Урок, народжаны натхненнем

Уроку ўжо больш за 400 гадоў, а педагогі ўсяго свету працягваюць шукаць яго эфектыўную формулу, каб дзеці ў школе гарэлі жаданнем пазнання. Гэтую ж мэту ставілі перад сабой педагогі 17 устаноў адукацыі рэспублікі, якія ўдзельнічаюць у рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі метадычнай работы па праектаванні эфектыўнага ўрока”.

Пра першыя вынікі, планы на будучыню ўдзельнікі праекта гаварылі на семінары, у якім прыняў удзел навуковы кіраўнік гэтага інавацыйнага праекта, метадыст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій АПА Таццяна Фадзееўна Пашковіч. с прайшоў у сярэдняй школе № 6 Мінска, якой на працягу дзесяці гадоў кіруе таленавіты педагог сучасны менеджар Галіна Іванаўна Гетманчук.

У індывідуальным стылі

Калектыў сталічнай шостай школы, як і астатніх 16 устаноў рэспублікі, уключыўся ў інавацыйны праект “Укараненне мадэлі метадычнай работы па праектаванні эфектыўнага ўрока” ў верасні 2014 года, і вынікі, якія яны прадставілі на семінары, аказаліся вельмі цікавымі і карыснымі. Трэба адзначыць, што школа № 6 у маі 2014 года паспяхова завяршыла работу ў інавацыйным рэспубліканскім праекце “Укараненне мадэлі ўнутрышкольнага навучання і развіцця педагогаў па стварэнні полістылявой адукацыйнай прасторы”, а цяперашні праект ва ўстанове лічаць лагічным працягам папярэдняга. За тры гады інавацыйнай дзейнасці педагогі сярэдняй школы № 6 знайшлі і адпрацавалі свае індывідуальныя настаўніцкія стылі, таму ў праект па эфектыўным уроку яны ўліліся падрыхтаванымі. На славу папрацавалі і псіхолагі школы. Як расказала намеснік дырэктара сярэдняй школы № 6 Ала Віктараўна Фядосава, яны правялі анкетаванне па 8 напрамках і вызначылі інавацыйны патэнцыял як усяго педагагічнага калектыву, так і тых настаўнікаў, якіх планавалі ўключыць у інавацыйную дзейнасць. Вынікі анкетавання, якое, дарэчы, праводзілася не ананімна, і педагогі з разуменнем да гэтага паставіліся, дапамаглі адміністрацыі школы вызначыць лакальныя тэмы даследаванняў удзельнікаў навацыі.
Для ўзняцця творчага імпульсу педагогаў было задумала правесці метадычную алімпіяду, у якую былі ўключаны пытанні па праектаванні эфектыўнага ўрока. Цікава, што ў ёй удзельнічалі не толькі педагогі школы, але і запрошаныя студэнты матэматычнага і фізічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка. Алімпіяда праходзіла ў два этапы — дыстанцыйны і вочны. Па выніках спаборніцтваў быў вызначаны пераможца, але галоўным для кіраўніцтва школы было не гэта, а выяўленне ўзроўню тэарэтычнай падрыхтоўкі педагогаў па тэме інавацыйнага праекта. Пасля метадычнай алімпіяды былі запланаваны пэўныя семінары, зроблена карэкціроўка гадавога плана і праведзена метадычная дэкада па тэме, сугучнай тэме праекта.
Падчас метадычнай дэкады настаўнікі-наватары праводзілі адкрытыя ўрокі і майстар-класы. Дырэктары сталічных школ, удзельнікі клуба “Дыялог”, якім быў прадстаўлены вопыт работы калектыву сярэдняй школы № 6 Мінска і ўручаны дыск з адкрытымі ўрокамі і майстар-класамі з метадычнага тыдня, пасля знаёмства з ім пачалі тэлефанаваць у школу, каб выказаць сваю падзяку за такі шчодры метадычны падарунак, і прапаноўвалі супрацоўніцтва.
Для таго каб настаўнікі маглі годна прадставіць свой вопыт у прафесійных выданнях, для іх быў праведзены семінар па нормах акадэмічнага пісьма. Навучанне праводзілі работнікі БДПУ імя Максіма Танка.
— Мы выступаем за тое, — адзначыла Ала Віктараўна Фядосава, — каб усе інавацыйныя праекты былі адкрытымі, гэта значыць, каб у іх прымалі ўдзел не толькі педагогі, уключаныя ў інавацыйную групу, а ўсе жадаючыя. Яны, вядома, не будуць весці дзённікі наватараў і рыхтаваць справаздачы аб праведзенай рабоце ў канцы навучальнага года, але сваім актыўным удзелам павысяць уласную метадычную кампетэнцыю і створаць здаровую канкурэнцыю нават для ўдзельнікаў інавацыйнага праекта.

