Урад патрабуе ўдакладніць: аб’яўлена незалежнасць ці не?

Кіраўнік Каталоніі Карлес Пучдэмон падвёў у рэгіянальным парламенце вынікі рэферэндуму аб незалежнасці аўтаномнай вобласці.

Як паведамляе ТАСС, да самага вечара 10 кастрычніка не было вядома, аб’явіць палітык у парламенце аб выхадзе рэгіёна са складу Іспаніі ў аднабаковым парадку або не. У выніку кіраўнік Каталоніі і іншыя кіраўнікі аўтаноміі падпісалі дакумент аб абвяшчэнні незалежнасці рэгіёна ад Іспаніі, назва якога гучыць як “Дэкларацыя народных прадстаўнікоў Каталоніі”, аднак пакуль прыпынілі яго дзеянне.

У звернутай да парламентарыяў прамове Карлес Пучдэмон растлумачыў, што Барселона ўсё яшчэ разлічвае на разумны дыялог з Мадрыдам і адразу ж прыпыняе фармальны працэс аднабаковага абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту. “Урад і я асабіста прапануем парламенту прыпыніць абвяшчэнне незалежнасці, каб у бліжэйшыя тыдні мы змаглі пачаць дыялог, без якога нельга прыйсці да агульнага рашэння”, — заявіў ён.

Мяркуецца, што для зацвярджэння дакумент павінен быць вынесены на галасаванне парламента, калі перагаворы паміж Барселонай і Мадрыдам аб мірным урэгуляванні крызісу пацерпяць няўдачу.

Рэакцыя ад Мадрыда на “Дэкларацыю народных прадстаўнікоў Каталоніі” пайшла неадкладна. Старшыня ўрада Марыяна Рахой склікаў на 11 кастрычніка пазачарговае пасяджэнне Савета міністраў, на якім было прааналізавана рашэнне каталонскага парламента. Паводле слоў намесніка кіраўніка кабінета міністраў, Пучдэмон прывёў аўтаномную вобласць “да буйнейшай у гісторыі нявызначанасці”.

Урад Іспаніі патрабуе ад кіраўніцтва Каталоніі ўдакладніць, што азначае дэкларацыя незалежнасці, падпісаная рэгіянальнымі ўладамі, заявіў старшыня ўрада каралеўства Марыяна Рахой па выніках экстраннага пасяджэння Савета міністраў.

“Іспанскі ўрад патрабуе ўдакладніць, ці была аб’яўлена незалежнасць”, — сказаў прэм’ер. Ён адзначыў, што “гэты запыт неабходны пры актывацыі 155-га артыкула Канстытуцыі”.

Адзначаецца, што гэты артыкул асноўнага закона ніколі не прымяняўся ў гісторыі дэмакратычнай Іспаніі. Ён дае магчымасць Мадрыду прыпыніць самакіраванне Каталоніі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *