Урокі дабрыні і міласэрнасці

- 13:31Навіны рэгіёнаў

Фарміраванне грамадзянскіх і сацыяльных кампетэнцый падрастаючага пакалення — адзін з важнейшых напрамкаў дзейнасці ўстановы дадатковай адукацыі. У гэтым перакананы калектыў Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці. Педагогі навучальнай установы разам з развіццём творчых здольнасцей вучаць выхаванцаў вырашаць сацыяльныя праблемы, уключаюць моладзь у рэальныя грамадска карысныя справы.

— Сацыяльнае ўзаемадзеянне з грамадствам — аснова для ўзбагачэння вопыту грамадзянскага ўзаемадзеяння для дзяцей. Сістэматызаваўшы дзейнасць усіх калектываў нашага цэнтра, накіраваную на грамадска карысныя справы і дабрачыннасць, мы распрацавалі праграму “Абуджэнне душы”. Яе галоўная мэта — фарміраванне духоўна-маральнай асобы праз рэалізацыю дабрачынных акцый. Мы заклікаем моладзь абудзіць свае пачуцці, адкрыць сэрцы, стаць дабрэйшымі да навакольнага свету. І дзеці прыслухоўваюцца, адгукаюцца. Пасільную дапамогу, падтрымку, увагу яны аказваюць пажылым людзям, дзецям-сіротам, людзям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, безнаглядным жывёлам, — расказала педагог-арганізатар установы, ініцыятар стварэння праграмы “Абуджэнне душы” Людміла Давыдзенка.

Педагогі і навучэнцы цэнтра праводзяць розныя дабрачынныя мерапрыемствы для ўсіх, хто мае патрэбу ў клопаце і падтрымцы. Так, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да шматлікіх праблем пажылых людзей і проста парадаваць старых, дзіцячыя творчыя калектывы арганізоўваюць канцэрты ў прытулках і бальніцах. Дабрачынныя выступленні праводзяцца падчас акцый “Славім узрост залаты”, “Святло мацярынства — святло кахання”, “У Новы год — з добрымі справамі”, “І памятае свет выратаваны”. Канцэрты навучэнцы даюць і напярэдадні іншых святочных дат календара. Заслужаны аматарскі калектыў тэатр-студыя “Вясёлка”, узорныя ансамблі “Руская песня” і “Крынічка”, заслужаны аматарскі ансамбль народнай песні “Ярыца”, вакальная студыя “Фантазія”, фальклорны ансамбль “Карагод”, тэатр гульні і юных вядучых “Бім-Бом” і іншыя дзіцячыя калектывы — пастаянныя госці ў расцянскім і магілёўскім дамах-інтэрнатах для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў, Магілёўскім абласным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны.

Па праграме “Абуджэнне душы” арганізоўваецца таксама шмат акцый, накіраваных на ўзаемадзеянне навучэнцаў з сіротамі, дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Выхаванцы цэнтра перыядычна наведваюць Магілёўскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзіцячую абласную бальніцу і іншыя ўстановы аховы здароўя.

— Перад кожным дабрачынным выступленнем з дзецьмі праводзяцца тэматычныя гутаркі. Першапачаткова многія дзеці, калі бачылі інвалідаў, нямоглых старых, губляліся, некаторыя адчувалі страх. Таму пасля канцэртаў традыцыяй стала правядзенне рэфлексіі. За час рэалізацыі праграмы стаўленне і паводзіны дзяцей прыкметна змяніліся. Сёння яны выступаюць і перад ляжачымі хворымі, рыхтуюць для іх святочныя сувеніры. Увогуле, такая дзейнасць вельмі спрыяе фарміраванню сацыяльнай актыўнасці, адказнасці, адкрытасці да людзей, выхоўвае ў дзецях гуманнасць паводзін, выклікае ў іх жаданне найлепшым чынам праявіць сябе ў творчасці, — адзначыла Людміла Мікалаеўна.

Праграма “Абуджэнне душы” вучыць падрастаючае пакаленне важнасці праяўлення любові і клопату да блізкага. Быць уважлівым да тых, хто побач і мае патрэбу ў падтрымцы, навучэнцаў заклікаюць мерапрыемствы ў рамках праекта “Дзеці супраць жорсткага абыходжання з жывёламі”.

— Дэвіз гэтага праекта — “Мы ў адказе за тых, каго прыручылі!”. На жаль, многія людзі сёння забываюць гэтую простую ісціну. Дзеці імкнуцца нагадаць пра гэта, звярнуць увагу на праблему бяздомных жывёл, бо гуманнае абыходжанне з братамі нашымі меншымі — адзін з паказчыкаў нашай цывілізаванасці, — падкрэсліла Людміла Давыдзенка.

Адметна, што калі падчас старту праекта яго ўдзельнікамі былі толькі навучэнцы абласнога Цэнтра творчасці, то сёння адгукнуліся навучэнцы розных устаноў адукацыі па ўсім рэгіёне. Увагу да бяздомных жывёл дзеці прыцягваюць рознымі спосабамі. У навучальных установах праходзяць конкурсы малюнкаў, фотаздымкаў, творчых работ, гутаркі старэйшых для малодшых, літаратурныя гасцёўні і тэатралізаваныя імпрэзы. Дзеці арганізоўваюць флэшмобы, касцюміраваныя шэсці, мітынгі, выпуск буклетаў і флаераў, ажыццяўляюць збор матэрыяльных сродкаў “Давай дапаможам”, “Мех дабра”, “Купі кату сасіску”, праводзяць аперацыі “Накармі ката”, “Сябар для сябра”, “Кожнаму сабаку — гаспадара”, размяшчаюць на асабістых акаўнтах у сацыяльных сетках і сайтах школ фатаграфіі бяздомных жывёл з мэтай іх далейшага ўладкавання.

— У ходзе акцый пералічваюцца грашовыя сродкі і перадаецца корм Магілёўскаму аб’яднанню па абароне жывёл “Добрае сэрца” і Бабруйскаму аб’яднанню “Дабрадзейнасць”. Адметна, што калектывамі ўстаноў і асобнымі навучэнцамі былі распрацаваны тэматычныя міні-праекты. У іх сур’ёзна вывучаецца праблема бяздомных жывёл і шляхі яе вырашэння, — паведаміла Людміла Давыдзенка.

Праграма “Абуджэнне душы” стала агульнай творчай справай для ўсіх педагогаў і навучэнцаў Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці. Для дзяцей удзел у дабрачынных праектах — своеасаблівыя ўрокі талерантнасці, спагады і міласэрнасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі разумеюць: для ажыццяўлення добрых спраў патрэбны не матэрыяльныя сродкі, а ўласнае жаданне і імкненне аказаць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва аўтара.

Удакладненне: у нататцы “Дзеці — за дабрыню і міласэрнасць” (№ 132 ад 17 лістапада 2018 года, 6 стар.) была дапушчана памылка. Чытаць трэба не Гродзенскі, а Магілёўскі абласны цэнтр творчасці.