Урок-падарожжа “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”, прысвечаны Дню ведаў

Мэта: выхаванне ў вучняў нацыянальнай самасвядомасці праз асэнсаванне нацыянальных каштоўнасцей;

абуджэнне цікавасці да гістарычнай і культурнай спадчыны беларускага народа;

выхаванне грамадзянскасці, пачуцця патрыятызму, гонару за сваю Радзіму, за свой народ.

Абсталяванне (на выбар настаўніка): праектар, экран, ноўтбук,
відэаролікі “На дроне по Беларуси” (https://www.youtube.com/watch?v=hVjHgzlhaYo), “Нясвіжскі замак” (bel.sputnik.by›Спадчына›…/top-5-padannyau) (з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў). і прэзентацыя “Светачы зямлі беларускай”, слайд-шоў “Гістарычныя скарбы Беларусі” ілюстраваная карта Беларусі.

Музычнае суправаджэнне: мелодыя на цымбалах у запісе В.Іванова ”Спеў дубраў”.
Афармленне класа: дзяржаўная сімволіка; партрэты знакамітых дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі, выстава кніг аб Беларусі.

“Твая зямля, твая Радзіма
Названа светла — Беларусь.”
Ю.Свірка.

Настаўнік: Добры дзень, паважаныя вучні. Сёння — свята ведаў, якое по традыцыі адкрывае для Вас пачатак навучальнага года. Наш першы ўрок называецца “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца” і прысвячаецца ён Году малой радзімы.

Настаўнік: У кожнага чалавека ёсць Радзіма. Кожны з нас любіць месца, дзе нарадзіўся і жыве. Наша Радзіма — гэта Беларусь, самая прыгожая, самая любая краіна. Наш родны беларускі край! Ён прыгожы і непаўторны сваімі рэкамі і азёрамі, сваімі лясамі і лугамі, сваімі сцежкамі і дарогамі…

Многія з вас ужо шмат дзе пабывалі – падарожнічалі па бязмежных прасторах не толькі нашай краіны, але і далёка за яе межамі. Аднак толькі на Радзіме нашаму сэрцу па-сапраўднаму ўтульна, а думкам хораша. Тут усё асаблівае. Калі ўсмешкі – дык шчырыя. Калі крыніцы – дык чыстыя. Калі праца – дык самаадданая.

І як бы добра ні было чалавеку на чужыне, яму заўсёды будзе сніцца дом, дзе ён нарадзіўся і вырас, дзе яго бацькі і сябры.

Відэаролік “На дроне по Беларуси” (https://www.youtube.com/watch?v=hVjHgzlhaYo)

У класс заходзіць дзед з торбачкай ДЗЕД-УСЯВЕД. Добры дзень, мае дарагія! І вялікія, і малыя… Шмат дарог я прайшоў па белым свеце. І трапіў нарэшце ў вашу школу. Колькі тут дзетачак, прыгожых кветачак! Відаць, хочуць даведацца, хто я такі і адкуль я прыйшоў. Адкрыю сакрэт: я — Дзед-Усявед, абышоў цэлы свет, чароўную торбачку сабе набыў. А ў ёй шмат чаго цікавага ёсць.

Настаўнік. Дзед-Усявед, як добра, што ты да нас завітаў. Праходзь, калі ласка… Дзеці, гэты дзед шмат чаго ведае, бо многа ў сваім жыцці дзе пабываў. Пра што ў яго не запытай — усё ён ведае. За гэта яго і празвалі Дзед-Усявед. Дзядуля, а можа ты раскрыеш сваю торбачку і пакажаш, што ў ёй?

ДЗЕД-УСЯВЕД : (раскрывае торбачку і дастае кнігу) Вось гэта кніга – каштоўны падарунак для кожнага чалавека. Той, хто чытае, шмат пра што ведае, становіцца разумным, мудрым. А ці ведаеце вы, дзеці, што гэта за кніга? Гэта кніга пра нашу цудоўную Беларусь.

ВЯДУЧАЯ: Дзякуй за такі падарунак. А зараз прапаную вам адправіцца ў завочнае падарожжа па нашай краіне, родным беларускім краі і зазірнуць у мінулае, сучаснае і, магчыма, будучае.

Вядучы1. Паважаны ДЗЕД-УСЯВЕД, запрашаем і цябе ў вандороўку па цудоўнай зямлі пад белымі крыламі.

ДЗЕД-УСЯВЕД: Наша краіна носіць назву Беларусь, а мы, яе жыхары, завёмся беларусамі.

