Урок у Telegram: Аляксандра Шапяцюк ведае, як знайсці падыход да вучняў

- 9:00Главная, Знак качества, Образование

Навучэнцам 9 “А” класа сярэдняй школы № 1 Лагойска з класным кіраўніком не проста пашанцавала: яны выцягнулі шчаслівы білет, калі з імі пачала працаваць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Аляксандра Шапяцюк. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Смяяцца дазваляецца

Два гады назад, калі даверылі класнае кіраўніцтва на той момант у 8 класе, Аляксандра Сяргееўна адразу пачала думаць, як пабудаваць эфектыўнае ўзаемадзеянне, якое б радавала і яе, і школьнікаў.

“Класны кіраўнік — гэта не проста педагог, — разважае А.С.Шапяцюк. — Гэта той чалавек, які павінен стаць блізкім для дзяцей: ім павінна хацецца давя­раць яму, расказваць пра свае праблемы і дасягненні”.

Шукаючы метады, якія дапамогуць зблізіцца з класам, а вучням дадуць магчымасць раскрыцца, Аляксандра Шапяцюк прапанавала сваім васьмікласнікам арганізаваць аб’яднанне па інтарэсах па журналістыцы і пачаць выпуск школьнай газеты.

“Ідэя заняцца журналістыкай спадабалася ўсяму класу, — працягвае настаўніца. — Але ў вучняў узніклі сумненні наконт папулярнасці газеты. Ці будуць яе чытаць? Каму з вучняў школы яна стане цікавай? Думаючы над альтэрнатывай друкаванаму варыянту, аднагалосна спыніліся на фармаце Telegram-канала. Падача навін у ім дынамічная, а работа над напаўненнем стужкі не настолькі працаёмкая, як у выпадку з газетай”.

З назвай канала вызначыліся хутка — “Школьны NEWS”. Далей паўстала пытанне прыярытэтнасці навін. Першапачаткова ідэя заключалася ў тым, што Telegram-канал стане камернай утульнай пляцоўкай, дзе будзе адлюстравана жыццё 8 “А” класа: за ім могуць назі­раць настаўнікі сярэдняй школы № 1 Лагойска, бацькі, а таксама вучні паралельных класаў.

“Хацелася, каб бацькі ведалі не толькі пра адзнакі дзяцей, але і пра тое, што адбываецца з іх дзецьмі ў школе, — тлумачыць класны кіраўнік. — Унутры канала ёсць некалькі влогаў, у якіх публікуем відэа з мерапрыемстваў, на якія выяз­джаем. Акрамя журналістыкі, мае вучні гуляюць у КВЗ. Калі асноўныя гульцы выяз­джаюць на спаборніцтвы, з імі едуць журналісты, якія пішуць влогі”.

Трансляцыя мерапрыемстваў шостага школьнага дня, віншаванні з днём нараджэння, дасягненні ў вучобе, перамогі ў алімпіядах — гэта толькі частка навін, якія можна сустрэць, гартаючы стужку “Школьнага NEWS”.

“Усім важным і прыемным, што адбываецца ў жыцці нашага класа (у вучэбным і выхаваўчым кірунках), мы з задавальненнем дзелімся з нашымі падпісчыкамі, — зазначае Аляксандра Сяргееўна. — Нечакана і, што хаваць, прыемна, калі на нас падпісваюцца навучэнцы і педагогі іншых школ горада і раёна. Кажуць, што ў нас ужо з’явіліся канкурэнты, але нам яны не страшныя: у каманды “Школьнага NEWS” ёсць шэраг ідэй, як зрабіць канал яшчэ больш цікавым і карысным”.

З апошніх цікавых навінак, якія прыдумалі журналісты 9 “А”, сталі рубрыкі пра школьнае харчаванне і складаныя ўрокі. У першай расказваюць пра дзяжурствы ў сталовай і даюць парады тым, хто любіць забіраць хлеб з сабой, а не з’ядаць яго за абедам. Другая рубрыка нагадвае маналог-разважанне аб тым, чаму той ці іншы прадмет выклікаў цяжкасці і як, на погляд вучня, гэта можна вырашыць.

“Рубрыкі, дзе прысутнічае гумар, карыстаюцца папулярнасцю ва ўсіх, — дзеліцца назіраннямі А.С.Шапяцюк. — Гэта значыць, што мы выбралі правільны кірунак. А яшчэ зрабілі правільна, калі вырашылі стварыць свой Telegram. Заўважана: гэта не толькі цікава, але і дапамагае зблізіцца з вучнямі, прынамсі, у маім выпадку дакладна”.

