Педагогі Манькавіцкага ясляў-сада Столінскага раёна вялікую ўвагу ўдзяляюць працоўнаму выхаванню дзяцей, якое ўключае работу на зямлі. Вясной дашкольнікі разам з выхавальнікамі пасадзілі на агародзе ўстановы буракі, моркву, бульбу, кукурузу, цыбулю, кабачкі і радыску. На працягу лета дзеці актыўна працавалі на зямлі: палолі, акучвалі, рыхлілі і палівалі садавіну і агародніну. І вось надышоў час збору асенняга ўраджаю.
— Гэтага моманту дашкольнікі чакалі з нецярпеннем, — расказвае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Манькавіцкага ясляў-сада Іна Уладзіміраўна Козел. — Пад кіраўніцтвам выхавальніцы Людмілы Уладзіміраўны Сень і яе памочніцы Наталлі Васільеўны Мельнік дзеці з гонарам і радасцю збіралі ўраджай, вырашчаны сваімі рукамі. Сабраныя караняплоды акуратна складвалі ў скрыні для захоўвання. Атрымаўся добры запас агародніны для любімага гадаванца — хамяка Хомкі.
У дашкольнай установе ўпэўнены, што сумесная праца дзяцей на агародзе вучыць адказнасці, фарміруе працоўныя навыкі, спалучае разумовыя і валявыя намаганні, аб’ядноўвае калектыў і прыносіць задавальненне ад фізічнай работы.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.