А як вы думаеце чаму наша зямля мае такую прыгожую назву — Беларусь?

Вучні выказваюць свае меркаванні: сярод беларусаў многа людзей са светлымі валасамі; нашы продкі аддавалі перавагу беламу адзенню; белыя буслы, якіх дагэтуль нямала ў Беларусі, сталі яе сімвалам.

Вядучы 2. Так, магчыма, мы сталі называцца беларусамі таму, што знешне беларусы былі, і ў большасці сваёй застаюцца да гэтай пары, беласкурымі і светлавалосымі. Беларусы вельмі шануюць белы колер — колер дабра і чысціні. У нацыянальным строі беларусаў адразу трапляюць на вочы белыя, як снег, кашулі з чырвоным арнаментам.

Вядучы 2. Ёсць версія і гістарычная. Калі на старажытныя славянскія землі напалі татара-манголы, то многа гарадоў захапілі. А беларусы адбіліся, засталіся “белымі”, “чыстымі ад ворагаў”. Вось ад таго і — Белая Русь, Беларусь.

Вучань 1. Мая Беларусь… Не голас, сэрца прамаўляе гэтыя словы, — з любоўю, з гонарам, з душэўнай пяшчотай. Тут — наша гісторыя. Тут — нашы карані. Тут — напеўная родная мова. Тут — жывём мы!

ВЯДУЧАЯ: Кожны любіць тую краіну, дзе жыве, стараецца зрабіць яе лепшай і прыгажэйшай, з пяшчотай вымаўляе яе назву.

Чытальник 1.

Слаўлю я свой край любімы,
Незгасальную зару.
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!
Залацістыя прасторы,
Незлічона ясных зор,
Рэкі ціхія, азёры,
Галасісты шумны бор!
Ты нас ласкай атуліла,
І я ў шчасці гавару:
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!
(П. Броўка Дарагая Беларусь )

Вядучы 2. Давайце, сябры, у Год малой радзімы нанова адкрыем для сябе нашу Беларусь, зробiм усё, каб нас ведаў i паважаў увесь свет.

Настаўнік: Прапаную вам скласці візітку Беларусі. Звярніце, калі ласка, увагу на карткі, якія ляжаць у вас на сталах. Зачытайце па чарзе сказы,якія на іх запісаны.

Вучань 1. Рэспубліка Беларусь размешчана ў цэнтры Еўропы.
Вучань 2. Беларусь — незалежная, самастойная дзяржава.
Вучань 3. Беларусь — прэзідэнцкая рэспубліка
Вучань 4. Прэзідэнт краіны — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.
Вучань 5 . Плошча краіны складае больш за 207 тысяч квадратных кіламетраў.
Вучань 6. Беларусь мяжуе з Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй.
Вучань 7 . Дзяржаўныя мовы — беларуская і руская.
Вучань 8. Сталіца Рэспублікі Беларусь — Мінск.
Вучань 9. У нашай рэспубліцы пражывае каля 10 мільёнаў чалавек.
Вучань 10. Лёс даў беларусам мірны характар, чулае сэрца, шчырую душу, бязмерную шчодрасць і гасціннасць.
Вучань 11. Беларусы заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу тым, хто ў бядзе.
Вучань 12. Беларусы здаўна жывуць мудрымі запаветамі продкаў: Сонца — на ўсіх адно, зямля — адна. Трымайся сваёй хаты, беражы свой гонар, не бяры чужое.
Вучань 13. Усе багацці нашай краіны ствараюцца яе працавітымі, таленавітымі людзьмі.
Вучань 14. Сёння мы ганарымся тым, што мір, спакой і парадак — галоўнае дасягненне нашай краіны.

Настаўнік. Цікавая і пазнаваўчая атрымалася візітная картка нашай краіны.

Вядучы 1. А зараз мы адпраўляемся ў вандроўку па нашай краіне, родным беларускім краі. У час падарожжа ў нас будуць прыпынкi на станцыях, дзе вам будуць прапанаваны разнастайныя заданнi.

Я ўпэўнена, што вы будзеце выконваць iх добра i хутка. Няхай наш шлях будзе цiкавым і пазнаваўчым.

Прыпынак першы “Светачы зямлі беларускай”.

