Урок для дарослых «Работа над памылкамі: эфектыўны інструментарый». Арганізацыя вучэбных заняткаў па карэкцыі ведаў

- 12:30Журнал "Народная асвета", Образование

Многія настаўнікі-прадметнікі ў сваёй практыцы сутыкаюцца з праблемай правядзення на ўроках работы над памылкамі, каб яна не была фармальнай і не зводзілася да перапісвання навучэнцамі па некалькі разоў няправільна напісаных слоў або выканання заданняў на пэўнае правіла. Менавіта таму неабходна шукаць новыя падыходы да арганізацыі вучэбных заняткаў па карэкцыі ведаў, якія будуць накіраваны на выяўленне канкрэтных прабелаў, іх аналіз і адпрацоўку.

С. П. ЕМЯЛЬЯНАВА-РАМАНОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
гімназіі № 1 г. Оршы імя Г. В. Сямёнава

Якім павінен быць алгарытм правядзення ўрокаў па карэкцыі ведаў? Як прадуктыўна арганізаваць такую працу на вучэбных занятках па розных прадметах? Які метадычны інструментарый у гэтым выпадку стане найбольш эфектыўным? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказ удзельнікі ўрока для дарослых «Работа над памылкамі: эфектыўны інструментарый».

Мэта ўрока для дарослых: павышэнне прафесійнага майстэрства педагогаў у пытаннях падрыхтоўкі да ўрокаў па карэкцыі ведаў.

Задачы:

  • удасканаліць прадметна-метадычныя кампетэнцыі настаўнікаў;
  • пазнаёміць удзельнікаў з алгарытмам арганізацыі ўрокаў па карэкцыі ведаў;
  • стварыць умовы для развіцця ў педагогаў рэфлексіўных навыкаў.

Ход урока для дарослых

I. Арганізацыйна-матывацыйны этап

Вядучы вітае ўдзельнікаў і знаёміць іх з асаблівасцямі ўрока для дарослых як формы метадычнай работы. Аб’яўляецца тэма мерапрыемства, арганізуецца абмеркаванне пытання: «З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца настаўнікі падчас правядзення ўрокаў па карэкцыі ведаў?» Кожны прысутны атрымлівае картку з табліцай, якую патрэбна запоўніць у ходзе ўрока для дарослых. Сумесна фармулюецца яго мэта.

Цяжкасці пры правядзенні ўрока па карэкцыі ведаў

Інструментарый для арганізацыі работы

 

 

Вядучы прапануе педагогам прааналізаваць памятку па падрыхтоўцы і правядзенні ўрока па карэкцыі ведаў, якую кожны атрымлівае для папаўнення свайго метадычнага партфоліа.

 Памятка
Падрыхтоўка да ўрока

  1. Вынікі кантрольнай або праверачнай работы неабходна прааналізаваць і аформіць у выглядзе табліцы, дзе будуць указаны прозвішчы навучэнцаў, уменні, якія правяраліся, і вынік (кожны настаўнік можа выбраць зручны для сябе спосаб фіксацыі). Затым патрэбна вызначыць, на якія правілы дапушчана найбольшая колькасць памылак, хто з навучэнцаў іх дапусціў, а хто выканаў работу бездакорна. Гэта дапаможа забяспечыць індывідуальны падыход пры правя­дзенні ўрока.
  2. У суадноснасці з заданнямі, дзе дапушчана шмат памылак, трэба падрыхтаваць карэкцыйныя наборы (карткі), толькі з іншым зместам. У кожным наборы павінна быць 15–20 картак на адпрацоўку канкрэтнага ўмення. Карткі кладуцца ў асобныя канверты. Дадаткова рыхтуецца яшчэ адзін набор з заданнямі павышанай складанасці па тэме кантрольнай або праверачнай работы для тых вучняў, хто памылак не дапусціў.

Картка з карэкцыйнага набору выглядае так: частка 1 – тэарэтычны матэрыял (правіла) або алгарытм дзеяння пры выкананні задання; частка 2 – заданне; частка 3 – адказ. Складаецца картка так, каб правіла і заданне былі звонку, а правільнае рашэнне ўнутры (гармонікам).