Сінтэзацыя ведаў

Педагогі-наватары сярэдняй школы № 6 Мінска — людзі творчыя, захопленыя. Сярод іх ёсць як вопытныя спецыялісты, так і пачынаючыя. Некаторыя з іх аб’ядналі свае намаганні і распрацоўваюць адну тэму, як, напрыклад, настаўнік гісторыі Ларыса Анатольеўна Гарбацэвіч і настаўнік беларускай мовы і літаратуры Іна Аляксандраўна Капко, — “Інтэграваны ўрок як сродак міжпрадметнага ўзаемадзеяння”. Інтэграваныя ўрокі хоць і патрабуюць ад педагогаў шмат сіл і часу, але маюць высокую эфектыўнасць. На ўроках гісторыі Беларусі і беларускай літаратуры настаўнікі часта гавораць пра адно і тое ж. Аб’яднаўшы свае намаганні, яны могуць выклікаць у вучняў вялікую цікавасць, калі тыя пачынаюць аналізаваць, параўноўваць, шукаць сувязі паміж прадметамі і падзеямі. Узаемасувязь можна знайсці паміж усімі школьнымі прадметамі, але галоўная праблема — у састыкоўцы вучэбных праграм. Часцей за ўсё інтэграваныя ўрокі праводзяцца па тэмах абагульнення і замацавання ведаў.
Ларыса Анатольеўна распрацоўвала ўрокі з выкарыстаннем краязнаўчага матэрыялу. На месцы мікрараёна Сухарава некалі стаяла аднайменная вёска, якая ўпершыню была згадана ў 1503 годзе. Настаўніку і вучням, працуючы з архівамі, ладзячы экспедыцыі ў вёску, удалося сабраць багаты матэрыял па мясцовасці. Было ўстаноўлена, што паблізу школы знаходзяцца старажытныя курганы ХІІ—XIV стагоддзяў. Са сваімі даследаваннямі школьнікі выступалі на НПК, дзе атрымалі прызнанне, а настаўніца распрацавала серыю ўрокаў для вучняў 6—11 класаў з выкарыстаннем краязнаўчага матэрыялу. Гэтыя дзівосныя ўрокі з паходам да курганоў, работай з архіўнымі дакументамі прыйшліся даспадобы школьнікам. Настаўніца разам з вучнямі запланавала зрабіць экспазіцыю па гісторыі мікрараёна Сухарава.
У сваёй дзейнасці Ларыса Анатольеўна таксама выкарыстоўвае інфармацыйны рэсурс, падрыхтаваны Беларускім універсітэтам культуры і мастацтваў сумесна з архівам кіно і фотадакументаў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” “Хроніка культурнага жыцця Беларусі”. Рэсурс уключае ў сябе фрагменты хранікальна-дакументальных фільмаў мінулага стагоддзя. Дарэчы, за абагульненне вопыту па краязнаўчай тэме Ларыса Анатольеўна Гарбацэвіч удастоена прэміі Мінгарвыканкама.
Навуковы кіраўнік праекта Таццяна Фадзееўна Пашковіч парэкамендавала педагогам звярнуць увагу на паняцці, якія сёння сталі папулярнымі: “метапрадметнае навучанне” і “халістычная адукацыя”. Халістычная адукацыя спрабуе будаваць навучанне ў адпаведнасці з законамі прыроды, дзе ўсё ўзаемазвязана і зменліва. Метапрадметныя сувязі на ўроку — гэта не проста інтэграцыя, а своеасаблівая сінтэзацыя ведаў, уменняў і навыкаў. Расійскія педагогі актыўна асвойваюць гэтыя два віды адукацыі.