Прэзентацыя “Светачы зямлі беларускай”, мелодыя на цымбалах у запісе В.Іванова ”Спеў дубраў”.
Вядучы 1. У нашай краіны багатая і слаўная гісторыя. Шмат выдатных людзей нарадзіла беларуская зямля. Мы павінны ведаць і шанаваць іх імёны. Веды аб мінулым – поспех у будучым. Чалавек, які не ведае сваё мінулае, гісторыю сваёй Радзімы, не ведае нічога пра сябе.

Вядучы 2. Наша мінулае – славутыя імёны Бацькаўшчыны, якія складаюць гонар беларускага народа.

Мы заўсёды будзем памятаць імя асветніцы Еўфрасінні Полацкай, якая выбрала шлях служэння Богу і народу.

Полацкая князёўна прыняла манаскі пострыг, каб прысвяціць жыццё духоўнаму ўдасканаленню і справе асветы. Еўфрасіння Полацкая была адной з самых адукаваных жанчын Еўропы. Заснавала ў Полацку жаночы і мужчынскі манастыры, у якіх дзейнічалі скрыпторыі – майстэрні па перапісванні кніг, а таксама школы для дзяцей. Па яе заказу дойлід Іван пабудаваў сусветна вядомую царкву Святога Спаса, якая захавалася да нашых дзён, а майстар-ювелір Лазар Богша ў 1161 годзе зрабіў для Еўфрасінні крыж – першы неацэнны твор старажытнабеларускага мастацтва.

На тэрыторыі Беларусі Еўфрасіння Полацкая – адна з самых шаноўных святых.
1чытальнік.

Адкрывала школы і вучыла,
Кнігі перапісвала штодня.
Славу здабыла па ўсёй Айчыне
Еўфрасінні Полацкай імя.

Вядучы 1.

Кірыла Тураўскі адзін з першых пісьменнікаў і прапаведнікаў на беларускіх землях, святы. Прыняўшы манаскі чын, ён зачыніўся ў высокай вежы на беразе Прыпяці і пісаў свае натхнёныя «Словы», прытчы і павучанні. Яго творы перапісвалі, чыталі і вучылі на памяць ва ўсіх усходнеславянскіх княствах. Кірылу Тураўскага называлі “Златавустам”.

2 чытальнік.

І слабыя душы іскрыла, і да Бога вяло, калі
Гаварыў і пісаў Кірыла – златавуст беларускай зямлі.

Вядучы 2.

Пачэсныя словы нашаму беларускаму першадрукару і асветніку, заснавальніку ўсходнеславянскага кнігадрукавання Францыску Скарыне.

500 гадоў таму назад 6 жніўня 1517 года ў Празе выйшла ў свет Біблія на старажытнабеларускай мове “Псалтыр”, якую выдаў Ф. Скарына з Полацка. Біблію Скарыны чыталі не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і ў шмат якіх іншых краінах свету.

Францыск Скарына пакінуў яркі след як філолаг, перакладчык, філосаф, пісьменнік — публіцыст, пачынальнік новых жанраў літаратурнай творчасці.

1 чытальнік.

Слава Скарыны не ведае меж,
Птушкай яна абляцела краіны.
Новую кнігу ты ў рукі бярэш –
І адгукаецца рэхам: Скарына.

Вядучы 1. Побач з імёнамі Ефрасінні Полацкай, златавуста Кірылы Тураўскага, тытана эпохі Адраджэння Францыска Скарыны стаяць імены мысліцеля-гуманіста, рэфарматара, асветніка, філосафа Сымона Буднага, асветніка-гуманіста, пісьменніка Васіля Цяпінскага, паэта-гуманіста, міратворцы Міколы Гусоўскага, педагога-выхавацеля, філосафа-асветніка, грамадскага і царкоўнага дзеяча Сімяона Полацкага.

Вядучы 2. За роўныя правы свайго народа з іншымі народамі, за родную мову і адукацыю на ёй, за права “людзьмі звацца” змагаліся сыны і дочкі нашай Бацькаўшчыны. Успомнім некаторыя імены: Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Кастусь Каліноўскі, Цетка, Вацлаў Ластоўскі, Максім Гарэцкі, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч.

Вядучы 1. Гэта людзі, імёны якіх дайшлі да нас праз стагоддзі. Яны змагаліся і марылі пра тое, каб наша Радзіма займала пачэснае месца сярод іншых краін свету. Усіх іх у розны час турбавалі ідэі адукацыі і выхавання, духоўнай чысціні і гуманізму, патрыятызму і бескарыслівага служэння сваёй Айчыне.

