Урад прапануе ўзмацніць ролю дзяржавы як уласніка ў кіраванні дзяржпрадпрыемствамі

- 12:36Інфармацыйная гадзіна

Як патлумачыў па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы прэм’ер-міністр Сяргей Румас, урад унёс на разгляд прэзідэнта прапановы аб узмацненні ролі дзяржавы як уласніка ў кіраванні прадпрыемствамі.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, пытанне аб кіраванні дзяржпрадпрыемствамі выклікала найбольшую дыскусію на праведзенай у прэзідэнта нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў. “Пры кіраванні буйнымі акцыянернымі таварыствамі з пераважнай доляй дзяржавы ёсць добрыя прыклады, калі сфарміраваныя на гэтых прадпрыемствах саветы дырэктараў (наглядальныя саветы) эфектыўна рэалізуюць функцыі ўласніка. Разам з тым ёсць і іншыя прыклады, калі створаныя органы кіравання працуюць фармальна. На жаль, гэта прыводзіць да няправільных інвестыцыйных рашэнняў, і фінансавыя вынікі работы гэтых прадпрыемстваў вымушаюць жадаць лепшага”, — адзначыў Сяргей Румас.

Ён канстатаваў, што ў сярэднім прадукцыйнасць працы на прадпрыемствах з дзяржаўнай уласнасцю ніжэйшая, чым на прыватных прадпрыемствах або прадпрыемствах з удзелам замежнага капіталу. “У сувязі з гэтым урад унёс на разгляд кіраўніка дзяржавы прапановы аб узмацненні ролі дзяржавы як уласніка ў кіраванні гэтымі прадпрыемствамі. У першую чаргу гэта тычыцца органаў кіравання — наглядальных саветаў або саветаў дырэктараў, з дапамогай якіх дзяржава рэалізуе сваю функцыю кіравання гэтымі прадпрыемствамі праз назначэнне туды сваіх прадстаўнікоў”, — заявіў прэм’ер-міністр.

Сяргей Румас растлумачыў, што адпаведны інстытут працуе ўжо ў краіне і ўсе функцыі прадстаўнікоў уласніка і нанятага менеджменту — дырэктараў прадпрыемстваў — прапісаны ў законе. Кіраўнік дзяржавы даручыў разгледзець гэтае пытанне яшчэ раз да канца года па пасяджэнні ўрада з прыцягненнем паспяховых прадстаўнікоў бізнесу, якія з’яўляюцца альбо ўласнікамі буйных прадпрыемстваў, альбо іх дырэктарамі. “Каб дзяржава, выкарыстоўваючы вопыт, які напрацаваны ў Беларусі, магла прыняць больш правільныя і ўзважаныя кіраўніцкія рашэнні”, — растлумачыў кіраўнік урада.

Ён расказаў, што такую нараду правядуць да канца года і прэзідэнту будуць унесены неабходныя прапановы, якія ў тым ліку будуць тычыцца і назначэння вышэйшых службовых асоб прадстаўнікамі дзяржавы ў самых буйных сістэмных прадпрыемствах Беларусі. Паводле слоў Сяр гея Румаса, такія прадстаўнікі, выкарыстоўваючы свой вопыт, змогуць дапамагчы прадпрыемствам працаваць больш эфектыўна.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што на частцы прадпрыемстваў сфарміраваныя саветы дырэктараў і наглядальныя саветы працуюць фармальна, хоць і цяпер на найбольш буйных дзяржпрадпрыемствах прадстаўнікамі дзяржавы з’яўляюцца чыноўнікі на ўзроўні намесніка міністра або нават міністра. “Пры каардынуючай ролі Дзяржкаммаёмасці павінна быць упарадкавана сістэма і выбудаваны спіс — у кожнага міністра або намесніка міністра павінна быць не больш за два такія прадпрыемствы, дзе ён будзе назначаны прадстаўніком дзяржавы, — сказаў Сяргей Румас. — Гэтыя высокія службовыя асобы павінны ўзначаліць наглядальныя саветы і несці адказнасць перад уласнікам (дзяржавай) за вынікі іх работы”.

Кіраўнік урада ўдакладніў, што за прадстаўнікамі дзяржавы на прадпрыемствах — пытанні стратэгіі і кантроль за выкананнем адпаведнай лініі; за дырэктарамі — кіраўніцтва прадпрыемствамі. “І гэтыя функцыі ні ў якім выпадку не павінны перасякацца”, — падкрэсліў ён.