Ура, маляванне!

У мінулым навучальным годзе па размеркаванні ў Мазырскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі прыйшоў малады спецыяліст — Настасся Чадзій, выпускніца народнай аматарскай студыі выяўленчага мастацтва “Фарбы”, якой кіраваў М.К.Дуброва. Пасля таго як вялікага мастака не стала, Настасся працягнула справу свайго настаўніка і ўзначаліла студыю.

Настасся Уладзіміраўна прыйшла працаваць у родную студыю пасля мінскай Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, якую скончыла з дыпломам з адзнакай.

Маляванне — занятак, які з самага дзяцінства знайшоў месца ў сэрцы Н.У.Чадзій. Мама прывяла маленькую Насцю ў Мазырскую мастацкую школу, дзе пачалося захапленне дзяўчынкі маляваннем. Пазней яна пазнаёмілася з Мікалаем Кузьмічом Дубровай. Творчы настаўнік адкрыў сваёй вучаніцы дарогу да мастацтва, накіраваў яе на шлях прафесійнага мастака. Маладая мастачка кажа, што ўсё, чым валодае яна сёння ў творчасці, — гэта выключна дзякуючы Мікалаю Кузьмічу.

Наступнай прыступкай пасля мясцовай мастацкай школы стала Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка. Але ўжо да гэтага моманту кватэра Настассі ператварылася ў сапраўдную галерэю. Яна малявала, таму што гэтага хацела душа і таму што дзяўчына хацела вучыцца. Любімая тэхніка Настассі — фармальная кампазіцыя. Палітра фарбаў, якая ўжо доўгі час суправаджае ўсе працы таленавітага майстра, — сіні і жоўты. А сваё натхненне яна чэрпае ў творчасці сусветна вядомага мастака Ван Гога. Яго жыццёвы прынцып — “Мастацтва — гэта чалавек плюс прырода” — узяла за аснову і Н.Чадзій.

Жыццё сапраўднага творцы заключаецца не толькі ў яго творах, але і ва ўменні перадаць свой талент будучаму пакаленню. “Вучні студыі глядзяць на мяне як на чараўніка, і я разумею, наколькі важна цяпер запаліць у іх агеньчык творчасці. Магчыма, гадоў праз 10—15 у Беларусі з’явіцца новы вядомы мастак”, — дзеліцца думкамі педагог.

З асаблівым трапятаннем Настасся ўспамінае першы дзень сваёй педагагічнай дзейнасці. Малюючы з дзецьмі, яна заўважыла ўнікальнасць кожнай іх працы, радасць, з якой яе выхаванцы малявалі, як захапляліся атрыманымі вынікамі.

Варта толькі педагогу пераступіць парог школы, як маленькія мастакі з воклічамі “Ура, маляванне!” імчацца насустрач і спяшаюцца хутчэй дастаць свае прылады, каб узяцца за работу пад пільным наглядам любімага настаўніка.

“Навучыць маляванню можна абсалютна любога чалавека, бо самае галоўнае — праца, стараннасць, упартасць, час, а бачанне колеру і асноўныя законы пры маляванні — гэта задача выкладчыка”, — упэўнена педагог.

Настасся — творчая асоба, захопленая натура, якая ні секунды не застаецца без працы: выкладчыцкая дзейнасць, майстар-класы, стварэнне карцін, адкрыццё ўласных творчых выстаў… Яна прыняла ўдзел больш чым у 10 выставах як у родным Мазыры, так і ў Мінску. Многія працы Н.Чадзій былі адзначаны знаўцамі мастацтва.

Кацярына ГАРБАЧОВА.