Урокі бяспекі Таццяны Клачан

- 9:00Людзі адукацыі

Кабінет Цэнтра бяспекі ў Маларыцкім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі знайшоў хутка. Дзверы былі прачынены. Я ціха пастукаў. Ніхто не адгукнуўся. Вырашыў зайсці. Каля акна сядзела педагог дадатковай адукацыі Таццяна Андрэеўна Клачан і летуценна глядзела кудысьці ўдалечыню. Пачуўшы мяне, яна павярнулася і ўсміхнулася.

— Заглядзелася на бярозу, якую ледзь улоўна калыша вецер, успомніла малую радзіму… Зноў у думках пабывала там, далёка-далёка, за тысячы кіламетраў адсюль. Родны край ніяк не адпускае, — прызналася Таццяна Андрэеўна. — Маларыта — мая другая радзіма, якая стала роднай сэр­цу, блізкай і дарагой. Здаецца, тут жыла заўсёды. Не ведаю, як склаўся б лёс, калі не прыехала б у Беларусь.

Родам Т.А.Клачан з Прыморскага краю Расіі. Маленства прайшло на беразе ракі Усуры непадалёк мяжы з Кітаем.

У старшых класах Таццяна Андрэеўна хацела быць адразу і педагогам, і таваразнаўцам, і медыкам. Да апошняга ёй было складана вызначыцца, зрабіць правільны выбар далейшай жыццёвай дарогі. Доўга вагалася. У рэшце рэшт падала дакументы ў гандлёвы інстытут, каб стаць таваразнаўцам, але не прайшла па конкурсе.

— Гэта мяне не засмуціла, — гаворыць Т.А.Клачан. — Не ў маім характары апускаць рукі перад цяжкасцямі. Вырашыла: буду паступаць у інстытут, пакуль не стану студэнткай. Каб не губляць дарэмна час, пайшла ў вучылішча сувязі, дзе набыла спецыяльнасць тэлефаністкі міжнароднай сувязі. Праз год ужо добра здала ўступныя экзамены і была залічана на біялагічны факультэт Усурыйскага педагагічнага інстытута. Вучылася добра. Адчувала, што працаваць з дзецьмі — маё прызванне. Гэта пацвердзілі дзве педагагічныя практыкі.

Пасля пераводу мужа, лётчыка-назіральніка авіялеса­аховы, у БССР апынулася ў Маларыце. Працавала на розных пасадах, але заўсёды цягнула ў школу. Дапамог выпадак. Даведалася, што ў Дом піянераў патрабуецца кіраўнік гуртка.

— Палічыла, што гэта мой шанс, таму на наступны дзень пайшла працаўладкоўвацца. Так у 1998 годзе стала кіраўніком гуртка “Юны пажарны”, — расказвае Т.А.Клачан. — Пачынала з нуля. Метадычнай літаратуры і наглядных матэрыялаў амаль не было. Да кожных заняткаў старанна рыхтавалася. Імкнулася, каб вучні даведваліся штосьці новае і карыснае, каб ім было цікава. Для гэтага падбірала матэрыял у перыядычным друку, часта наведвала раённую бібліятэку. Разам з дзецьмі вучылася і сама.

Таццяна Андрэеўна цалкам аддалася рабоце, якая прыносіла задавальненне і ра­дасць. Цяпер педагог працуе не ў сціплым, а ў добра абсталяваным кабінеце — у Цэнтры бяспекі, адкрытым вясной. Ён з’явіўся дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню раённых аддзелаў па адукацыі і надзвычайных сітуацыях, Брэсцкай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа пры фінансавай падтрымцы Маларыцкага райвыканкама.

У Цэнтры бяспекі прахо­­дзяць заняткі аб’яднання па інтарэсах “Школа бяспекі”, якое наведвае 45 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 8 гадоў. Акрамя інфармацыйных стэндаў і дэманстрацыйных манекенаў, тут ёсць інтэрактыўная дошка, гульнявы комплекс… У Цэнтры бяспекі праводзяцца таксама экскурсіі для школьнікаў Маларытчыны.

— Урокі бяспекі — адны з найбольш важных урокаў у жыцці любога чалавека, — гаворыць педагог. — Разглядаю з дзецьмі розныя надзвычайныя сітуацыі, у тым ліку нестандартныя. Разам вучымся знаходзіць правільнае і бяспечнае выйсце з іх. Адным словам, вучымся жыць бяспечна.

Т.А.Клачан — яшчэ і кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Свет лялек” для дзяўчынак-падлеткаў. На занятках яны выраб­ляюць лялькі і мяккія цацкі. Займаюцца гэтым з задавальненнем. Неабходную тканіну для пашыву вырабаў педагогу прадастаўляе адно з прыватных прадпрыемстваў Брэста.

Работы гурткоўцаў, выка­наныя пад кіраўніцтвам Т.А.Кла­чан, часта ўдзельнічаюць у розных конкурсах і атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды. Сама Таццяна Андрэеўна знаходзіцца ў нястомным творчым пошуку. Выкарыстоўвае тыя формы работы з вучнямі, якія даюць станоўчы вынік, пастаянна павышае сваё прафесійнае май­стэрства, аператыўна рэагуе на змены, прагназуе вынікі педагагічнай дзейнасці.

У скарбонцы дасягненняў педагога шмат узнагарод. Сярод іх — Ганаровая грамата галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за добрасумленную шматгадовую працу і дасягнутыя вынікі ў выхаванні маладога пакалення, а таксама дыплом ІІ ступені, атрыманы на абласным этапе рэспубліканскага педагагічнага фестывалю-конкурсу “Майстар-клас: практычнае ўвасабленне творчых ідэй”.

— Быць педагогам дадатковай адукацыі няпроста, — прызнаецца Таццяна Андрэеўна. — Кожныя заняткі павінны быць практыка-арыентаванымі і цікавымі. Ствараю на іх добразычлівую атмасферу, якая спрыяе засваенню ведаў, набыццю ўменняў і навыкаў, развівае здольнасці, захапляе выхаванцаў новай справай. Працую з дзецьмі рознага ўзросту і адчуваю сябе шчаслівай у любімай прафесіі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.