў паспеў дабіцца шырокай папулярнасці. Акрамя таго, да яго ставіцца з прыхільнасцю Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), які з’яўляецца сур’ёзнай палітычнай і эканамічнай сілай у краіне. За Раісі ж стаіць сам рахбар, які ў мінулым годзе назначыў яго для кіравання фондам “Астан Кудс Разаві”, ісламскай дабрачыннай арганізацыяй, якая кантралюе актывы вартасцю ў мільярды долараў, а таксама маўзалей Імама Рэзы. 56-гадовы Раісі разглядаецца многімі ў Іране як магчымы пераемнік Хаменеі.

Па даных апытанняў, і Галібаф, і Раісі мелі практычна роўную падтрымку выбаршчыкаў (25—27%). Аднак, відаць, пасля некаторай колькасці закулісных перамоў Галібаф палічыў за лепшае сваю кандыдатуру зняць і заклікаў сваіх прыхільнікаў прагаласаваць за Раісі. Тэарэтычна гэта давала кансерватарам шансы на прыход ва ўладу. Магчымая перамога Раісі выклікала трывогу ў інвестараў і магла паўплываць на тое, што Іран будзе прытрымлівацца больш канфрантацыйнага курсу з ЗША Трампа, які назваў ядзернае пагадненне катастрофай, і яго саюзнікамі — арабскімі суніцкімі дзяржавамі Персідскага заліва. Іран і зараз падтрымлівае рэжым Башара Асада ў Сірыі і пачынае там прамое сутыкненне з Амерыкай, а прэзідэнт Раісі цалкам мог бы пашырыць удзел КВІР і іранскай арміі ў канфлікце.

Аднак, як аказалася, далёка не ўсе, хто падтрымліваў Галібафа, былі згодны на больш радыкальнага Раісі. Па ацэнках аналітыкаў, каля трэці з іх вырашыла падтрымаць больш умеранага прэзідэнта. У выніку за Рухані прагаласавалі 57%, або 23,549 млн, выбаршчыкаў. Для перамогі ў першым туры яму было неабходна атрымаць не менш за 50%.

Фактычна, гэта прызнанне яго заслуг у першы тэрмін і другі шанс для лібералізацыі эканомікі, якая была б згорнута пры Раісі. Гэта дае таксама надзею, што ўдзел Ірана ў сірыйскім канфлікце па меншай меры не выйдзе за пэўныя рамкі, а магчыма, пойдзе на спад.

Алег ВЯРЦІНСКІ.