Урачэбную тайну ніхто не адмяняў

Інфармацыю аб палавым жыцці непаўналетніх медыкі не павінны перадаваць нікому, нават бацькам, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам, калі ёсць пагроза жыццю і здароўю дзіцяці або іншых людзей. Аб гэтым заявіла начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Беларусі Людміла Лёгкая.

Парадак праходжання медаглядаў дзяцей і дарослых вызначаецца адзінай пастановай — № 96 “Аб дыспансерызацыі насельніцтва” ад 12 жніўня 2016 года. У дадатку дакладна распісана, у якім узросце дзеці павінны быць агледжаны адпаведнымі ўрачамі-спецыялістамі, а таксама аб’ём дыягнастычных, у тым ліку лабараторных, даследаванняў. Што тычыцца падлеткаў 15—17 гадоў, то кожны год яны аглядаюцца пэўнымі спецыялістамі. Для дзяўчынак прадугледжаны ў тым ліку агляд гінеколагам.

“Медыцынскія агляды — гэта абсалютна добраахвотна, мы нікога не прымушаем. Згодна з заканадаўствам, дзеці на ўсе простыя медыцынскія ўмяшанні, у тым ліку агляды, самі могуць даваць або не даваць згоду з узросту 14 гадоў. Але так склалася гадамі, што да нас прыходзяць амаль 99 працэнтаў усіх дзяцей — арганізавана класамі або самастойна ў месяц свайго нараджэння. Плюс, калі дзеці хварэлі і ім праводзілася даследаванне, мы гэтыя даныя прымаем пад увагу”, — сказала Людміла Лёгкая.

Яна ўдакладніла канкрэтныя сітуацыі, якія даюць падставу для ўмяшання праваахоўнікаў, — яны выкладзены ў пастанове Савета Міністраў ад 18 снежня 2014 года № 1192: калі дзяўчынка меншая за 16 гадоў цяжарная, калі пры аглядзе ўстаноўлена наяўнасць траўм і пашкоджанняў, якія сведчаць аб проціпраўных дзеяннях у адносінах да яе (гэта могуць быць прыкметы згвалтавання, умяшання для штучнага перарывання цяжарнасці), а таксама ў тых выпадках, калі дзіця само расказвае аб такіх фактах.

“У любым выпадку падыход індывідуальны і вельмі карэктны, паколькі гэта стрэсавая сітуацыя. Прыцягваецца падрыхтаваны псіхолаг, да якога дзяўчынку накіроўвае акушэр-гінеколаг. Калі яна пага­джаецца на размову з псіхолагам, ён ацэньвае яе псіхічны стан. І пры наяўнасці звестак, якія могуць указваць на проціпраўныя дзеянні, інфармацыя індывідуальна перадаецца ў тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў”, — дадала суразмоўніца.

Гэтую тэму, што шырока абмяркоўваецца ў грамадстве, пракаменціраваў журналістам і віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка. Ён адзначыў, што чуткі аб тым, што пасля планавых аглядаў урачы будуць паведамляць ва УУС аб фактах палавога жыцця школьніц малодшых за 16 гадоў, — гэта ўкід у інфармацыйную прастору, абсалютна беспадстаўная дутая сенсацыя.

У Беларусі створаны неабходны прававы механізм, зацвер­джана адпаведная нарматыўная прававая база, абавязковая для выканання і ўрачамі, і праваахоўнымі органамі. “Ёсць нормы Канстытуцыі, Закона аб ахове здароўя, якімі гарантуецца ў тым ліку захаванне ўрачэбнай тайны. Ніякіх навацый у мэтах змяніць дзеючае заканадаўства ні ўрад, ні іншыя структуры не ініцыіравалі, — падкрэсліў ён. — Прававая сістэма ў плане аказання медыцынскай дапамогі, дыспансерызацыі не мяняецца”. Правядзенне дыспансерызацыі дзяцей і дарослых накіравана на своечасовае выяўленне тых ці іншых захворванняў, адхіленняў, каб чалавек мог атрымаць кваліфікаваную дапамогу. Гэта садзейнічае падтрыманню здароўя нацыі. “Калі ж ёсць прыкметы проціпраўнага ўздзеяння на дзіця, падключаюцца ўсе. Мы тут павінны актыўна працаваць над тым, каб берагчы нашых дзяцей, прапагандаваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці”, — адзначыў Ігар Петрышэнка. Намеснік прэм’ер-міністра перакананы: важна, каб менавіта ў сям’і дзеці дзяліліся сваімі праблемамі.

Віцэ-прэм’ер яшчэ раз падкрэсліў, што ніякіх дадатковых навацый, падыходаў у гэтай сферы ўводзіць не плануецца.