Урок прафарыентацыі… у падарожжы!

- 12:16Якасць адукацыі

У Беларусі створана сістэма бесперапыннай педагагічнай адукацыі, важным звяном якой з’яўляюцца профільныя педагагічныя класы. Іх мэта — свядомы выбар прафесіі педагога найбольш матываванымі выпускнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Эфектыўнымі формамі работы са старшакласнікамі сталі факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, узаемадзеянне з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, удзел у сацыяльна значных праектах, канферэнцыях… Падчас вясновых канікул філіял кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка прапанаваў яшчэ адну форму прафарыентацыйнай работы з вучнямі педагагічных класаў — вучэбна-адукацыйнае падарожжа.

З 27 па 30 сакавіка ў вучэбна-адукацыйным падарожжы па маршруце Дрэздэн — Прага — Варшава прынялі ўдзел вучні педагагічнага класа сталічнай сярэдняй школы № 147, старшакласнікі вілейскай гімназіі № 2, якія плануюць паступаць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, настаўнікі-практыкі, студэнты і выкладчыкі БДПУ.

— Наш універсітэт праводзіць вялікую прафарыентацыйную работу. За два гады па ініцыятыве рэктара Аляксандра Іванавіча Жука па ўсёй рэспубліцы адкрыта больш за 340 педагагічных класаў. Падчас навучання ў іх вучні маюць магчымасць акунуцца ў свет педагогікі для ўсвядомленага выбару будучай прафесіі. Мы нацэлены на тое, каб у педагагічную прафесію прыходзіла матываваная, інтэлектуальна падрыхтаваная і духоўна развітая моладзь, якая займае актыўную грамадзянскую і жыццёвую пазіцыю, — гаворыць загадчык філіяла кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка Лідзія Аляксандраўна Казінец. — Акрамя таго, што мы прыходзім да навучэнцаў педагагічных класаў, праводзім лекцыі, сустрэчы, запрашаем на ўсе асноўныя мерапрыемствы нашага ўніверсітэта, узнікла ідэя правесці прафарыентацыйную работу па-за сценамі навучальных устаноў — падчас падарожжа. Прычым не проста ўзяць дзяцей і звазіць на экскурсію, а сабраць разам навучэнцаў педкласаў, настаўнікаў, студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ, прадаставіўшы ім магчымасць зносін у нефармальнай атмасферы падчас знаёмства з сістэмамі адукацыі еўрапейскіх краін і наведвання знакамітых музеяў. Такім чынам, у адным мерапрыемстве сышліся і прафарыентацыя, і музейная педагогіка, і, што вельмі важна, пераемнасць пакаленняў.

Падчас вандроўкі яе ўдзельнікі наведалі Галерэю старых майстроў, фізіка-матэматычны салон і збор фарфору ў Дрэздэне, Стары горад і Навуковы цэнтр імя Мікалая Каперніка ў Варшаве. Кульмінацыяй вучэбна-адукацыйнай праграмы стаў азнаямляльны візіт у Пражскую гуманітарную гімназію і экскурсія ў Нацыянальны педагагічны музей імя Яна Амоса Каменскага.

Пражская гуманітарная гімназія (з паглыбленым вывучэннем хіміі і біялогіі) цесна супрацоўнічае з прыродазнаўчым і педагагічным факультэтам Карлава ўніверсітэта, мае статус школы ЮНЕСКА. У гімназіі вучацца пераважна чэшскія вучні, каля 15% замежнікаў. Вывучаюцца дзве абавязковыя замежныя мовы (англійская і нямецкая), факультатыўна — латынь, руская.

Кіраўніцтва Пражскай гуманітарнай гімназіі пазнаёміла беларускую дэлегацыю з арганізацыяй вучэбнага працэсу ў сваёй установе адукацыі і з сістэмай адукацыі Чэхіі ўвогуле. Нягледзячы на тое, што гімназія з’яўляецца прыватнай (а такіх у Чэхіі сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі каля 10%), і дзецям, і дарослым было цікава даведацца, як тут вучыцца і працуецца чэшскім вучням і настаўнікам. Адметнасцю выхаваўчага працэсу ў гімназіі з’яўляюцца сустрэчы з людзьмі розных прафесій і захапленняў, сярод якіх нямала і выпускнікоў гімназіі, якія дзеляцца сваімі гісторыямі поспеху, сакрэтамі майстэрства, даюць парады падрастаючаму пакаленню.