Ведаць свае карані

У Аляксандры Шапяцюк, калі яна прыйшла працаваць у школу, была не толькі мара стаць добрым класным кіраўніком, якога б любілі дзеці. Педагог заўсёды хацела рэалізаваць сябе як высакакласны прафесіянал у выкладанні беларускай мовы і літаратуры. Хацець меншага Аляксандры Сяргееўне не дазволіў перфекцыянізм: яна скончыла школу з залатым медалём, а БДПУ Максіма Танка — з дыпломам з адзнакай.

“Але справа не толькі ў гэтым, — прызнаецца настаўніца. — У школе мне беларускую мову і літаратуру выкладала Ірына Пятроўна Кручэк. Менавіта яна прывіла любоў да роднай мовы. Калі вучылася ў 9 класе, у абласной алімпія­дзе па беларускай мове заняла 1-е месца, а ў краіне стала другой. Дзякуючы такому выніку, паступіла ў Ліцэй БДУ, пасля заканчэння якога стала студэнткай філалагічнага факультэта БДПУ. Сёння выкладаю беларускую мову ў той школе, якую скончыла сама”.

За час работы ва ўстанове адукацыі настаўніца ўжо ведае, які свой урок можа назваць ідэальным: калі дзеці зразумелі тэму, але не заўважылі, як хутка прайшлі 45 мінут.

“Стараюся не выкарыстоўваць аднатыпную матрыцу ўрока, — дзеліцца вопытам педагог. — Гэта не дазваляе дзецям прывыкнуць да чагосьці аднаго, а прымушае іх заўсёды здзіўляцца. Люблю выкарыстоўваць лічбавыя і інтэрактыўныя метады навучання. Не так даўно скончыла ў МАІРА курсы па адпаведнай тэматыцы, таму з новымі ведамі прыступіла да заняткаў. Таксама падабаецца прымяняць электронныя квесты, квізы. Нядаўна разважала і зразумела, што дзеці ў першую чаргу пачынаюць любіць не сам прадмет, а настаўніка. А значыць, каб ім было цікава на маім уроку, спачатку цікава павінна быць мне. Таму вау-­эфект, калі прапаную незвычайную форму вывучэння той ці іншай тэмы, — гэта самы яскравы паказчык, што навучэнцам спадабалася выказаная ідэя. Я вельмі люблю расказваць і размаўляць з вучнямі, люблю, калі атрыманыя веды яны ўмела прымяняюць у жыццёвай практыцы: дзякуючы гэтаму, будуюцца новыя нейронныя сувязі і вельмі проста запамінаецца новы матэрыял”.

Для Аляксандры Сяргееўны важна, каб школьнікі выступалі ў ролі даследчыкаў: самастойна аналізавалі пэўныя прыклады, а пасля выводзілі з іх правіла. А яшчэ настаўніца беларускай мовы імкнецца да таго, каб дзеці не толькі любілі родную мову, але і свабодна на ёй размаўлялі.

“На жаль, з кожным годам усё менш выпускнікоў выбіраюць для здачы экзамену мой прадмет, — адзначае А.С.Шапяцюк. — Калі школьнікі задаюць пытанне, навошта ведаць беларускую мову, я гавару з імі пра самаідэнтыфікацыю, пра свае карані. Адукаваны чалавек павінен ведаць іх, а таксама гісторыю свайго краю і мову, якая яго вылучае”.

Разгледзець усё хараство беларускага слова навучэнцам дапамагаюць урокі літаратуры. Аляксандра Сяргееўна вельмі любіць чытаць і дзецям таксама стараецца прывіць гэтую карысную звычку. Дарэчы, нядаўна настаўніца распрацавала ўрок па стылях маўлення на прыкла­дзе твораў Уладзіміра Караткевіча і тэкстаў пра самога пісьменніка.

“Вельмі люблю Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава, часта іх перачытваю і сваім дзевяцікласнікам раю самаадукоўвацца праз літаратуру, — падкрэслівае настаўніца-філолаг. — Ужо вельмі хутка бу­дзем па праграме праходзіць з маім класам “Дзікае паляванне караля Стаха”. Я ўжо ў прадчуванні! Спадзяюся, што змагу перадаць на ўроку ўсю ўнікальнасць і непаўторнасць гэтага твора, як і адмет­насць і непараўнальнасць яго аўтара”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА