Урачысты прыём і баль для педагогаў

У першую нядзелю кастрычніка ў Беларусі традыцыйна будуць адзначаць Дзень настаўніка. Аднак ужо цяпер мерапрыемствы да гэтага агульнанароднага свята праходзяць па ўсёй краіне. Сёння ў Палацы Рэспублікі адбудзецца ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню настаўніка, на якое з’едуцца лепшыя педагагічныя работнікі з усёй Беларусі.

Напярэдадні настаўніцкага свята ў Гродне на прыём да старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка запрасілі вядучых педагогаў вобласці — пераможцаў і ўдзельнікаў фінальных этапаў рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” розных гадоў.

У.С.Каранік адзначыў: “У прафесіі педагога ў вобласці, ды і ў цэлым у краіне, падабраліся выдатныя кадры, якія з годнасцю нясуць ускладзеную на іх місію і дапамагаюць новым пакаленням беларусаў атрымаць пуцёўку ў дарослае жыццё. У Беларусі заўсёды ўдзялялася вялікая ўвага развіццю адукацыі. Такі падыход, а таксама вялікая колькасць неабыякавых настаўнікаў дазваляюць краіне займаць вядучыя пазіцыі ў розных рэйтынгах. У прыватнасці, па індэксе развіцця, які выкарыстоўваецца для разліку індэкса чалавечага развіцця, Беларусь займае 32-ы радок — гэта лепшы паказчык сярод краін СНД. За такімі паказчыкамі стаіць велізарная праца арміі педагагічных работнікаў”. Уладзімір Сцяпанавіч адзначыў, што такія сустрэчы — гэта не толькі магчымасць выказаць падзяку настаўнікам за іх працу, але і магчымасць выслухаць, што хвалюе педагагічных работнікаў.

Удзельнікі ўрачыстай сустрэчы абмеркавалі шэраг тэм, сярод якіх — павышэнне сацыяльнага статусу настаўніка, развіццё сістэмы адукацыі рэгіёна, павышэнне эфектыўнасці працы педагога, паляпшэнне прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі і інш.

Як сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык, выбар удзельнікаў сустрэчы з кіраўніком аблвыканкама невыпадковы. У гэтым годзе конкурсу “Настаўнік года” — 30 гадоў, і за гэты час ён стаў візітнай карткай сістэмы адукацыі краіны. У 12 рэспубліканскіх конкурсах, якія праводзяцца раз на 3 гады, Гродзенскую вобласць прадстаўлялі 46 педагогаў, тройчы настаўнікі рэгіёна станавіліся пераможцамі. З усіх, хто прадстаўляў Гродзеншчыну на конкурсе, 16 удзельнікаў маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, 10 чалавек сталі кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, трое — выкладчыкамі ўстаноў вышэйшай адукацыі, двое — кандыдатамі навук.

“Сёння яны як лідары меркаванняў напрамую ўплываюць на працэсы, якія адбываюцца ў сістэме адукацыі, удзельнічаюць у распрацоўцы канцэпцыі развіцця адукацыі, з’яўляюцца дэлегатамі з’езда настаўнікаў СНД. Але важна, што яны захоўваюць сваё выкладчыцкае амплуа, удасканальваюць прафесійныя навыкі”, — падкрэсліў Руслан Юр’евіч.

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 10 Гродна Таццяна Аляксандраўна Качан, якая прадстаўляла Гродзеншчыну на конкурсе ў 2020 годзе, зазначыла, што ўдзел у конкурсе “Настаўнік года” даў магчымасць прааналізаваць увесь свой педагагічны вопыт і падзяліцца ім з іншымі, па-новаму паглядзець на звыклыя рэчы.

Запрошаныя на мерапрыемства педагогі прыехалі ў Гродна не толькі для таго, каб сустрэцца з кіраўніцтвам вобласці. На працягу двух дзён яны правядуць серыю майстар-класаў для дзеючых педагогаў вобласці, а таксама для студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей.

Па словах дырэктара ліцэя № 1 Гродна Ігара Маслава, які ўдзельнічаў у конкурсе “Настаўнік года” ў 2011 годзе, удзел у конкурсе на ўсіх яго этапах — велізарнае выпрабаванне. Але выпрабаванне, якое мяняе педагога ў лепшы бок. І ты думаеш над кожным урокам, над кожнай сустрэчай з дзецьмі, з бацькамі. Па словах Ігара Сяргеевіча, конкурс можа стаць і прыступкай у кар’еры педагога.

Напярэдадні Дня настаўніка ў рэгіёне плануюцца і іншыя мерапрыемствы — флэш-мобы, тэматычныя канферэнцыі і круглыя сталы, а таксама ўжо традыцыйны настаўніцкі баль для маладых педагогаў. Упершыню незвычайная ідэя была рэалізавана ў 2018 годзе. Тады 18 пар станцавалі ў шчучынскім палацы Друцкіх-Любецкіх. Традыцыя адновіцца ў гэтую пятніцу ў Гродне.

Па словах дырэктара абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяны Асмалоўскай, танцавальнае майстэрства і грацыю прадэманструюць маладыя настаўнікі з усіх раёнаў Гродзеншчыны. Будзе выканана пяць танцаў: вальс, полька, падэграс, падэспань і паланез. Мерапрыемства абяцае быць захапляльным. Атмасферу створаць дэталёва падабраныя ўборы: дамы будуць у вячэрніх сукенках, кавалеры — у фрачных касцюмах.

Падрыхтавала Наталля ДЗМІТРЫЕВА.
Фота БелТА.