Урок мужнасці ад педагогаў-франтавікоў

- 12:42Навіны рэгіёнаў

Алея Памяці настаўнікам-франтавікам адкрыта ля будынка сярэдняй школы ў вёсцы Радуша Жлобінскага раёна.

У гады Вялікай Айчыннай вайны больш за 100 настаўнікаў Жлобіншчыны абаранялі Радзіму ад фашысцкіх захопнікаў. Сярод іх — два Героі Савецкага Саюза: Сяргей Пятровіч Анішчанка і Залман Давыдавіч Віхнін. Абодвум высокія званні былі прысвоены пасмяротна.

Сярод тых, хто жывы сёння, — два дзевяностагадовыя педагогі: Міхаіл Герцаў і Уладзімір Камароў. Дарэчы, у педагагічным калектыве Радушскай школы адразу пасля вайны працавала восем настаў­нікаў-франтавікоў: Мікалай Кутоўскі, Мікалай Целяпнёў, Аркадзь Ганчароў, Аляксандр Дзянісаў, Васіль Дрозд, Яфім Косач, Трафім Петрачкоў, Іван Пшанічны.

Як расказала старшыня Жлобінскай раённай арганізацыі беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Маліцкая, па ініцыятыве прэзідыума іх арганізацыі і пры іх фінансавай падтрымцы была адкрыта алея Памяці настаўнікам-франтавікам Радушскай школы.

Да таго ж у гонар 75-годдзя Перамогі за кошт сродкаў раённай арганізацыі прафсаюзаў на будынку гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка” ў Жлобіне была абноўлена памятная дошка “Педагогам Жлобіншчыны”. На ёй выгравіраваны словы: “Настаўнікам Жлобіншчыны, якія змагаліся з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны выбралі самую мірную прафесію… Іх асабістае жыццё і праца — урок мужнасці і адданасці Радзіме”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.