Апора на канспекты

У інавацыйных праектах ёсць месца і для маладых педагогаў, вядома, з ліку творчых і актыўных. Менавіта такія кадры падбірае сабе адміністрацыя шостай сталічнай школы, запрашаючы студэнтаў на практыку. Кацярына Юр’еўна Юркевіч паспяхова займалася навуковай дзейнасцю, калі была студэнткай БДПУ імя Максіма Танка. Стаўшы настаўнікам матэматыкі, працягвае даследаванне як педагог-наватар. Яна вывучала тэарэтычныя асновы практычных настаўнікаў-наватараў С.М.Лысянковай і В.Ф.Шаталава і стварыла лісты ацэнкі і кагнітыўныя схемы.
— У адной частцы ліста ацэнкі адлюстроўваюцца навыкі, якія правяраюцца, — расказала Кацярына Юр’еўна. — Пасля заканчэння работы вучань выстаўляе сабе адзнаку за кожны навык. Потым настаўнік, правёўшы дыягнастычныя заданні па ўсіх навыках, ставіць сваю адзнаку. Такім чынам мы пазбягаем фармальнага падыходу да ацэньвання ведаў вучняў і можам своечасова карэкціраваць прабелы ў ведах. Спадабалася вучням і рубрыка “Мае любімыя памылкі”, у якую пасля праходжання тэмы яны ўносяць свае памылкі, каб хутка іх выкараніць.
Свае напрацоўкі К.Ю.Юркевіч абагульніла ў электронным вучэбным дапаможніку “Трыганаметрыя ў апорных канспектах”. Гэтую работу яна будзе прадстаўляць на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. У дапаможніку прадстаўлены матэрыял у выглядзе апорных канспектаў з апорнымі сігналамі. Матэрыял просты ў выкарыстанні, яго з лёгкасцю могуць прымяняць у сваёй дзейнасці і педагогі, і вучні. У дапаможніку таксама прадстаўлена трыганаметрычная карта, дзе сабраны ўсе формулы па трыганаметрыі, уласцівасці трыганаметрычных функцый і рашэнні ўраўненняў рознымі метафарамі.

Стварыць свой дапаможнік

Кіраўніцтва сярэдняй школы № 6 вялікую ўвагу ўдзяляе развіццю інфармацыйна-камунікатыўных навыкаў у педагогаў, бо разумее, што без ведання ІКТ цяжка асвойваць сучасную тэхналогію. Навучанне настаўнікаў, падрыхтоўка іх да здачы экзамену на сертыфікат карыстальніка ІКТ адбываецца непасрэдна ў школе — гэта і зручна для ўсіх, і больш эфектыўна. Навучальную місію ўзялі на сябе настаўнікі інфарматыкі. На сёння 63% педагогаў школы валодаюць сертыфікатамі карыстальніка ІКТ.
Настаўнік інфарматыкі Ірына Аляксандраўна Аляхновіч праводзіць навучальныя курсы для сваіх калег і індывідуальныя кансультацыі. Апошнія два гады яна шмат увагі ўдзяляе стварэнню сучасных інфармацыйных дапаможнікаў.
— Існуе вялікая колькасць дапаможнікаў у інтэрнэце, — расказала Ірына Аляксандраўна, — але калі мы пачынаем выбіраць прыдатныя для сябе, то ўзнікаюць праблемы. Па-першае, таму што яны ў большасці сваёй расійскія і ёсць разыходжанні ў праграмах, а па-другое, для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры наогул цяжка нешта адшукаць. Акрамя таго, усе дапаможнікі хутка старэюць. Выйсце — стварыць свой дапаможнік. Сёння існуе вялікая колькасць інструментаў і праграм, з дапамогай якіх метадычныя прадукты можа ствараць нават настаўнік з карыстальніцкім узроўнем ІКТ. На працягу мінулага года я вывучыла некалькі інструментаў, але свой выбар спыніла на праграме AutoPlayMediaStudio, з якой і знаёмлю педагогаў на сваіх майстар-класах.