(Настаўнік звяртаецца да выставы кніг і акцэнтуе ўвагу вучняў на помніках беларускага пісьменства)

Вядучы 2. А зараз прапануем вам адказаць на пытанні нашай віктарыны. Пераможцы атрымаюць прызы.

1. Князёўна, ігумення, настаўніца, выдатная асветніца, першая беларуская мецэнатка, святая, якая лічыцца апякункаю нашай зямлі.
( Еўфрасіння Полацкая)

2.Чалавек невычэрпнай энергіі і ініцыятывы, усходнеславянскі першадрукар, вучоны-энцыклапедыст, медык, батанік, паэт, асветнік, патрыёт і гуманіст
( Францыск Скарына)

3. Галоўны арганізатар паўстання ў Беларусі і Літве ХІХ стагоддзя, наладзіў выпуск першай беларускай газеты “Мужыцкая праўда”
(Кастусь Каліноўскі)

4.Асветнік XII ст., далучаны да ліку святых, спачатку быў манахам-пустэльнікам, а потым епіскапам, праславіўся як прапаведнік, таму сучаснікі далі яму імя Златавуста.
(Кірыла Тураўскі)

5.Паэт-гуманіст і асветнік эпохі Адраджэння, стварыў у 1522 г. у Рыме свой лепшы твор «Песня пра постаць, дзікі нораў зубра і паляванне на яго».
(Мікола Гусоўскі)

6. Прадстаўнік старажытнага беларускага роду, палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г., удзельнік вайны за незалежнасць ЗША, нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.
(Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка)

7. Каму належаць наступныя паэтычныя радкі: “мой родны кут, як ты мне мілы…”
(Якуб Колас)

8. Якую кветку Максім Багдановіч лічыў сімвалам нашай Беларусі? Прыгадайце назву гэтай расліны. Як яшчэ называюць гэтую кветку? (Васілёк, валошка)

9. Што дало падставы У. Караткевічу назваць нашу Беларусь «зямлёй пад белымі крыламі»?
(На Беларусі шмат буслоў)

10. Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, дыпламат, таленавіты кампазітар, удзельнік паўстання 1794г., стварыў славуты паланэз “Развітанне з Радзімай”.
( Міхал Клеафас Агінскі)

Пераможцы віктарыны атрымліваюць прызы.

1 чытальнік

Мой народ зберагае сваю даўніну.
Кожны нашай гісторыі знаўца
Добрым словам успомніць не раз Скарыну
I пахваліць за мудрасць Мсціслаўца.
Каліноўскага імя навокал гучыць,
I Купалы, і Коласа слова.
Навучыла іх край беларускі любіць
Беларуская родная мова.
(Алесь Ставер. Беларуская родная мова)
Прыпынак другі. “Гістарычныя скарбы Беларусі”

Вядучы1. Беларусь — старажытная краіна. На яе землях было пабудавана шмат палацаў і храмаў.
Да нашых дзён, на жаль, захаваліся не ўсе. І ў гэтым вінаваты не толькі час, але і наша ўласная няўвага.

Палацы і храмы — агульнанародная гордасць, бо ствараліся яны непасрэдна народам, яго намаганнямі і талентам.

Вядучы 2. Старажытныя палацы — маўклівыя сведкі гісторыі роднага краю. З пакалення ў пакаленне перадаюцца паданні аб тым, што ў іх падзямеллях схаваны дзівосныя скарбы, незлічоныя багацці, што палацы злучаны паміж сабой падземнымі хадамі, у якіх можна заблукаць. Таксама кожны палац мае сваю легенду, сваю таямніцу.

Вядучы 1. Самыя знакамітыя — Мірскі і Нясвіжскі палацы. Яны ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Наведванне гэтых велічных сведкаў старажытнасці пакіне незабыўнае ўражанне.

Вядучы 2. Экскурсію па маўклівых сведках гісторыі для нас правядуць прадстаўнікі экскурсійнага бюро “Спадчына”.

(Слайд-шоў “Гістарычныя скарбы Беларусі” з фодаздымкамі палацаў і храмаў. Пажадана выкарыстаць фотаздымкі, зробленыя вучнямі ў час экскурсій па знакамітых мясцінах.)

