Урок-­свята

- 12:05Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Урок мастацтва можа стаць сапраўдным святам, на якім кожны вучань адчуе сябе творцам. У гэтым упэўнена настаўніца мастацтва сярэдняй школы № 164 Мінска Вольга Самусевіч.

Цікавасць да прадмета

— Вольга Сяргееўна, па прадмеце “Мастацтва” адзнакі не выстаўляюцца. Як гэта ўплывае на адносіны дзяцей да заняткаў?

— Стаўленне вучняў да любога прадмета залежыць ад майстэрства настаўніка. Лічу важным развіваць у вучняў разуменне мастацтва, здольнасць захапляцца ім, узбагачаць свой унутраны свет. Таму далучаю іх да творчасці. У гэтым пытанні я па­дзяляю меркаванне Мэры Эн Хол, аўтара кніг па дзіцячай мастацкай творчасці, якая лічыла, што творчасць не варта блытаць з талентам, уменнем або інтэлектам. Твор­часць не ў тым, каб рабіць нешта лепш, чым у іншых, а ў тым, каб думаць, даследаваць, адкры­ваць і ўяўляць.

Вучу дзяцей прыгажосці, жывым адно­сінам да мастацтва, каб кожны з іх мог раскрыцца. Мы з вучнямі малюем, ствараем макеты архітэктурных збудаванняў, скла­даем кампазіцыі, рыхтуем інсцэніроўкі, іграем на музычных інструментах. Па­глядзіце на дзіцячыя работы, якія знахо­дзяцца ў нашым кабінеце: егіпецкія піраміды і цуды свету, стылізаваныя малюнкі першабытных людзей і маскі Оні, трыумфальныя аркі дасягненняў вучняў і іх імёны, прадстаўленыя ў стылі эпохі Адраджэння. А якія выдатныя дэбюты здараюцца ў дзяцей падчас інсцэніровак вядомых тэлеперадач! Адсюль і ўзнікае цікавасць да прадмета. Любая дзейнасць у галіне мастацтва — гэта яшчэ і выдатны спосаб зразумець, што рабіць памылкі не страшна, што гэты шлях можа прывесці да цалкам новай ідэі. Мастацтва вучыць дзяцей падыходзіць да вырашэння любой жыццёвай праблемы творча. У гэтым я неаднаразова пераконвалася. 

— Што такое добры ўрок з метадычнага пункту гледжання? 

— Такі ўрок складаецца з сучасных тэхналогій, метадаў і прыёмаў (спалучэння іх элементаў), творчай дзейнасці і супрацоўніцтва. Пры падрыхтоўцы ўрока для мяне важна адабраць матэрыял, заснаваны на кампетэнтнасным падыходзе, інтэграцыі розных прадметаў (літаратуры, гісторыі, музыкі). А падбор форм, метадаў і прыёмаў ажыццяўляю з улікам узросту вучняў. На нашых уроках мы дыскутуем, гуляем у дзелавыя гульні, распрацоўваем турыстычныя маршруты і адпраўляемся ў віртуальныя падарожжы, рэалізуем праекты-даследаванні, ствараем сінквейны і кросенсы, робім замалёўкі-рэканструкцыі і многае іншае.

З дапамогай мультымедыйных прэзентацый я прадстаўляю вучэбны матэрыял як сістэму яркіх апорных вобразаў. Але гэта не проста ілюстраванне, гэта сродак фарміравання вобразнага і лагічнага мыслення. Я актыўна прымяняю сэрвіс LearningApps.org, ствараю электронныя інтэрактыўныя практыкаванні для тлумачэння і замацавання новага матэрыялу, трэнінгу і кантролю. Укараняю тэхналогію дапоўненай рэальнасці, распрацоўваю QR-тэсты і квесты па раздзелах вучэбнай праграмы, працую над стварэннем мастацтвазнаўчага марафону (пытанняў і прыктычных заданняў творчага кірунку па розных раздзелах праграмы ў розных класах). Так, на аснове QR-кода стварыла прыём “Чорны квадрат”: пры дапамозе мабільнага тэлефона вучні чытаюць QR-код і адкрываюць заданні, спасылкі на сайты, відэаматэрыял.   

Падчас конкурсу “Акадэмія ўрока” педагогам прапаноўвалася заданне: за адну мінуту прадставіць лепшую ідэю па стварэнні камфортных умоў на ўроку. Я прапанавала ўявіць урок у выглядзе рыбалоўнай сеткі, якая стане вучням падтрымкай, дазволіць наладзіць супрацоўніцтва. 

