Урок з апошняй парты

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 173 Мінска Алена Аляксандраўна Цюкаева — не проста выдатны педагог з амаль 25-гадовым стажам, а любіміца шасці выпускаў. Яна заўсёды стараецца стаць для сваіх вучняў сяброўкай і дарадчыцай, а для іх бацькоў — сапраўднай памочніцай у такой нялёгкай справе, як выхаванне дзяцей. У той жа час яна настолькі дзейная, энергічная, цікаўная і неабыякавая, што становіцца прыкладам не толькі для школьнікаў, але і для іх мам і татаў. І такой сваёй актыўнасцю матывуе іх на ўдзел у розных конкурсах, мерапрыемствах і вандроўках.

Алена Аляксандраўна Цюкаева, скончыўшы факультэт пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ў 1996 годзе, трапіла спачатку ў сярэднюю школу № 172 Мінска, а ў 2000 годзе — у школу № 173, дзе працуе па сённяшні дзень. Многія гады яе педагагічным крэда застаюцца словы К.І.Чукоўскага: “Наша задача заключаецца ў тым, каб абудзіць, выхаваць, умацаваць ва ўспрымальнай дзіцячай душы гэтую каштоўную здоль­насць суперажываць, спачуваць і сурадавацца, без якой чалавек — не чалавек”. На працягу ўсёй прафесійнай дзейнасці яна сама­ўдасканальваецца, як самастойна ўдзельнічаючы ў конкурсах прафмайстэрства, так і разам са сваімі вучнямі ў навукова-практычных канферэнцыях і краязнаўчых чытаннях, на якіх яны заўсёды трапляюць у лік пераможцаў.

“Вялікі ўплыў на выбар прафесіі аказала мая бабуля. Яна родам з дваранскай сям’і, у якой размаўлялі на чатырох мовах. З дзяцінства я слухала яе аповеды пра тое, як яна выкладала да вайны і ў цяжкі пасляваенны час, якія цікавыя вучні былі ў яе, і як гэта выдатна — быць настаўнікам, — дзеліцца ўспамінамі педагог. — Бабуля гаварыла, што ішла на работу, як на свята! Пасля вайны яна працавала завучам школы рабочай моладзі і бачыла, як дзеці, якія перажылі вайну, імкнуліся да ведаў, стараліся нагнаць упушчанае за час ваеннага ліхалецця і паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Кожны з іх, адпрацаваўшы змену на прадпрыемстве, адказна рыхтаваўся да ўрокаў. Таму бабуля была шчаслівая, што я выбрала прафесію педагога. А яшчэ ў дзяцінстве я збірала вакол сябе навакольных малышоў і праводзіла з імі свое­асаблівыя гульнявыя ўрокі”.

За чвэрць стагоддзя прафе­сійнай дзейнасці ў А.А.Цюкаевай з’явілася нямала творчых і педагагічных знаходак, якімі яна карыстаецца штодня. А таму кожны ўрок адрозніваецца ад папярэдняга. “Канспекты ўрокаў пастаянна карэкціруюцца ў залежнасці ад таго, наколькі вучні засвоілі тэму. Бо не бывае ідэальнага канспекта, як не бывае і ідэальнага класа, — гаворыць яна. — У першым класе вельмі важна дабіцца добрага навыку чытання, бо пры слабым чытанні нават задачу па матэматыцы зразумець складана. Таму кожны ўрок мы пачынаем пяціхвілінкай чытання. А вось пры навучанні пісьму элементы літар спачатку прапісваем пальчыкам па наждачнай паперы, такім чынам з дапамогай тактыльнага ўздзеян­ня дзеці хутчэй запамінаюць літары”.

Акрамя таго, А.А.Цюкаева мае музычную адукацыю, таму ўдала падбірае класічную музыку ў адпаведнасці з эмацыянальным напружаннем на пэўным этапе ўрока. “Мае вучні ведаюць і пазнаюць многія сусветна вядомыя творы знакамітых кампазітараў і музыкантаў, — дадала настаўніца. — Да таго ж дзецям пачатковых класаў нецікавыя сухія біяграфічныя звесткі, таму заўсёды падбіраю факты з дзяцінства знакамітых людзей мінулага. Некаторыя цікавыя выпадкі мне расказала мая бабуля, якая заўсёды сцвярджала, што дзіцяці цікава дзіця. У­зяць, напрыклад, факты з дзяцін­ства Соф’і Кавалеўскай, першай у Еўропе жанчыны — прафесара матэматыкі. Пры рамонце ў новым доме не хапіла шпалер для яе пакоя, і бацька дзяўчынкі вырашыў абклеіць сцены лістамі літаграфаваных лекцый па вышэйшай матэматыцы, таму яна магла гадзінамі стаяць і разглядаць формулы”.

