Урад занепакоены пытаннем нарошчвання і дыверсіфікацыі экспарту

- 10:57Інфармацыйная гадзіна

Сітуацыя з экспартам па выніках студзеня — жніўня 2019 года няпростая і не можа задавольваць, заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе разглядаліся пытанні нарошчвання і дыверсіфікацыі экспарту.

“Сітуацыя па выніках васьмі месяцаў няпростая і не можа нас задавольваць. Экспарт не дасягнуў узроўню аналагічнага перыяду мінулага года, тэмп росту (экспарту тавараў. — Заўвага БелТА.) — 96,9 працэнта. Шмат пытанняў да міністраў, губернатараў, сур’ёзна недапрацоўвае Міністэрства замежных спраў і кіраўнікі замежных устаноў”, — лічыц­ь Сяргей Румас.

Калі ачысціць экспарт тавараў ад нафтавай групы, то тэмп росту складае 100,9 працэнта, аднак, на думку прэм’ер-міністра, гэта не павінна служыць ні для каго заспакаеннем.

Атрыманы папярэднія вынікі работы эканомікі за 9 месяцаў — рост прадаўжае запавольвацца (папярэдне 101 працэнт па выніках студзеня — верасня). “І гэта нягледзячы на дзяржаўную падтрымку і запэўніванні кіраўнікоў міністэрстваў пра тое, што зацверджаныя планы будуць выкананы. Калі няма вытворчасці, як можа расці экспарт? Гэта ж узаемазвязаныя пытанні. Кіраўнікі павінны несці адказнасць за свае словы і абавязацельствы”, — падкрэсліў кіраўнік урада. Ён даручыў першаму віцэ-прэм’еру Аляксандру Турчыну падрыхтаваць пасяджэнне Савета Міністраў па выніках работы эканомікі за 9 месяцаў, дзе прааналізуюць усе абяцанні, дадзеныя кіраўнікамі дзяржорганаў і прадпрыемстваў на пасяджэннях ва ўрадзе, з ацэнкай дзеянняў гэтых кіраўнікоў. Абмеркаванне запланавана ў першай дэкадзе лістапада.

Не ўдаецца размеркаваць пароўну экспартныя пастаўкі паміж ЕАЭС, ЕС і іншымі краінамі. Павялічылася доля ЕАЭС, прасела доля Еўрапейскага саюза. Тут вялікі ўплыў аказала нафта, асабліва ў частцы еўрапейскага рынку, аднак гэта не адзіная прычына, адзначыў Сяргей Румас.

Кіраўнік урада звярнуў увагу, што ў вырашэнні задачы краінавай дыверсіфікацыі экспарту найважнейшая роля адводзіцца замежным установам. Аднак з 57 у 37 замежных установах не выконваюцца даведзеныя заданні па экспарце тавараў, у 15 — другі год запар. “Па большасці з гэтых замежных устаноў няма аргументаваных тлумачэнняў, як і мер рэагавання з боку МЗС”, — дадаў Сяргей Румас.