Урад паставіць заслон непраўдзівым навінам

- 11:26Інфармацыйная гадзіна

Урад Францыі мае намер да канца 2018 года падрыхтаваць законапраект аб супрацьдзеянні непраўдзівым навінам у інтэрнэце. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на заяву афіцыйнага прадстаўніка ўрада краіны Бенжамена Грыво ў інтэрв’ю каналу навін BFM.

“Гэта адбудзецца ў найбліжэйшыя месяцы…” — сказаў Бенжамен Грыво, каменціруючы словы Прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона пра неабходнасць распрацоўкі і прыняцця закона, які быў бы накіраваны на абарону ад непраўдзівых навін. Ён падкрэсліў, што сёння ў сацсетках распаўсюджваецца многа фальшывых навін. “Павінна быць дакладная інфармацыя і крыніцы, гэта мне здаецца неабходным”, — заявіў Бенжамен Грыво.

У Францыі з 1981 года ўжо дзейнічае закон аб супрацьдзеянні непраўдзівым навінам, за парушэнне якога прадугледжаны штраф у 45 тысяч еўра. Аднак, на думку Бенжамена Грыво, з той пары “СМІ вельмі змяніліся”. Менавіта таму заканадаўства трэба актуалізаваць. Па яго словах, ураду неабходна знайсці “самы эфектыўны спосаб, каб палажыць канец фальшывым навінам”.

Раней, 3 студзеня 2018 года, у час выступлення перад прадстаўнікамі Асацыяцыі прэзідэнцкай прэсы ў Елісейскім палацы Эмануэль Макрон заявіў пра неабходнасць распрацоўкі закона аб барацьбе з непраўдзівымі навінамі.

Прэзідэнт лічыць, што трэба абараніць Францыю і яе “дэмакратычнае жыццё” ад падману. Асабліва актуальнай абарона становіцца ў перадвыбарны перыяд.