Урачыстая лінейка піянерыі

- 11:23Навіны рэгіёнаў

Абласное свята “Піянерыі Беларусі “3:0”, прысвечанае 30-годдзю БРПА, прайшло на Магілёўшчыне. Удзел у мерапрыемстве прынялі дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх раёнаў вобласці.

Святочная лінейка пачалася з прыёму ў піянеры акцябрат. Піянерскія гальштукі ім павязалі ветэраны, партнёры і сябры арганізацыі. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўпэўнена прамовілі словы ўрачыстага піянерскага абяцання.

— Менавіта ў шэрагах піянерскай арганізацыі дзеці набываюць якасці, неабходныя для далейшага жыцця на карысць сваёй радзімы. Шчыра віншую вас з гэтай знамянальнай падзеяй, з уступленнем у піянеры. Дзейнічайце, развівайцеся, будзьце лідарамі. Няхай рэалізуюцца ўсе вашы мары, а дзяцінства будзе шчаслівым, — павіншаваў піянераў дырэктар абласнога Цэнтра творчасці С.Б.Іваноў.

Падчас свята піянерскія дружыны паказалі харэаграфічныя і вакальныя выступленні, паўдзельнічалі ў флэш-мобе “БРПА — тэрыторыя дзяцінства”, наведалі ваенную экспазіцыю і музей К.Сіманава Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага, дзе ўсклалі кветкі, Вахтай Памяці і хвілінай маўчання ўшанавалі подзвіг герояў Вялікай Айчыннай вайны. Завяршылася ўрачыстая лінейка запускам у неба паветраных шароў з сімволікай БРПА.

Сёння Магілёўская абласная піянерская арганізацыя аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах звыш 68 тысяч акцябрат і піянераў, рэалізуе праекты “Сустрэчы на ўсе 100!”, “Вотчына.by”, “Піянерскі квіз”, “ЭкаЦімураўцы” і многія іншыя. Усе ініцыятывы накіраваны на ўсебаковае развіццё падрастаючага пакалення, выхаванне юных беларусаў сапраўднымі патрыётамі сваёй радзімы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.