У авангардзе

— Раскажыце пра ўрок, які вы право­дзілі падчас гэтага прэстыжнага конкурсу.

— Гэта быў нестандартны ўрок, які я правяла на вялікім эмацыянальным уздыме, урок-свята, тэатральнае шоу. Вучні 9 класа абагульнялі і замацоўвалі веды пра такую мастацкую з’яву, як авангард. Некаторыя загадзя атрымалі заданні па тэме. Абапіраючыся на ўжо атрыманыя веды па мастацтве, літаратуры і гісторыі, вучні дэманстравалі ўменне вызначаць элементы авангарда ў розных відах мастацтва, веды аб сродках мастацкай выразнасці ў авангардзе, выконвалі творчыя работы і тэставыя заданні на Learning-платформе. Для ўрока я выбрала форму арт-салона з атмасферай дабра, сумеснай творчасці, радасці. Праз прадметы мастацтва, рэпрадукцыі карцін, элементы адзення, якія вучні прымяралі, музычнае суправаджэнне, ін­сцэніраванне да дзей­насці далучыліся ўсе, незалежна ад вучэбнай матывацыі.

Вольга Самусевіч — уладальніца дыплома І ступені сталічнага конкурсу прафесійнага майстэрства “Панарама інавацыйных адукацыйных практык “Акадэмія ўрока” — 2022”. Летась атрымала дыплом І ступені міжнароднага цэнтра навуковага партнёрства “Новая навука” (у намінацыі “Актуальныя пытанні сучаснай адукацыі”) за даследчую работу “Выкарыстанне элементаў інфармацыйных тэхналогій на ўроках па вучэбным прадмеце “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)” як сродак павышэння матывацыі навучэнцаў”. Педагог адзначана дыпломам ІІ ступені гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2020” у намінацыі “Свая вышыня”.

Работа праходзіла ў групах. На працягу ўрока вучні мянялі свае вобразы пры дапамозе пэўнай атрыбутыкі: жоўтыя гальштукі, яркія шкарпэткі, падцяжкі некалькіх колераў, бабачкі. Група мастакоў стварала карціну ў стылі кубізм. Дзяўчынкі выступалі ў якасці мадэльераў і прыдумвалі вобразы з выкарыстаннем тканін у розных напрамках авангарда, якія апрабоўвалі на манекене. Група архітэктараў стварала макет будынка і абараняла сваю работу. Ім у якасці матэрыялаў былі прапанаваны мяч і кубы, гімнастычныя абручы і палкі і іншыя атрыбуты. Літаратары чыталі футурыстычныя вершы Маякоўскага і прадстаўлялі яго плакаты. Звярнуліся мы і да творчасці Марка Шагала. Стварылі яго партрэт з пазлаў, дзе былі размешчаны звесткі аб мастаку, і адгадалі яго імя. Зага­дзя развучвалі словы, якія прамаўлялі ад імя Маякоўскага і Шагала. Яшчэ на ўроку ­разыгрывалася спрэчка, якая нібыта адбылася на выставе паміж двума знатакамі мастацтва — традыцыйнага і авангарднага. А два вучні ў ролях журналіста і фатографа асвятлялі ўсе падзеі, што адбываюцца. Вынікам урока стала групавая творчая работа — жывая карціна ў авангардным стылі, якую вучні разыгралі на сцэне. Такім чынам яны прадставілі мініпраекты, якія рэалізавалі ў групах.  

Запрашае музей

— Якія даследчыя праекты вы ажыццяўляеце з вучнямі?

— Я выкладаю ў школе не толькі мастац­тва, а яшчэ беларускую мову і літаратуру, а таксама курырую дзейнасць музея Ленінскага раёна Мінска, які размешчаны ў нашай установе. Таму ў мяне вялікае поле дзей­насці. Напрыклад, займаюся падрыхтоўкай экскурсаводаў для музея, якія ў далейшым становяцца ўдзельнікамі школьнага пошукавага атрада. Нашы юныя экскурсаводы і пошукавікі не раз станавіліся пераможцамі адпаведных гарадскіх конкурсаў.

