Урад зоймецца выбудоўваннем карпаратыўнага кіравання на дзяржпрадпрыемствах

- 10:38Інфармацыйная гадзіна

Ключавой задачай урада ў 2019 годзе будзе павышэнне эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці дзяржсектара, заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на пасяджэнні Савета Міністраў, дзе абмяркоўваюцца вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2018 годзе, ацэнка першага квартала і выкананне ключавых параметраў 2019 года.

“Ключавой задачай урада на найбліжэйшую перспектыву з’яўляецца павышэнне эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці дзяржаўнага сектара эканомікі, прычым гэта тычыцца як рэспубліканскіх, так і камунальных прадпрыемстваў. Сёння фактычна не працуюць рыначныя інструменты для фінансавага аздараўлення прадпрыемстваў. Пры гэтым многія дзяржаўныя прадпрыемствы разлічваюць выключна на бюджэтную падтрымку”, — адзначыў Сяргей Румас.

Прэм’ер-міністр нагадаў, што кіраўніком дзяржавы вызначаны дакладныя патрабаванні адносна падрыхтоўкі і ўнясення мер дзяржпадтрымкі арганізацый. У адпаведнасці з імі ўрад выключыў унясенне на разгляд кіраўніка дзяржавы пытанняў, звязаных з прамой бюджэтнай падтрымкай прадпрыемстваў. “Прадпрыемствы, якія не выканалі ўмовы аказанай ім дзяржпадтрымкі і не дасягнулі задэклараваных мэт яе прадастаўлення, больш не маюць права разлічваць на такую дапамогу. Калі прадпрыемства сапраўды развіваецца, выходзіць на стабільную і рэнтабельную работу, але па аб’ектыўных прычынах не можа своечасова пагасіць накопленую запазычанасць, урад у выключных выпадках гатовы разгледзець магчымасць яе рэструктурызацыі”, — растлумачыў Сяр гей Румас. Але ўсе рашэнні будуць суправаджацца строгім кантролем з боку ўрада і, як правіла, зменай кіраўніка прадпрыемства.

Акрамя таго, у 2019 годзе ўрад зоймецца выбудоўваннем карпаратыўнага кіравання на дзяржпрадпрыемствах. Падрыхтаваны ўжо і ўнесены на разгляд кіраўніка дзяржавы адпаведны праект указа, які прадугледжвае назначэнне прадстаўнікамі дзяржавы вышэйшых службовых асоб у наглядальныя саветы найбольш значных акцыянерных таварыстваў з доляй дзяржавы і статутных фондах. “Мэта — ператварыць наглядальныя саветы з фармальнага органа ў штаб, які фарміруе стратэгію ў канкурэнтнай барацьбе і, што немалаважна, кантралюе яе выкананне для дасягнення доўгатэрміновых мэт развіцця”, — падкрэсліў Сяргей Румас.