Урок памяці

Пра трагедыю беларускай Хатыні сёння ведае кожны жыхар Беларусі. Хатынь — самая вядомая і самая першая вёска, трагедыя якой была ўвекавечана ў мемарыяле. Хатынь — сімвал бесчалавечнасці вайны, фашызму і адначасова сімвал памяці і заклік да міру.

З мэтай актывізацыі грамадзянскага і патрыятычнага выхавання вучняў, ушанавання памяці загінулых мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны ў рамках 75-годдзя з дня Хатынскай трагедыі 21 сакавіка ў бібліятэцы Вераб’евіцкага ВПК дзіцячы сад — базавая школа прайшоў урок памяці, арганізаваны настаўнікамі сумесна з работнікамі бібліятэкі.

Удзел у мерапрыемстве ўзялі вучні 4—7 класаў. Дзеці пазнаёміліся з матэрыяламі кніжнай выставы “Хатынь: сімвал вечнай памяці і смутку беларускага народа”. У рамках мерапрыемства адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма “І будзе жыць Хатынь” і два фрагменты тэлерэпартажу з цырымоніі адкрыцця Мемарыяльнага комплексу “Хатынь” у 1969 годзе. Выстава і фільм выклікалі шмат эмоцый.

Хатынская трагедыя нагадвае падрастаючаму пакаленню аб неабходнасці зберажэння міру і спакою на Зямлі, сцвярджае важнасць галоўных духоўных каштоўнасцей чалавецтва — любові да жыцця, гуманнасці і свабоды.

Таццяна БОРЫС,
настаўніца гісторыі
Вераб’евіцкага ВПК дзіцячы сад — базавая школа
Навагрудскага раёна.