Упэўнены ў сваіх ведах і сілах

- 9:20Першае працоўнае месца

Ва ўстановах адукацыі Маларытчыны працуе шмат маладых педагогаў, якія знайшлі сябе ў любімай прафесіі і штодзень з радасцю спяшаюцца на ўрокі. Адзін з іх — настаўнік матэматыкі Аляксандр Васільевіч Аксянюк з Макранскай сярэдняй школы, пераможца раённага этапу сёлетняга абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”.

— Перамога ў прафесійным спаборніцтве стала для мяне нечаканай, — прызнаецца А.В.Аксянюк. — Прыняць удзел у конкурсе прапанавала дырэктар школы Валянціна Ула­дзіміраўна Літвін. Пагадзіўся без ваганняў: калі прапаноўваюць важную справу, неабходную для іміджу школы, ніколі не адмаўляюся. Выдатна разумеў, што гэта не толькі ганарова, але і адказна, таму амаль адразу пачаў рыхтавацца да конкурсных выпрабаванняў.

— У Аляксандра Васільевіча Аксенюка ёсць трывалыя веды, жаданне праца­ваць і вялікая любоў да дзяцей і свайго прадмета, — заўважае дырэктар Макранскай сярэдняй школы В.У.Літвін. — Гэта ўдумлівы, надзвычай старанны і адказны педагог, які пастаянна павышае прафесійны ўзровень. Лічу, што выказванне “Узрост і стаж не паказчыкі аўтарытэту настаўніка, аўтарытэт — у добрым веданні сваёй справы” добра стасуецца з асобай Аляксандра Васільевіча. З яго атрымаецца выдатны педагог! І ў гэтым напрамку ён ужо зрабіў першыя крокі.

Па словах дырэктара, ва ўстанову адукацыі часта прыходзяць маладыя спецыялісты. Радуе, што сярод іх ёсць тыя, хто з першага дня самааддана шчыруе на педагагічнай ніве, нягледзячы на ўсе цяжкасці настаўніцкага хлеба. Да ліку такіх педагогаў В.У.Літвін адносіць і А.В.Аксенюка.

Ён нарадзіўся і вырас у Маларыце. Пасля школы паступіў на фізічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.

— Іншага шляху ў мяне, напэўна, і не было, улічваючы, што родныя сёстры ў той час ужо вучыліся ва ўніверсітэтах, — усміхаецца Аляксандр Васільевіч. — Адна набывала спецыяльнасць настаўніцы фізікі і матэматыкі ў Брэсц­кім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна, а другая — настаўніцы англійскай і нямецкай моў у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. Не раз чуў ад іх захопленыя аповеды пра перавагі настаўніцкай прафесіі, таму і самому захацелася, як кажуць, пакаштаваць настаўніцкага хлеба. Канчаткова вызначыўся з выбарам жыццёвай дарогі ў 11 класе.

На першае рабочае месца А.В.Аксенюка накіравалі ў Магілявецкую сярэднюю школу Пружанскага раёна, дзе малады спецыяліст выкладаў матэматыку, фізіку і асновы бяспекі жыцця­дзейнасці. Акрамя гэтага, яму даручылі класнае кіраўніцтва ў 5 класе, дзе вучыліся толькі два хлопчыкі і дзяўчынка. Працаваць было лёгка.

— Да работы прыступіў з радасцю і задавальненнем, — успамінае Аляксандр Ва­сіль­евіч. — З нецярпеннем чакаў, калі буду стаяць ля дошкі з крэйдай у руках і тлумачыць новы матэ­рыял. Да першых урокаў старанна рыхтаваўся: пераглядаў студэнцкія канспекты, гартаў старонкі тэорыі методыкі выкладання. Хацелася даць вучням трывалыя веды. Чамусьці быў упэўнены, што мае выхаванцы абавязкова па­лю­бяць матэматыку і фізіку. У педкалектыў уліўся проста і лёгка. Калегі ва ўсім дапамагалі: падказвалі, раілі, падтрымлівалі.

Але доўга працаваць у школе не давялося. Літаральна праз год маладога спецыяліста прызвалі на тэрміновую вайсковую службу, якую ён праходзіў ва ўзводзе сувязі мотастралковага батальёна ў Слоніме. У арміі А.В.Аксянюк вельмі сумаваў па школе, уроках і вучнях.

— Тым не менш пасля службы змяніў месца работы, — гаворыць Аляксандр Васільевіч. — Спрабаваў сябе ў розных месцах, але душа не ляжала ні да адной з асвоеных работ. Таму вельмі хутка вырашыў вярнуцца ў школу, пра што зусім не шкадую.

У Макранскай сярэдняй школе А.В.Аксянюк выкладае матэматыку з мінулага года і з’яўляецца класным кіраўніком у 7 класе.

— У мяне цяпер 3 дзяўчынкі і 7 хлопчыкаў, цікаўных, дапытлівых, непаседлівых, — расказвае Аляксандр Васільевіч. — Гэта самы вялікі клас у школе ў бягучым навучальным го­дзе. Нарэш­це вярнуўся ў звыклую стыхію, у якой, здаецца, быў заўсёды. Жыву школай, сваім класам, справамі ўстановы адукацыі. Усё гэта вярнула адчуванне запатрабаванасці.

Конкурс прафесійнага майстэрства пераканаў А.В.Аксенюка, што настаўніцтва — яго стыхія. Гэта першае падобнае спаборніцтва ў жыцці маладога педагога, але ён з самага пачатку быў упэўнены ў сваіх ведах і сілах, хаця і моцна хваляваўся.

Некаторыя пытаюцца ў Аляксандра Васільевіча, ці не хоча ён пераехаць у горад. Не хоча. У сельскай школе яму падабаюцца калектыў, вучні, іх бацькі. Жыве педагог у суседняй вёсцы ў дзедавай хаце. 4 кіламетры да работы не адлегласць.

Але не толькі гэта трымае тут А.В.Аксенюка. Разам з ім у школе працуе маладая настаўніца біялогіі і хіміі Алена Аляксандраўна Тарасюк, з якой хутка завязалася шчырае сяброўства, заснаванае на агульных жыццёвых поглядах і зацікаўленнях.

Зусім хутка Аляксандр Васільевіч будзе атэстоўвацца на прысваенне другой кваліфікацыйнай катэгорыі. Падыходзіць да гэтага адказна, бо хоча стаць высока­кваліфікаваным спецыялістам. Планаў у маладога педагога шмат, але агучваць іх ён пакуль не спяшаецца.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.