Экспазіцыі музея прадстаўлены ў дзвюх вялікіх залах. Тут можна даведацца аб адміністратыўна-тэрытарыяльным дзяленні Ленінскага раёна, убачыць макет з размешчанымі на яго тэрыторыі аб’ектамі, пазнаёміцца з мясцовай прамысловасцю. Напаўняючы музей экспанатамі, мы звярнуліся на прадпрыемствы раёна (“Элема”, камвольны камбінат, холадакамбінат, “Камунарка” і г.д.), якія падарылі нам узоры сваёй прадукцыі. У музеі ёсць залы адукацыі, культуры і спорту, зала, прысвечаная ВАВ і ветэранам. Нядаўна адкрылася экспазіцыя “Лю­дзі з чорнымі душамі”, прысвечаная генацыду беларускага народа ў гады вайны. Мы сустракаемся з вядомымі людзьмі. Напрыклад, падтрымліваем зносіны з мастаком-сцэнарыстам Уладзімірам Фёдаравічам Чарнышовым. Бывалі ў яго на выставах і атрымалі ў падарунак эскіз карціны “Смак бульбы”. З работай, прысвечанай яго творчасці, Настасся Махрова, вучаніца 10 класа, атрымала дыплом ІІ ступені ў гарадскім конкурсе юных экскурсаводаў “Гісторыя аднаго экспаната”. Сабраную інфармацыю пра героя цяпер выкарыстоўваем на інфармацыйных гадзінах.

Даследаванне пра вядомага канькабежца Уладзіміра Парамонава право­дзіў Ілья Паўловіч — яго ўнук, які да нядаўняга часу вучыўся ў нашай школе. Работа была адзначана дыпломам ІІІ ступені на раённым этапе конкурсу “Малая радзіма вялікіх лю­дзей” у рамках рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”. Раней у нашым музеі знахо­дзіліся сапраўдныя рэчы спарт­смена: канькі са скуры кенгуру (першапачаткова яны заказваліся для двухразовага чэмпіёна свету Дзмітрыя Бачкарова, у далейшым іх набыў Парамонаў), заліковая кніжка, дыпломы, граматы і кнігі. Пры пераездзе сям’я спартсмена забрала некаторыя рэчы з музея, і яны засталіся толькі на фатаграфіях.  

— У вас незвычайны кабінет беларускай мовы і літаратуры. Тут ёсць музейны куток, народныя касцюмы, парты ўпрыгожвае арнамент…

— Так, наш кабінет мае душу. Музейны куток нагадвае сялянскую хату з прадметамі побыту, чырвоным кутом і абразамі. Пачэснае месца адведзена нашым пісьменнікам-класікам, іх факсімільным выданням. Усё сабрана дзецьмі, бацькамі і настаўнікамі. Адзін з народных касцюмаў— падарунак Купалаўскага тэатра. 

Некаторыя парты ў кабінеце ўпрыгожаны стылізаванымі пад ручнікі дапаможнікамі з інфармацыяй для вучняў. У кабінеце, безумоўна, ёсць куток для дзіцячай творчасці. Многія тэмы па літаратуры пераклікаюцца з тэмамі па мастацтве. Прасочваецца сувязь з народнымі святамі, што мы ладзім з вучнямі. Пры чытанні літаратурных твораў скіроўваю вучняў на разуменне жыццёвых сіутацый, якія ў іх апісаны, і пошук выхаду з іх. Важна, каб яны разважалі аб гэтым менавіта па-беларуску. Заклікаю вучняў любіць родны край, малую радзіму. Пачынаць, вядома, трэба з сябе. Наша сям’я любіць падарожнічаць па Беларусі. Вынікам нашых вандровак з’яўляюцца творчыя работы па гісторыі і краязнаўстве, якія ўдзельнічаюць у розных конкурсах. Асабліва мы ганарымся падарожжам на ткацкую фабрыку слуцкіх паясоў, пасля якога мая дачка, Ганна Самусевіч, атрымала дыплом ІІ ступені на рэспубліканскім этапе рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Ра­дзімаю заву” ў намінацыі “Нататкі юнага вандроўніка”. З гэтай жа тэмай Ганна заваявала дыплом І ступені ў Міжнародным конкурсе роднай мовы “Шматнацыянальны свет”.  

Летась каманда вучняў пад маім кіраў­ніцтвам упершыню прадстаўляла Мінск на рэспубліканскім злёце юных краязнаўцаў. Па выніках конкурсаў, якія там право­дзіліся, вучні атрымалі дыпломы І і ІІ ступені Міністэрства адукацыі, а таксама дыпломы лаўрэатаў ад Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Надзея ЦЕРАХАВА.