Карты і схемы для памяці

У арсенале педагогаў сярэдняй школы № 6 вялікая колькасць розных тэхналогій. Кожны выбіраў прыдатную для сябе. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Наталля Дзмітрыеўна Ламака, напрыклад, эфектыўнасці на ўроку дасягае за кошт карт памяці і логіка-сэнсавых мадэлей. За абагульненне вопыту па выкарыстанні тэхналогіі мнагамерных дыдактычных інструментаў яна адзначана прэміяй Мінгарвыканкама.
— Мнагамерную дыдактычную тэхналогію (МДТ) для педагогаў нашай школы адкрыла метадыст АПА Ганна Іванаўна Дабрынеўская, — расказала Наталля Дзмітрыеўна. — Затым я прачытала кнігу аўтара тэхналогіі В.Э.Штэйнберга, выданні аўтара інтэлект-карт Тоні Б’юзана. Дзякуючы МДТ, мае вучні навучыліся працаваць з вялікім аб’ёмам тэксту, вылучаць у ім галоўнае, змяшчаць усё ў сістэмны блок, карту, а пры неабходнасці ўмела іх разгортваць. На ўроках вучні ад рукі робяць ЛСМ і карты памяці, а дома ствараюць іх у праграме PowerPoint. Назбіралася вялікая падборка інтэлект-карт і ЛСМ, якія мы збіраемся адаптаваць для мабільных прыстасаванняў.
Наталля Дзмітрыеўна Ламака скончыла курсы па стварэнні блогаў і ўжо стварыла свой асабісты настаўніцкі блог, які запрасіла наведаць усіх удзельнікаў семінара. Там можна больш падрабязна пазнаёміцца з інфармацыяй па МДТ, убачыць адкрытыя ўрокі настаўніка.
На сёння 4 педагогі сярэдняй школы № 6 маюць свае блогі, якія размешчаны на сайце ўстановы ў раздзеле “Настаўніцкая”. Але ў хуткай будучыні іх будзе значна больш. Наталля Дзмітрыеўна як сертыфікаваны майстар па вядзенні асабістых блогаў будзе навучаць сваіх калег мастацтву іх стварэння.

Перавярнуць урок

Настаўнікі сярэдняй школы № 6 Мінска не спыняюцца на дасягнутым, а працягваюць шукаць новыя сродкі, якія б зрабілі ўрок больш эфектыўным, таму ўзяліся за вывучэнне мадэлі “Перавернуты клас”. Для работы па ёй у настаўніка павінны быць навыкі работы па дыстанцыйным навучанні. Сутнасць мадэлі “Перавернуты клас” заключаецца ў тым, што тлумачэнне новага ўрока школьнікі слухаюць дома, а дамашнія заданні выконваюць у класе. Для вывучэння дома тэарэтычнага матэрыялу наступнага ўрока яны выкарыстоўваюць відэаматэрыялы, запісаныя або падабраныя настаўнікам. У новай мадэлі “Перавернуты клас” шмат плюсоў: вучань можа праслухаць тлумачэнне столькі разоў, колькі яму трэба, каб зразумець матэрыял; яму не трэба спісваць дамашняе заданне з рашэбнікаў; у класе ўвесь час настаўнік можа патраціць на выкананне практычных заданняў, накіраваных на замацаванне і развіццё тых тэарэтычных палажэнняў, якія вучні вывучылі дома; улічваючы здольнасці і ўзровень ведаў сваіх вучняў, настаўнік можа рыхтаваць розныя заданні; для паспяховай работы на ўроку для вучня ствараецца дадатковы стымул да вывучэння тэарэтычнага матэрыялу дома.
Аўтарамі мадэлі “Перавернуты клас” з’яўляюцца настаўнікі хіміі з ЗША Аарон Самс і Джонатан Бергман. У 2008 годзе яны сталі запісваць відэаролікі са сваіх лекцый і ператвараць іх у дамашнія заданні для сваіх вучняў.
Таццяна Фадзееўна Пашковіч таксама вывучыла мадэль “Перавернуты клас” і зрабіла выснову, што яна будзе спрыяць развіццю важных кампетэнцый, якія сёння неабходны кожнаму чалавеку, бо мадэль развівае ў дзяцей творчы падыход і наватарства, крытычнае мысленне, здольнасць вырашаць праблемы, камунікабельнасць, інфармацыйную адукаванасць, валоданне ІКТ, гнуткасць і здольнасць да адаптацыі, ініцыятыўнасць і самастойнасць, лідарства і адказнасць.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.