“Упэўнены старт” прапануе студэнтам Беларусбанк

- 10:43Інфармацыйная гадзіна

Ільготныя крэдыты Беларусбанка кожны год атрымліваюць больш як 1,2 тысячы маладых спецыялістаў, а аб’ём выдачы такіх крэдытаў перавышае Br20 млрд. Гэтымі данымі падзялілася ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА намеснік дырэктара дэпартамента крэдытавання насельніцтва банка Святлана Філіпчук.

“Размова ідзе аб ільготным крэдыце на набыццё хатняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці для маладых спецыялістаў, якія пачалі працаваць па размеркаванні ў бюджэтную арганізацыю не па месцы жыхарства бацькоў”, — растлумачыла прадстаўнік банка. Скарыстацца такім крэдытам можна на працягу двух гадоў пасля заканчэння ўстановы адукацыі, а выпускнікам медыцынскіх ВНУ — на працягу двух гадоў пасля праходжання інтэрнатуры (стажыроўкі).
Ільготны крэдыт прадастаўляецца на тэрмін да 5 гадоў з выплатай працэнтаў у памеры 25 працэнтаў стаўкі рэфінансавання НБ (цяпер гэта 6,25 працэнта гадавых) у памеры не больш як 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. З 1 жніўня 2015 года БПМ складае Br1 569 130, адпаведна, максімальны памер крэдыту — Br23,5 млн.
“Таксама ў бягучым годзе Беларусбанк укараніў праграму крэдытавання моладзі да 31 года са стаўкай 20—29 працэнтаў гадавых, што прадстаўлена трыма крэдытнымі прадуктамі: для студэнтаў, маладых грамадзян і маладых сем’яў, якія маюць дзяцей”, — прадоўжыла Святлана Філіпчук.
Напрыклад, крэдыт “Упэўнены старт” прадастаўляецца студэнтам, якія вучацца ва ўстановах вышэйшай адукацыі ўсіх форм навучання не ніжэй за трэці курс (у тым ліку магістрантаў і аспірантаў не ніжэй за другі курс навучання) і атрымліваюць стыпендыю, ва ўзросце да 31 года. Перавагамі крэдыту з’яўляюцца прывабная працэнтная стаўка з улікам паспяховасці ў вучобе, бясплатнае падключэнне да інтэрнэт-банкінгу, прымяненне праграмы лаяльнасці “Добрасумленны крэдытаатрымальнік”, а таксама мноства зручных спосабаў пагашэння крэдыту (у тым ліку ў інфакіёсках банка, праз сістэмы інтэрнэт- і М-банкінг).