Экскурсавод 1. Спачатку мы адправімся ў Мірскі замак, які знаходзіцца ў нашай Гродзенскай вобласці ў мястэчку Мір. Яму ўжо больш за пяць стагоддзяў. Будаваўся Мірскі замак на месцы гаспадарскага двара князя Юрыя Ільініча. Патрабавалася шмат будаўнічых матэрыялаў, у тым ліку цэглы. Таму ў суседніх вёсках былі пабудаваны цагельныя заводы. Дарэчы, для стварэння такога замка патрабуецца прыблізна 10 мільёнаў цэглы. Потым замак належаў багатаму роду Радзівілаў. Новыя гаспадары прыбудавалі да замка шыкоўны палац, выкапалі роў, прыладзілі пад’ёмны мост. Асаблівую прыгажосць надае замку арнамент. У цяперашні час на тут вельмі часта праводзяцца тэатралізаваныя і гістарычныя прадстаўленні, розныя музычныя і мастацкія конкурсы. Усё гэта надае своеасаблівы каларыт.

ДЗЕД-УСЯВЕД: А я ведаю цікавую легенду з гісторыі Мірскага замка. Сведчаннем гэтай легендзе выступае камень ў выглядзе галавы барана, які выразна выступае са сцяны. Паводле падання, калі гэты камень зваліцца, то замак разбурыцца, і ніхто яго ўжо не зможа аднавіць. Праверыць гэтую легенду досыць складана, але нават падчас рэканструкцыі камень не чапалі.

Экскурсавод 2.

Прапаную вам паглядзець відэасюжэт “Нясвіжскі замак”
(bel.sputnik.by›Спадчына›…/top-5-padannyau…)

Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс — найпрыгажэйшае месца ў Беларусі і адна з самых папулярных славутасцяў краіны.

Нясвіжскі замак ахутаны мноствам цікавых і незвычайных легендаў, паданняў, якія надаюць яму таямнічасць і загадкавасць.

ДЗЕД-УСЯВЕД: Самая вядомая легенда аб таямнічым «скарбе Радзівілаў», закапаным ў ваколіцах замка ў 1812 годзе. Сярод скарбаў — легендарныя 12 апосталаў (залатыя скульптуры ў чалавечы рост). Да гэтага часу загадкавы скарб не дае спакою скарбашукальнікам. Ёсць меркаванне, што ён схаваны ў велізарным тунэлі працягласцю 35 км, які злучаў два замкі Радзівілаў — Нясвіжскі і Мірскі. Але дзе той тунель? Хто ведае, магчыма, менавіта вам пашчасціць разгадаць гэты сакрэт.

Экскурсавод 1. Зусім недалёка ад нас у гарадскім пасёлку Ружаны знаходзіцца палац Сапегаў, цікавай для вас будзе экскурсія ў Лідскі замак, Косаўскі замак, Стары замак у Гродна.
Экскурсавод 2. Адным з прыцягальных помнікаў гісторыі і культуры з’яўляецца Сынкавіцкая царква-крэпасць, якая была ўзведзена ўдалечыні ад важнейшых шляхоў і населеных пунктаў. Даследчыкі сцвярджаюць, што царкву будаваў князь Вітаўт.

ДЗЕД-УСЯВЕД: Вось як пра гэта расказвае паданне. Князь Ягайла, які жадаў быць адзіным гаспадаром, падманам пасадзіў у падзямелле Крэўскага замка свайго брата — князя Вітаўта. Выратавацца з няволі Вітаўту дапамагла жонка, якая наведала яго разам са служанкай. У час сустрэчы Вітаўт пераапрануўся ў адзенне служанкі і пакінуў замак. Шлях Вітаўта прывёў яго ў лясную вёску непадалёку ад Слоніма, дзе ён схаваўся ад пaгoнi. Пазней у знак удзячнасці мясцовым жыхарам Вітаўт загадаў пабудаваць тут царкву. Так з’явілася Сынкавіцкая царква-крэпасць, якая была адначасова і храмам, i абарончым збудаваннем. Было гэта ў пачатку 15 стагоддзя.

Экскурсавод 2. Сынкавіцкая царква-крэпасць знаходзіцца на мяжы Слонімскага і Зельвенскага раёнаў. Многія з вас ужо пабывалі на экскурсіі ў Сынкавіцкай царкве-крэпасці і нават прысутнічалі на службах.

Прыпынак трэці “Мой родны кут”

Вядучы 1. Ацяпер наш трэці прыпынак “Мой родны кут”.
Чытальнік чытае верш В.Ададуравай “Я нарадзілася ў глыбінцы”.
Вядучы 2. У кожнага з нас ёсць свой куточак – свая маленькая радзіма. Гэта той горад, вёска, тая вуліца і той дом, дзе мы нарадзіліся, дзе зрабілі свае першыя крокі, сказалі першае слова, пазналі першыя радасці. Кожны з нас адчувае шчырую любоў да сваёй краіны. Але мне здаецца, што бліжэй, даражэй і больш зразумела нам наша маленькая радзіма — дом нашых бацькоў.