Калі вучню на апошняй парце відавочна нецікава, то Алена Аляксандраўна сядае побач з ім і вядзе ўрок з апошняй парты. Пры гэтым яна стараецца сказаць нешта адметнае, каб разварушыць абыякавага і нецікаўнага вучня і ўключыць яго ў ход урока. “Я эмацыянальная асоба, і гнеў мне не чужы, — з усмешкай прызнаецца настаўніца. — Сістэма бізуна і перніка ў мяне таксама працуе: адна заўвага на ўроку — адно заданне пасля ўрокаў. Паверце, гэта вельмі дысцыплінуе”. І дадае, што яе вельмі засмучае, калі яна не бачыць аддачы ад дзяцей, а таму часам рукі апускаюцца, праўда, ненадоўга. Калі ж настаўніца адчувае, што яе маленькія вучні хутка разумеюць складаную тэму, то скакаць хочацца ад радасці.

На пытанне, што можна было б змяніць у школе, а што павінна заставацца нязменным, А.А.Цю­каева адказала так: “Лічу, што нязменным павінна заставацца вочная форма навучання. Цяпер шмат размоў пра дыстанцыйную адукацыю, але я не вітаю яе, бо малодшым школьнікам складана сядзець перад экранам цэлы ўрок. Плюс тэхнічныя моманты, якімі дзіця не валодае. Малодшым школьнікам патрэбна дзіцячае асяроддзе, зносіны і сацыялізацыя. Бо школа — гэта не толькі месца, дзе вучаць, а і месца, дзе дзеці вучацца існаваць сярод такіх жа дзяцей, сябраваць і вырашаць канфлікты. А вось наконт змяненняў у школе, хацелася б, каб педагогі мелі больш магчымасцей пераймаць вопыт і здабыткі педагагічных сістэм розных краін. І гэтаму добра спрыяў бы абмен настаўнікамі. Вось я, напрыклад, з вялікім задавальненнем наведала б школы Кітая, Сінгапура, Эстоніі, Фінляндыі, Канады — тых краін, якія паказалі ў міжнародных даследаваннях PIRLS і PISA лепшыя вынікі”.

У той жа час Алена Аляксандраўна не забывае і пра выхаваўчую дзейнасць. Яе вучні актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх значных школьных мерапрыемствах. “У мінулым навучальным годзе прапанавала бацькам правесці класныя гадзіны разам, каб яны расказалі дзеткам пра свае прафесіі. Некалькі матуль адгукнуліся, і атрымаліся цікавыя нестандартныя сустрэчы, — па­тлумачыла настаўніца. — У выхаваўчай рабоце прытрымліваюся прынцыпу асабістага прыкладу. У мяне шмат інтарэсаў, пра якія расказваю сваім вучням. Я вельмі люблю гісторыю і цікаўлюся мінсказнаўствам. Часта расказваю дзецям цікавыя факты з гісторыі нашай сталіцы. Мы з дзецьмі звярнулі ўвагу, што ў краінах-суседках ёсць помнікі заснавальнікам сталіц, а ў Мінску няма. Так узнік праект “Помніку быць!”. Мы з вучнямі даследавалі гісторыю ўзнікнення нашай сталіцы і прыйшлі да высновы, што калі невядома імя чалавека, які заснаваў горад, то трэба ўстанавіць помнік, прысвечаны яго першаму згадванню ў гістарычных крыніцах. Пасля мы вылепілі макет помніка і нават падабралі пляцоўку для яго ўстаноўкі — месца гістарычнай бітвы на рацэ Нямізе, сёння гэта тратуар перад домам № 11а на вуліцы Мяснікова. Нам вельмі хочацца, каб праект атрымаў працяг, таму зараз мы шукаем неабыякавых людзей, якія дапамаглі б яго ажыццявіць”.

Асобнае месца ў жыцці А.А.Цюкаевай адведзена спорту і падарожжам: “Раней я была парашутысткай, цяпер люблю велапрагулкі, сплавы на байдарках, асвойваю верхавую язду, горныя лыжы і сноўборд”. А яшчэ яна наведвае студыю “Крылы натхнення”, дзе пад кіраўніцтвам мастачкі Надзеі Бука спасцігае асновы жывапісу. “Я з дзяцінства марыла навучыцца маляваць. Пасля сарака зразумела, што мары трэба ператвараць у рэальнасць, — падкрэсліла педагог. — Лічу, што настаўнік — чалавек, які ідзе ў нагу з часам, цікавіцца ўсім і мае ўласнае меркаванне. І сваіх вучняў у першую чаргу вучу быць чалавекам, выказваць і абара­няць свае думкі, імкнуцца да ведаў і развіцця, бо самая цяжкая праца — праца над сабой. Я пераканана, што менавіта настаўнік пачатковых класаў адыгрывае вялікую ролю ў жыцці дзіцяці, бо яму давяра­юць яго выхаванне і адукацыю. І я раблю ўсё, каб дапамагчы дзецям асвоіцца ў такім складаным і супярэчлівым навакольным свеце”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.