Урокі бяспекі

- 16:08Нам пішуць

У сучасным свеце чалавека падпільноўвае шмат небяспек: на дарозе, у побыце, на адпачынку. Каб зберагчы жыццё і здароўе, неабходна выконваць правілы бяспечных паводзін, умець арыентавацца ў розных сітуацыях і правільна рэагаваць на магчымыя пагрозы. Выкладаючы прадмет “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”, паказваю дзецям, як дзякуючы яго вывучэнню яны могуць пазбегнуць небяспечных сітуацый, сарыентавацца ў выпадку іх узнікнення, аказаць неабходную дапамогу сабе і іншым.

Надзвычай цікава ў нашай школе праходзяць тыдні бяспекі. Так, у рамках акцыі “Увага: дзеці!” установу адукацыі наведалі супрацоўнікі раённага аддзела ДАІ Д.А.Ваўранюк і Ю.П.Кучынскі, якія расказалі пра абстаноўку на дарогах Камянеччыны, вобласці і краіны, звярнулі ўвагу вучняў на строгае выкананне правіл дарожнага руху. Хлопчыкі і дзяўчынкі адказвалі на пытанні інспектараў, успаміналі правілы паводзін на дарозе, задавалі пытанні самі.

Сакратар БРСМ М.В.Слуцкая, інспектар ДПС аддзела ДАІ Камянецкага РАУС М.А.Бухавецкі, настаўніца прадмета “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” А.М.Росляк, актывісты БРПА і БРСМ Ульяна Сахарук, Ірына Шэўчык, Арцём Сяргееў і Вадзім Гардзей правялі акцыю “Бяспечная дарога ў школу з БРСМ”.

— У гэты дзень мяне праводзіў у школу тата, — расказаў першакласнік Глеб Лісік. — Было вельмі прыемна, што мяне пахвалілі за добрае веданне правіл дарожнага руху і ўручылі памятку “Правілы пешахода”. Як правільна пераходзіць дарогу, мне растлумачылі бацькі.

— З вялікай цікавасцю ўдзельнічаў у акцыі, — адзначыў другакласнік Кірыл Каладзей. — Адказваць на пытанні інспектара дапамагалі веды, атрыманыя ад таты і з кнігі “Правілы дарожнага руху”, якую мне падарыў дзядуля, калі я яшчэ хадзіў у дзіцячы сад.

Частыя госці ў школе і супрацоўнікі МНС. Нядаўна ў нас пабываў спецыяліст па ідэалагічнай рабоце раённага аддзела МНС В.М.Іванюковіч, які правёў для вучняў пачатковых класаў “Урок бяспекі”. Гутарка ў форме дыялогу дазволіла дзецям успомніць усе разделы прадмета “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”. Супрацоўнік МНС падарыў хлопчыкам і дзяўчынкам плакаты і кніжныя закладкі, якія будуць нагадваць аб правілах бяспекі.

Аксана РОСЛЯК,
настаўніца прадмета “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”
Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.