Наведванне Пражскай гуманітарнай гімназіі стала выдатнай магчымасцю параўнаць беларускую і чэшскую сістэмы адукацыі, убачыць падабенства і адрозненні. Так, сістэма адукацыі Чэхіі прадстаўлена дашкольнай, базавай (агульнай), сярэдняй і вышэйшай адукацыяй. Дашкольная адукацыя прадстаўлена дзіцячымі садкамі, якія дзеці наведваюць з 3 да 6 гадоў. Агульная адукацыя ў Чэхіі разлічана на 9 гадоў і з’яўляецца абавязковай. Школу наведваюць дзеці ад 6 да 15 гадоў. У школе агульнай адукацыі вывучаюць стандартны набор прадметаў, эквівалентны базавай адукацыі ў Беларусі. Сярэдняя адукацыя ў Чэхіі не з’яўляецца абавязковай і прадстаўлена сярэднімі спецыяльнымі вучылішчамі (прафесійная адукацыя, пасля заканчэння вучылішча навучэнцы не могуць паступаць у ВНУ), гімназіямі і сярэднімі спецыяльнымі школамі (для вучняў, якія маю ць намер працягнуць навучанне ў ВНУ).

Гімназія з’яўляецца самым прэстыжным відам сярэдняй школы. У гімназію можна паступіць як пасля 7 класа агульнай школы (для гэтага трэба здаваць уступныя экзамены), так і пасля 9, выпускнога, класа агульнай школы. Праграма гімназіі разлічана на 4 гады альбо на 6 (пасля 7 класа агульнай школы). Вучняў у гімназіі называюць студэнтамі. Праграма гімназіі мае вузкую скіраванасць і спецыялізацыю. Пасля заканчэння гімназіі студэнты здаюць дзяржаўны экзамен (Maturitu), пасля чаго маюць поўнае права паступаць у ВНУ. Вышэйшая адукацыя ў Чэхіі прадстаўлена трыма класічнымі прыступкамі: бакалаўрыят, магістратура і дактарантура.

Аказалася, што сярод еўрапейскіх краін Чэхія, у якой у 2011 годзе стартаваў праект па арганізацыі работы педагагічных школ і ліцэяў, займае лідзіруючую пазіцыю ў практычным укараненні ідэй профільнай педагагічнай падрыхтоўкі ў школе. Выпускнікам педагагічных школ і ліцэяў прысвойваюцца кваліфікацыі выхавальніка дзіцячага садка, кіраўніка дзіцячага гуртка, памочніка выхавальніка ў інтэрнаце, а таксама прадастаўляецца права прывілеяванага паступлення ў педагагічныя ўніверсітэты.

Незабыўным момантам адукацыйнага падарожжа стала наведванне аднаго з найбуйнейшых музеяў Чэхіі — Нацыянальнага педагагічнага музея Яна Амоса Каменскага, заснавальніка гуманістычнай педагогікі. Музей яшчэ называюць домам залатога сонца. Справа ў тым, што доўгі час дамы ў Чэхіі нумараваліся не лічбамі, а рознымі значкамі. У музея быў менавіта такі нумар. Тым больш дзіўным аказалася супадзенне, што літаральна напярэдадні візіту беларускай дэлегацыі — 28 сакавіка — чэхі адзначылі прафесійнае свята настаўнікаў, прымеркаванае да дня нараджэння іх выбітнага земляка.

Нацыянальны педагагічны музей Я.А.Каменскага ўваходзіць у лік найстарэйшых музеяў не толькі Чэхіі, але і свету (маюцца на ўвазе музеі, прысвечаныя адукацыі). Ён быў заснаваны ў 1892 годзе настаўнікамі, якія імкнуліся захаваць традыцыі і гістарычныя дакументы ў галіне чэшскай адукацыі. У сценах музея можна пазнаёміцца з асновамі школьнай сістэмы адукацыі, пачынаючы з эпохі Сярэднявечча і да нашых дзён.