Прыклад карткі

 

Правер:

 

407>89,

 

392>345

 

Параўнай:

 

407 і 89,

 

392 і 345

Карэкцыйны набор

Каб параўнаць шматзначныя лікі, трэба памятаць:

1) з двух лікаў, якія маюць розную колькасць лічбаў, большы той лік, у якога лічбаў больш: 2564 > 423;

2) шматзначныя лікі, якія маюць аднолькавую колькасць лічбаў, параўноўваюцца паразрадна, пачынаючы з вышэйшага разраду:

2927<3567

2927>2834

2927<2937

2927>2928

  1. На кожнага вучня мэтазгодна раздрукаваць ацэначныя лісты, дзе дзеці будуць рознымі колерамі адзначаць, з якімі заданнямі працавалі і як справіліся.

Ацэначны ліст_____________________________

Нумар набору

Адзнака аб выкананні

Без памылак – зялёны кружок;
з памылкамі – чырвоны кружок

 

 

 

Заданні павышанай складанасці

 

 

  1. Для вучняў неабходна падрыхтаваць карткі памерам 5х3 см з іх імёнамі па колькасці карэкцыйных набораў (калі вучань дапусціў памылкі на 3 правілы, то і картак з яго іменем павінна быць 3). Карткі трэба падклеіць скотчам, каб можна было ўзяць неабходную колькасць і прымацаваць на дошцы.

 Правядзенне ўрока

  1. Арганізацыйны момант

За 1–2 хвіліны неабходна падвесці вучняў да першага задання, якое яны выконвалі падчас праверачнай работы.

  1. Аналіз праверачнай работы

На этап адводзіцца 15–20 хвілін.

Вучні пад кіраўніцтвам настаўніка ля дошкі выконваюць заданні праверачнай работы, у якіх была дапушчана найбольшая колькасць памылак. Гэта можа быць арганізавана рознымі спосабамі: 1) тлумачыць вучань, які зрабіў гэтае заданне без памылак; 2) падчас франтальнай работы вучні да­юць адказы або вызначаюць парадак дзеянняў; 3) дзеці выбіраюць з прапанаваных варыянтаў правільнае рашэнне.

Сумесна вызначаюцца ўменні, якія правяраліся пры выкананні кожнага задання.

Важна на гэтым этапе не раздаваць вучням іх работы – гэта дазволіць правесці індывідуальную рэфлексію («А я так разважаў») і забяспечыць увагу на ўроку.

  1. Аналіз навучэнцамі ўласных работ

Настаўнік раздае вучням іх работы. Дзеці суадносяць памылкі з правіламі і вызначаюць тыя ўменні, якія трэба адпрацаваць.

  1. Этап карэкцыі ведаў

Кожны вучань прымацоўвае картку са сваім іменем на дошку пад карткамі з назвамі тых уменняў, якія плануе адпрацаваць (напрыклад: уменне памнажаць велічыні, рашаць задачы на рух і г.д.). Вынікі працы абавязкова фіксуюцца ў ацэначным лісце.

  1. Этап кантролю і самакантролю

Дзеці аналізуюць сваю працу і здымаюць з дошкі адпаведныя карткі са сваімі імёнамі.

ІІ. Дзейнасны этап

Удзельнікам урока для дарослых прапануецца ўявіць сябе ў ролі вучняў на занятках па беларускай мове, падчас якіх будзе выконвацца работа над памылкамі.

Ход урока

  1. Арганізацыйны момант

На дошцы робіцца запіс:

14 кастрычніка
Работа над памылкамі

Настаўнік адзначае, што на мінулым уроку вучні пісалі праверачную работу па тэме «Правілы беларускай арфаграфіі», і арганізуе франтальную працу над заданнямі.

  1. Аналіз праверачнай работы

Педагог прымацоўвае на дошку картку з надпісам «Заданне 1» і прапануе вучням яго выканаць.

Заданне 1. Устаўце ў словах замест кропак раздзяляльны мяккі знак або апостраф: парц..ера, павіл..ён, куп..істае балота, Аркадз..еў, бязрыб..е, аб..інець, міл..янер, рака Амурдар..я, Марэс..еў.

Падводзяцца вынікі: з дапамогай дадзенага задання правяралася ўменне правільна ўжываць раздзяляльны мяккі знак і апостраф. Картка з адпаведным надпісам прымацоўваецца на дошцы пад карткай «Заданне 1». Такім жа чынам аналізуюцца заданні 2 і 3.

Заданне 2. Прачытайце варыянты запісу слоў, якія сустрэліся ў вашых работах. Праверце, ці правільна былі ўстаўлены літары «ў» і «у» замест кропак. Выпраўце памылкі: каля ўніверсітэта, каля ўрны, паўночна-усходні, даносіцца уханне, паўза, акварыўм, крыкі «ура», маўленне.

