Урокі бываюць і алімпійскімі

- 12:03Адукацыйная прастора

2 верасня ў будынку Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі прайшоў алімпійскі ўрок “Веды — моц!”. У ім удзельнічалі навучэнцы і педагогі з усіх раёнаў Мінска і славутыя беларускія спартсмены.

У гэтым годзе алімпійскі ўрок вырашылі правесці ў незвычайнай форме — у форме інтэлектуальнай гульні (штосьці накшталт “Мазгабойні”). Для гэтага ўдзель­нікаў падзялілі на 15 каманд, да кожнай з якой шляхам жараб’ёўкі далучыўся спартсмен ці спартсменка. Сярод іх былі алімпійскія чэмпіёны Аляксандр Багдановіч (веславанне), Антон Кушнір (фрыстайл), Дзінара Алімбекава (біятлон), Марына Літвінчук (веславанне), прызёры ІІ Еўрапейскіх гульняў Марына Жарская (самба), Дзмітрый Асанаў (бокс), Арцём Козыр (веславанне), Дзмітрый Траццякоў (веславанне), Карына Казлоўская (стральба з лука), прызёр чэмпіянату свету і Еўропы па каратэ Андрэй Грыневіч, шасціразовы пераможца Лігі чэмпіёнаў Еўрапейскай федэрацыі гандбола Сяргей Рутэнка, гульцы валейбольнага клуба “Будаўнік” Арцём Кудрашоў і Артур Сабыніч і гульцы жаночай нацыянальнай зборнай па футболе Настасся Шчарбачэня і Кацярына Кавальчук.

Гульня складалася з сямі тураў, у кожным задавалі па сем пытанняў. Яны зачытваліся адзін за адным, а потым давалася 100 секунд для разважання. Пытанні, як гэта і павінна быць на ўроку такога плана, тычыліся алімпійскага руху (ад старажытных часоў да нашых) і ролі ў ім беларусаў. Былі і звычайныя тэкставыя, і з карцінкамі, і з выкарыстаннем гуку. За кожны правільны адказ камандзе налічваўся бал, за няправільны — нічога. Урок пачаўся з такога пытання: “Адправіць каманду спартсменаў на Алімпійскія гульні — справа зусім не танная. У пачатку ХХ стагоддзя, калі спаборніцтвы праводзіліся на далёкім кантыненце, многія зборныя проста адмаўляліся ад удзелу. Іншыя ж, хто хацеў трапіць на спаборніцтвы, ішлі на розныя хітрыкі. Паколькі ўлады Бразіліі не маглі прафінансаваць паездку сваіх спартсменаў на Алімпіяду 1932 года ў Лос-Анджэлесе, яны загрузілі карабель зборнай ГЭТЫМ, каб спартсмены прадавалі ГЭТА па дарозе і такім чынам акупілі сваю паездку. Што прадавалі прадпрымальныя бразільцы?” Ужо здагадаліся? Гэта “авак” (чытайце наадварот).

“Вельмі цікавыя пытанні. Ёсць такія, адказ на якія мы ведаем, і такія, на якія не. Бывае, што калі чуем правільны адказ, то здзіўляемся, не разумеем, чаму мы не дадумалі”, — дзеліцца ўражаннямі вучаніца 11 “А” класа сярэдняй школы № 32 Мінска Паліна Лутава. Яе аднакласніца Хрысціна Язерская дадае: “Нам дапамагае спартсмен, які з намі ў камандзе, гэта дае свае вынікі”. Дарэчы, некаторыя спартсмены сапраўды былі выратаваннем для каманд. На ўроку паказалі відэапытанне “Каму першым перадаў прывітанне Андрэй Багдановіч (брат Аляксандра. — Заўв. аўтара) пасля перамогі на Алімпіядзе-2008 на каноэ-двойцы на 1000 метраў?”, а сам Аляксандр гуляў за адну з каманд. Думаю, яна дакладна дала слушны адказ.

“Мне падабаецца такі від баўлення вольнага часу, — гаво­рыць галкіпер жаночай нацыянальнай зборнай па футболе Кацярына Кавальчук. — Я лічу, што гэта вельмі цікава і пазнавальна, гэта развівае. Мы працуем у камандзе — гэта крута”. У камандзе не толькі працавалі, але і адпачывалі за прыемнай гутаркай, бо не кожны раз ёсць магчымасць паразмаўляць са знакамітымі айчыннымі спартсменамі. Па выніках алімпійскага ўрока лепшай стала каманда “Майстры” Дзінары Алімбекавай, 2-е месца адышло “Веслярам” Марыны Літвінчук, а 3-е — “Лідару” Аляксандра Багдановіча. Усе вучні, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, атрымалі алімпійскія дзённікі, распрацаваныя Нацыянальным алімпійскім камітэтам пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.