Пастаянныя экспазіцыі педагагічнай галерэі дэманструюць храналагічныя этапы і змены ў падыходзе да выкладання і выхавання ў Чэхіі. Несумненна, асобная ўвага ўдзяляецца экспазіцыі, прысвечанай педагагічным метадам Я.А.Каменскага, чалавека, які, па словах супрацоўнікаў музея, перарос той час, у якім жыў, на тры стагоддзі. Тут захоўваюцца класныя журналы, сшыткі, падручнікі, фотаархівы, рэдкая калекцыя школьных прылад, а таксама гравюры, карты, рэпрадукцыі, малюнкі вучняў розных пакаленняў. Пацешнымі выглядаюць у рамках выставы шаржы і карыкатуры на выкладчыкаў, а таксама памфлеты, сутнасць якіх была надзённай для школьнікаў таго часу.

— Яшчэ адной мэтай нашага падарожжа стала наведванне менавіта гэтага музея. Падчас спецкурса “Увядзенне ў педагагічную прафесію” мы знаёмім старшакласнікаў з вядучымі педагогамі, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё педагагічнай навукі і школьнай адукацыі. І, канечне ж, адзін з іх — Ян Амос Каменскі. Адна справа — прачытаць яго біяграфію ў падручніку ці пачуць ад выкладчыка, і зусім іншая справа — прыехаць на яго радзіму, наведаць прысвечаны яму музей, дакрануцца да таго часу, у якім ён жыў і пісаў сваю вялікую дыдактыку. Такія падзеі запамінаюцца на ўсё жыццё — і асабістае, і прафесійнае, — адзначае Лідзія Аляксандраўна Казінец.

Сёлета ў Беларусі ўпершыню будуць паступаць ва ўніверсітэты выпускнікі педагагічных класаў. 9 студзеня 2017 года Прэзідэнтам Беларусі быў падпісаны ўказ, згодна з якім выпускнікі педкласаў могуць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без уступных экзаменаў па выніках субяседавання. Пры гэтым яны павінны добра скончыць школу, мець адзнакі не ніжэй за 7 балаў па ўсіх прадметах, а па профільных — не ніжэй за 8, а таксама абавязкова прайсці факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію” і мець рэкамендацыю педагагічнага савета навучальнай установы. Пры гэтым тэрмін наступнай абавязковай работы па размеркаванні складзе не менш за пяць гадоў.

Рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук адзначыў, што ўсё больш юнакоў выбірае прафесію педагога. Нягледзячы на тое, што прафесію настаўніка традыцыйна прынята лічыць жаночай, у мінулым годзе ў БДПУ імя Максіма Танка на фізіка-матэматычны факультэт паступіла каля 40% юнакоў. 30% хлопцаў сталі студэнтамі факультэта прыродазнаўства, 40% былі залічаны на гістарычны факультэт, а ў факультэта фізвыхавання “мужчынскі” паказчык склаў наогул 60%.

Лідзія Аляксандраўна ўзгадвае, як адзін хлопчык падзяліўся з ёй, што калі ён вырашыў ісці вучыцца ў педагагічны клас, то іншыя хлопцы пасмейваліся з яго. А сёння, калі для навучэнцаў педкласаў існуюць ільготы пры паступленні ў ВНУ, калі ён расказвае ім, з якімі выкладчыкамі і навукоўцамі сустракаецца, у якіх мерапрыемствах прымае ўдзел, то тыя пачалі яму нават па-добраму зайздросціць.

Гаворачы пра перспектыву дзейнасці педкласаў, прадстаўнікі БДПУ адзначаюць, што хочуць, каб да іх прыходзілі вучыцца ўсвядомлена, прыходзілі тыя, хто мэтанакіравана выбраў прафесію настаўніка, рыхтаваўся да яе і гатоў прысвяціць сябе ёй, а не таму, што не трэба будзе здаваць ЦТ (так званы запасны аэрадром).

“Мы бачым сваю мэту не проста ў тым, каб да нас прыйшло шмат абітурыентаў, а ў тым, каб да нас прыйшлі тыя, хто шчыра хоча стаць настаўнікам, тыя, хто будзе з душой і адказна выхоўваць маладое пакаленне беларусаў, і тыя, пра каго вучні будуць потым казаць: “Гэта мой любімы настаўнік”.

Марына ПЫРКОВА.
Фота Веранікі КЛЮТЧЭНІ.