Упэўнены крок да студэнцкай аўдыторыі

- 10:38Якасць адукацыі

Па традыцыі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ўручаюць 100-бальныя сертыфікаты навучэнцам, якія праходзілі цэнтралізаванае тэсціраванне ў пунктах тэсціравання Гродзенскай вобласці.

У гэтым годзе ў вобласці было напісана 20100 тэстаў. 30 чалавек справіліся з заданнем на 100 працэнтаў. Найбольшая колькасць 100-бальных вынікаў па англійскай мове — 12, 8 — па матэматыцы, 6 — па рускай мове, 2 — па беларускай мове, па адным 100-бальным выніку па хіміі, біялогіі і грамадазнаўстве. “Геаграфія поспеху” наступная: 13 100-бальных вынікаў у школьнікаў Гродна, 5 — Лідскага раёна, 4 — Іўеўскага, 3 — Гродзенскага, 2 — Дзятлаўскага раёнаў, па адным — Шчучын і Масты, Воранаўскі раён.

Удзельнікамі ўрачыстай цырымоніі былі рэктар ГрДУ Ірына Кітурка, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Аляксандр Сонгін. Яны павіншавалі абітурыентаў, падзякавалі іх настаўнікам і бацькам за ўклад, які тыя ўнеслі ў поспех дзяцей.

— Вы прадэманстравалі, што няма нічога немагчымага, — звярнуўся да ўчарашніх школьнікаў А.Г.Сонгін. — І няхай гэтае правіла будзе з вамі ў далейшым жыцці.

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка падкрэсліў, што пры правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання ў Гродзенскай вобласці не выяўлена ніводнага парушэння.

Першым атрымаць сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання запрасілі выпускніка гімназіі № 2 Гродна Аляксея Суцько. Аляксей мае два 100-бальныя вынікі — па матэматыцы і англійскай мове. Па рускай мове ён набраў 92 балы.

Віншавалі ў гэты дзень і тых, хто набраў па прадметах не менш за 95 балаў, а гэта 89 чалавек. Так, выпускніца гімназіі № 6 Гродна Дар’я Пракаповіч сдавала чатыры прадметы і па ўсіх паказала высокія вынікі: гісторыя Беларусі — 98 балаў, грамадазнаўства – 95, беларуская мова — 94, матэматыка — 90 балаў.

У параўнанні з мінулым годам колькасць 100-бальных вынікаў навучэнцаў, якія праходзілі цэнтралізаванае тэсціраванне ў пунктах тэсціравання Гродзенскай вобласці, павялічылася на 10. Навучэнцы Гродзеншчыны дэманструюць высокія вынікі і пры здачы цэнтралізаванага тэсціравання ў другіх рэгіёнах краіны. Так, выпускніца гімназіі № 1 Ашмян Настасся Саванец па 100 балаў атрымла па хіміі і біялогіі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.