Уражанні на год наперад

У чым залог добрай вучобы школьнікаў на працягу ўсяго навучальнага года? Вядома — у якасным летнім аздараўленні. Гэтага пастулата прытрымліваюцца супрацоўнікі аддзела па адукацыі Горацкага райвыканкама, арганізоўваючы для навучэнцаў раёна яркі, запамінальны, цікавы адпачынак.

— Плануючы кожную летнюю аздараўленчую кампанію, мы зыходзім непасрэдна з патрэб дзяцей і іх бацькоў. Заўсёды імкнёмся арганізаваць аздараўленне разнастайна, таму вялікую ўвагу ўдзяляем функцыянаванню летнікаў па профілях, напрамках дзейнасці, каб кожнае дзіця змагло знайсці для сябе адпачынак па інтарэсах. Упор робім таксама на арганізацыю занятасці навучэнцаў. Так, для падлеткаў, якія хочуць не толькі адпачыць, але і зарабіць першыя грошы,  у нас дзейнічаюць лагеры працы і адпачынку. Сёлета мы нават упершыню адкрылі такі летнік з кругласутачным знаходжаннем, — расказала метадыст Горацкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета С.П.Крываносава.

Па яе словах, толькі за мінулы перыяд летніх канікул аздараўленне ў лагерах прайшлі звыш 500 дзяцей. Асаблівую цікавасць у мясцовых школьнікаў выклікае аздараўленне ў лагеры “Вясёлка”, які арганізуецца на базе сярэдняй школы № 1 райцэнтра. Жадаючых трапіць сюды сярод горацкай дзятвы мноства. І на гэта ёсць прычыны.

— Перыяд летніх канікул надзвычай спрыяльны для развіцця творчага патэнцыялу, удасканалення асобасных магчымасцей дзяцей. Мы стараемся пастаянна прыдумваць новыя формы аздараўленчай дзейнасці, каб максімальна зацікавіць навучэнцаў. Напэўна, таму хлопцы і дзяўчаты, якія аднойчы пабывалі ў нас, імкнуцца трапіць у лагер зноў і зноў, — паведаміла дырэктар сярэдняй школы № 1 Горак А.П.Манаева.

І сапраўды, падстаў вярнуцца ў “Вясёлку” ў будучым годзе ў тых, хто адпачываў тут сёлета, хоць адбаўляй. Праграма аздараўлення ў летніку была вельмі насычанай.

— На працягу 18 дзён у нас адпачывалі 23 навучэнцы. Кожны дзень быў тэматычным. Уся выхаваўчая работа была накіравана на рознабаковае развіццё дзяцей. Вядома, найбольшую ўвагу мы ўдзялілі ўмацаванню здароўя хлопчыкаў і дзяўчынак. Акрамя штодзённай зарадкі і рухавых гульняў, мы арганізавалі для іх цыкл спартыўных гульнявых праграм. “Моцныя. Смелыя. Спрытныя. Умелыя!”, “Гульнявое асарці”, “Калейдаскоп”, “Залатая скакалка”, “Спорт-жыццё”, “Трапны стралок”, “Кніга рэкордаў лагера” — падчас гэтых гульняў дзеці праяўлялі кемлі­васць, знаходлівасць, салідар­насць, згуртаванасць, паказалі свае веды па розных відах спорту. З вялікім задавальненнем яны ўдзельнічалі і ва ўсіх спартыўных эстафетах, — адзначыла А.П.Манаева. 

Яркія эмоцыі і ўражанні ў навучэнцаў, якія адпачывалі ў “Вясёлцы”, выклікалі таксама тэматычныя мерапрыемствы. Разнастайныя конкурсы, віктарыны, гутаркі, сустрэчы, падарожжы пакінулі яскравы след у сэрцах дзяцей. За кожнае сваё дасягненне ўдзельнікі атрымлівалі граматы і салодкія прызы. Гэта ў значнай ступені стымулявала хлопцаў і дзяўчат на поспех.

Не менш яскрава і займальна прахо­дзіла аздараўленне горацкіх навучэнцаў у летніку з кругласутачным знаходжаннем “Ліра”, які функцыянаваў у Добраўскім вучэбна-педагагічным комплексе. Дзякуючы намаганням педагогаў, у выхаванцаў гэтага лагера не заставалася часу на пасіўнасць, уся іх дзейнасць была зараджана станоўчымі эмоцыямі, пазнавальнай цікавасцю і дапытлівасцю.

— Лагер — гэта соцыум у мініяцюры. Падчас змены дзіця вучыцца ствараць калектыўныя праекты, заводзіць новых сяброў, раскрывае свае лідарскія якасці, прымярае на сябе новыя сацыяльныя ролі. Усё гэта вельмі важна, таму нашы выхавальнікі з вялікай любоўю робяць сваю справу і ўкладваюць усе сілы ў тое, каб адпачынак у “Ліры” быў разнастайным і карысным. Забаўляльная праграма ў нас кожны сезон унікальная і непаўторная. Дружба, шчасце, смех, перамогі, узаемадапамога, спаборніцтвы, камандны дух, шчырасць, каханне, новыя адкрыцці, незабыўныя эмоцыі, яркія ўспаміны — гэта тое, чым наш лагер жыве кожнае лета, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Добраўскага ВПК Г.А.Антаневіч.

А вось у лагеры працы і адпачынку з кругласутачным знаходжаннем “Юнацтва” ў Саўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе навучэнцы не толькі выдатна аздаравіліся, але і зарабілі першыя грошы. Дванаццаць падлеткаў ва ўзросце 14—17 гадоў на працягу дзевяці дзён шчыравалі на ўгоддзях Горацкага лясгаса. Кожны дзень яны па чатыры гадзіны працавалі, а ў астатні час разнастайна адпачывалі. Працоўнай дзейнасцю навучэнцаў кіраўніцтва лясгаса было задаволена. Акрамя падзякі, кожны падлетак атрымаў і заработную плату ў памеры каля 100 рублёў.

…Калі ўмовы добрыя, то і адпачынак атрымліваецца ад душы. У летніках Горацкага раёна мясцовая дзятва кожны дзень адкрывае для сябе штосьці новае, спасцігае азы самастойнага жыцця, правярае свае веды і ўменні ў розных конкурсах, вучыцца жыць у калектыве. Нядзіўна, што час у лагерах пралятае для дзяцей непрыметна. Але атрыманых уражанняў у кожнага з іх з лішкам хопіць на ўвесь наступны год.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановамі адукацыі.