Заданне 3. Вызначце, як правільна трэба пі­саць наступныя словы: Велікабрытанія ці Вялікабрытанія, дзясяты ці дзесяты, сувязь ці сувезь.

  1. Аналіз навучэнцамі ўласных работ

Настаўнік раздае вучням іх праверачныя работы і просіць вызначыць, якія правілы патрэбна ўспомніць і якія ўменні адпрацаваць. Тыя вучні, у работах якіх сустракаюцца памылкі, на картках са сваімі імёнамі запісваюць, што яны будуць рабіць, і прымацоўваюць карткі на дошцы пад назвамі адпаведных уменняў. У залежнасці ад колькасці дапушчаных памылак у навучэнцаў можа быць адна, дзве або тры карткі, а можа і зусім не быць, калі работа выканана бездакорна.

Настаўнік раскладвае на партах канверты з карэкцыйнымі наборамі (прыклады картак даступны праз QR-код).

  1. Этап карэкцыі ведаў

Тыя навучэнцы, у работах якіх не было памылак, выступаюць у ролі кансультантаў. Астатнія вучні ў залежнасці ад сваіх планаў падыходзяць да адпаведнай парты, бяруць адну картку з набору, чытаюць правіла, выконваюць у сшытках заданне, правяраюць сябе з дапамогай кансультантаў, вынікі адлюстроўваюць у ацэначным лісце, кладуць картку ў канверт, бяруць наступную з гэтага ж набору. Настаўнік зазначае, што ўменне лічыцца адпрацаваным, калі заданні з дзвюх ці трох картак будуць выкананы без памылак. Пакуль навучэнцы працу­юць (кожны над сваімі памылкамі і ў сваім тэмпе), настаўнік дапамагае тым, у каго многа памылак.

  1. Этап кантролю і самакантролю

Кожны вучань аналізуе сваю работу на ўроку (па ацэначных лістах, згодна з планам) і знімае з дошкі карткі са сваім іменем, дзе запісаны ўменні, якія ўдалося адпрацаваць. З тымі вучнямі, карткі якіх у выніку засталіся на дошцы, настаўнік можа пазаймацца дадаткова на падтрымліваючых занятках ці на наступных уроках у індывідуальным парадку.

  1. Этап падвядзення вынікаў урока

Арганізуецца абмеркаванне наступных пытанняў.

  • З якой мэтай выконваецца работа над памылкамі?
  • Якія правілы беларускай арфаграфіі былі замацаваны на дадзеным уроку?
  • У якіх словах, як вы лічыце, ніколі не зробіце памылку?

III. Этап рэфлексіі

Прыём «Дапоўніце фразу». Вучні дапісваюць сказ: «На ўроку мне давялося…».

IV. Падвядзенне вынікаў урока для дарослых. Рэфлексія

Удзельнікам прапануецца вярнуцца да табліц, дзе яны фіксавалі цяжкасці ў арганізацыі ўрокаў па карэкцыі ведаў, і адзначыць тыя метадычныя інструменты, якія спрыялі вырашэнню праблем. Педагогі выказваюцца, наколькі карыснай была для іх інфармацыя, атрыманая падчас мерапрыемства, паэтапна аналізуюць ход урока для дарослых, запісваюць свае пажаданні на стыкерах і прымацоўваюць іх да дошкі.

Прыём «Дапоўніце фразу». Настаўнікі дапісваюць на картках сказ: «Падчас урока для дарослых мне ўдалося…». Карткі вывешваюцца на дошцы ў выглядзе зоркі.

Літаратура

  1. Акушевич, А. А. Урок для взрослых как форма методической работы / А. А. Акушевич // Зборнік навуковых прац Акадэміі паслядыпломнай адукацыі / рэдкал.: А. П. Манастырны (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: АПА, 2018. – Выпуск 16. – С. 9–23.
  2. Михайлов, М. В. Урок для взрослых «Обучение в сотрудничестве через проектную деятельность» / М. В. Михайлов // Народная асвета. – 2024. – № 1. – С. 59–61.
  3. Ананчыкава, А. А. Урок для дарослых – новая форма метадычнай работы / А. А. Ананчыкава // Настаўніцкая газета. – 2017. – 19 жніўня. – С. 6.

Фота на прэўю з архіва рэдакцыі
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі