Урок павагі да Радзімы

Піншчына — край самабытнай культуры, якая ўключае цікавыя народныя святы і абрады, непаўторны фальклор, рамёствы, адмысловы нацыянальны касцюм. З багатай спадчынай, вартай захавання, ахвотна знаёмяцца госці Палесся.

У свой час у вёсцы Мерчыцы Пінскага раёна быў створаны Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту, дзе захоўваюцца прадметы сялянскага побыту і вырабы народных промыслаў нашых продкаў. Установа адыгрывае важную ролю ў выхаванні моладзі. Школьнікі з задавальненнем наведваюць цэнтр, дзе іх чакае шмат невядомага і цікавага.

Нашы вучні — частыя госці цэнтра, бо любяць падарожнічаць у часе і прасторы. Асабліва падабаецца дзецям магчымасць паспрабаваць сябе ў занятках, якімі займаліся продкі. Так, хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю асвойваюць ткацкі станок, ткуць палатно і прымяраюць нацыянальныя касцюмы ручной работы. Акрамя таго, вучні знаёмяцца з народнымі танцамі, удзельнічаюць у розных абрадах.

Дзеці заўсёды пакідаюць цэнтр у добрым настроі і доўга дзеляцца ўражаннямі ад убачанага. Рэгулярныя экскурсіі — добры ўрок павагі да сваёй Радзімы і людзей, якія там жывуць.

Іна ШАПРАН,
класны кіраўнік Бабрыкоўскай сярэдняй школы Пінскага раёна.