1 чытальнік

Родны край, дарагі, ненаглядны,
Прыгажэйшай не знойдзеш зямлі.
Ты такі, ненаглядны,
Край, дзе крылы ўздымаюць буслы.
Дзе маленькім асколачкам неба
Васілёк у мірным полі цвіце.
І ля кожнай бацькоўскай хацінкі
Прыгажуня-бярозка расце.
Край азёраў глыбокіх
І чаромхавых белых завей,
Ідэалаў высокіх
Працавітых і шчырых людзей.
(Я. Жабко. Край ненаглядны)

Вядучы 1. Мы жывём, вучымся і працуем у Слонімскім раёне, які з’яўляецца маленькай часцінкай нашай Радзімы – Беларусі.

Слонімшчына — самабытны і маляўнічы край з багатай гісторыяй і культурнымі традыцыямі.

Сёння Слонімскі раён — гэта сучасны, развіты рэгіён Беларусі, для якога характэрна стабільнасць эканомікі, якасныя змены ў прамысловасці і аграрным сектары.

Прэзентацыя “Мой Слонім” (Дадатак 1)

Вядучы 2. У Слонімскім раёне ёсць вёска Азярніца. Авеяная сівымі легендамі, яна кліча нас з далячынь вякоў, каб мы распавядалі пра яе, каб голас наш, як чароўная жалейка, нагадваў вялікім гарадам і маленькім вёсачкам, па якіх яна раскідала сваіх жыхароў, што яна жывая і заўсёды чакае нас, каб сагрэць нас сваім цёплом.

Вядучы 1. А зараз адбудзецца прэзентацыя віртуальных фотазамалёвак “Пра цябе, мая родная вёска, я з любоўю раскажу,” якія падрыхтавалі нашы вучні.

Вядучы 2. Вялікі дзякуй усім, хто падрыхтаваў нам такія прыгожыя фотазамалёўкі.

Вядучы 1. Мы ганарымся нашай малой радзімай, любім яе і спадзяёмся, што гэту любоў раздзеліць з намі кожны, хто хоць аднойчы наведае нашу гасцінную зямлю.

Настаўнік: Вось і закончылася наша падарожжа. Згадзіцеся, прыгожая наша краіна.

Усё часцей скіроўваем мы свае позіркі ў мінулае, шукаем там духоўную падтрымку і апору. Усё болей цікавага даведваемся пра свой край, у якога такая багатая гісторыя.

Вы, дзеці, юнае пакаленне, і за вамі будучае Беларусі. Сённяшняе падарожжа дало нам магчымасць яшчэ раз адчуць і зразумець, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай на гістарычныя падзеі краіне. Пакуль мы паважаем сваіх продкаў, не забываем свае карані, мы існуём як народ, як нацыя.

Дзед-Усявед: Пачакайце крышачку. У маёй торбачцы яшчэ ёсць падарунак для вас. (Раскрывае торбачку і дастае маленькага бусла). Вось вам птушка — бусел. Гэта сімвал Беларусі.

Вядучы 1. Якая цудоўная птушка!

Дзед-Усявед: Гэтая птушка прыносіць мір, дабрабыт і шчасце. Няхай яна ў вас і застанецца. Няхай кружыць над вашай школай.

Вядучы 2. Дзякуй табе, Дзед-Усявед. Мы будзем рады бачыць цябе зноў.

Дзед-Усявед развітваецца і пакідае клас.

Настаўнік: У вас на стале ляжаць “сардэчкі”. Я вам прапаную прадоўжыць сказ, пачаты на “сардэчках”. Аддайце часцічку свайго маленькага сэрца сваёй роднай Беларусі, сваёй малой радзіме.

Вучні прымацоўваюць “ сардэчкі ” з пажаданнямі на карце Беларусі ( або на дошцы).

Самым прыгожым месцам у Беларусі я лічу ………………………………….
Я люблю сваю Беларусь за………………………………………………………
Я ганаруся сваёй Радзімай, таму што………………………………………
А закончыць наш урок мы хацелі б песняй “Беларусь мая” ў выкананні Кірыла Ермакова.
Да пабачэння, сябры!

Ала Уладзіміраўна Жыліч,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства дзяржаўнай Азярніцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *