Урок працягласцю ў 45 гадоў

- 9:00Людзі адукацыі

Хто ведае, ці здарылася б у Барысаўскім раёне слаўная гісторыя гімназіі № 1, калі б не ўдзел у лёсе ўстановы Людмілы Эдуардаўны Бачыла. Калі б у складаным 1990 годзе малады дырэктар не адважылася першай сярод вопытных калег узначаліць установу новага тыпу? Калі б не рызыкнула адной з першых у раёне адкрыць на базе гімназіі рэспубліканскую эксперыментальную, а затым і інавацыйную пляцоўкі? Калі б не працавала з самаадрачэннем кожны дзень і кожную гадзіну ўсе гэтыя доўгія гады? Людміла Эдуардаўна Бачыла — педагог, у нядаўнім мінулым дырэктар гімназіі № 1 Барысава, а зараз настаўнік матэматыкі ў гэтай жа ўстанове. Упэўнена, што многія калегі, сённяшнія і ўчарашнія вучні з вялікай удзячнасцю і павагай адносяцца да свайго настаўніка і дырэктара.

Усе, хто знаёмы з Людмілай Эдуардаўнай, адзначаюць яе незвычайны прыродны дар — разумення і пераканання лю­дзей. У многім дзякуючы гэтаму таленту, а яшчэ спалучэнню прадпрымальнасці, рацыянальнасці, чалавечнасці Людміла Эдуардаўна змагла згуртаваць калектыў педагогаў-аднадумцаў і павесці яго да высокіх дасягненняў. Кожнаму члену калектыву, кожнаму навучэнцу, бацькам, калі гэта было неабходна, увага ўдзялялася без прывязкі да прыёмных дзён і гадзін. І для кожнага знаходзілася сваё — мяккае і далікатнае або строгае і катэгарычнае — слова, такое неабходнае і важнае ў канкрэтнай сітуацыі.

Маючы перад вачыма прыклад любімага настаўніка матэматыкі — дырэктара сярэдняй школы № 10 Слуцка  Сяргея Фёдаравіча Рубанава, Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага настаўніка БССР, а таксама любімай цёткі Альфрэды Іванаўны Скарупа, таксама настаўніцы матэматыкі, узнагаро­джанай ордэнам Дружбы народаў за заслугі ў прафесіі, у юнацтве Людміла Эдуардаўна не сумнявалася, што яе шлях — гэта педагогіка. Бацькі (тата-ваенны — беспярэчны аўтарытэт!)  былі супраць, прадказвалі дачцэ інжынерную будучыню, але яна змагла іх пераканаць, верачы ў сваё прызванне.

А затым Людміла Эдуардаўна даказала ўсім — гэта яе месца, яе справа. У 1992 годзе яна была ўзнагароджана знакам “Выдатнік народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь”, у 2005-м — медалём Францыска Скарыны, у 2006 годзе, калі імёны гімназістаў загучалі на міжнароднай алімпіяднай арэне, Людміла Эдуардаўна атрымала прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У 2016 годзе яна ўзнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і заслугі ў развіцці мясцовага самакіравання. Яе работа адзначана ганаровымі граматамі Міністэр­ства адукацыі Рэспублікі Беларусь, граматамі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Цвёрдае прафесійнае перакананне Л.Э.Бачыла заключаецца ў тым, што высокія вынікі ў педагагічнай працы магчымы толькі пры ўмове высокай самадысцыпліны і адказнасці. Па словах Людмілы Эдуардаўны, такое меркаванне сфарміравалася падчас вучобы ў школе, затым падчас работы настаўнікам (на працягу 46 гадоў) і яшчэ больш падчас работы на пасадзе дырэктара (30 гадоў), калі яна мела магчымасць назіраць поспехі калег і іх вучняў. Для яе не было няважных дробязей у школе: якасць фатаграфій у школьнай газеце, колер сцен у сталовай, гучанне мікрафонаў на мерапрыем­стве — усё павінна быць бездакорным.

Адной з самых важных місій школы Л.Э.Бачыла лічыць выхаванне будучых грамадзян краіны — патрыётаў, прафесіяналаў, удзячных дзяцей і здаровых бацькоў. Менавіта па яе ініцыятыве ў гімназіі былі арганізаваны дадатковыя адукацыйныя паслугі. Гімназія стала своеасаблівым культурна-адукацыйным цэнтрам мікрараёна. Кожны тут можа рэалізаваць свае здольнасці, знайсці заняткі па інтарэсах. Ужо ў 90-я гады тут працавалі студыі па псіхалогіі, інфарматыцы, шахматах, эстрадным танцы, ігры на музычных інструментах. Падчас яе работы прозвішчы больш чым 140 гімназістаў былі ўнесены ў банк даных адоранай моладзі, прафесійнае прызнанне здабылі дзясяткі педагогаў, пераможцаў конкурсаў прафесійнага май­стэрства, узна­гароджаных граматамі абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, званне “ўзорны” прысвоена тром дзіцячым калектывам, званне “народны”  — настаўніцкаму калектыву. Па выніках работы ў 2014 годзе гімназія занесена на рэспублікан­скую Дошку гонару. А самае галоўнае — ні адзін з тых, хто прыйшоў па дапамогу ў кабінет дырэктара, не атрымаў ад Людмілы Эдуардаўны адмову: чым магла — абавязкова дапамагала!

Блізкія Л.Э.Бачыла ведаюць, што прадметам гордасці для яе і сёння з’яўляюцца дасягненні калектыву гімназіі № 1 Барысава. А яшчэ — асабістыя поспехі яе дзяцей і ўнукаў, асабліва прадаўжальнікаў сямейнай педагагічнай дынастыі Бачылы — Скарупа, агульны ўзрост якой пераваліў за пяць соцень гадоў! Старэйшая дачка Людмілы Эдуардаўны — выкладчыца Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, а малодшая ўнучка — студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Знакам прызнання працы педагагічнага калектыву з’яўляецца вялікая колькасць выпускнікоў гімназіі, якія вярнуліся ў родную школу ў якасці настаўнікаў. Важна адзна­чыць і талент настаўніцтва Л.Э.Бачыла. Патрабавальная перш за ўсё да сябе, яна ўмела так арганізаваць работу, што ніхто не мог дазволіць сабе працаваць напаўсілы. Пад яе кіраўніцтвам развіваліся лідарскія якасці многіх настаўнікаў гімназіі. Тут “выраслі” намеснікі дырэктара С.А.Гуткоўская, Ю.В.Пятако­ва, Ю.С.Паўлава, В.В.Валчанін,
А.С.Алі­сіевіч, Л.Г.Бальшакова. Сён­­няшнія дырэктары розных устаноў адукацыі А.В.Вевель, А.С.Забароўскі і М.В.Сівірэнцава таксама выхадцы з калектыву гімназіі.

“Педагогіка, настаўніцтва — гэта прызванне. Толькі адчуваючы, што тут тваё месца, толькі разумеючы агульную чалавечую, народную, дзяржаўную патрэбу ў добрым настаўніку, можна ісці працаваць у школу”, — кажа Л.Э.Бачыла. Менавіта такое стаўленне да любой прафесіі яна заўсёды заклікала выхоўваць у вучняў гімназіі, каб быць спакойнымі за іх прафесійную будучыню і ўпэўненымі ў будучых поспехах краіны.

Аксана АЛІСІЕВІЧ.