Урокі-экскурсіі ў Музеі гісторыі горада Мінска і яго філіялах будуць арганізаваны для сталічных школьнікаў

- 14:02Новости

Пагадненне аб супрацоўніцтве, у межах якога для сталічных школьнікаў будуць арганізаваны ўрокі-экскурсіі ў Музеі гісторыі горада Мінска і яго філіялах, падпісалі старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Ільіна і начальнік упраўлення культуры Кацярына Лучына, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Як расказала М. Ільіна, на працягу навучальнага года школьнікі змогуць бясплатна наведваць музей і яго філіялы. Для праекта «Урок у музеі» вызначаны тры прадметы: гісторыя Беларусі, мастацтва і музыка. Падрыхтаваны цыкл мерапрыемстваў, у тым ліку ўрокі «Песні, народжаныя ў полымі вайны», «Чарнобыльская трагедыя», «З гісторыі прамысловага Мінска», выставы вядомых мастакоў.

Плануецца, што дзеці пабываюць у выставачнай зале на вул. Ракаўскай, 17, Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва, музеі «Лошыцкая сядзіба» і інш.

Акрамя таго, для наведвання школьнікамі адкрыты і музеі мінскіх устаноў адукацыі. Сёння іх налічваецца 124, 4 з якіх з’явіліся ў мінулым годзе. Сярод апошніх адкрыўся музей у сталічнай гімназіі № 1 імя Ф. Скарыны, які носіць назву «Асвета: з імем Ф. Скарыны». У экспазіцыі прадстаўлены старажытныя кніжныя выданні, копія друкаванага станка, якую разам з татам сабраў адзін з навучэнцаў. Пасля рэканструкцыі ў сакавіку адкрыўся музей у гімназіі № 23 «Гісторыя працягваецца…». Тут можна знайсці адказы на шматлікія пытанні з гісторыі Мінска: як хадзіў тралейбус № 1 альбо хто з беларускіх класікаў жыў каля Старажоўскага рынку. Яшчэ адзін музей пачаў працаваць на базе дзіцячага садзіка № 424. Ён носіць назву «Спадчына». У інтэрактыўнай форме тут раскажуць пра жыццё Ленінскага раёна Мінска, а таксама пра вясковы побыт беларусаў, пакажуць рэчы, якімі яны карысталіся.

Што тычыцца профіляў школьных музеяў, то яны самыя разнастайныя і задаволяць густ самага пераборлівага наведвальніка: ваенна-гістарычны (40 музеяў), гістарычна-этнаграфічны (36), краязнаўчы (30). Таксама ёсць комплексныя музеі, у якіх спалучаюцца адразу некалькі профіляў, а яшчэ —мастацкія, літаратурныя.

Трапіць у школьныя музеі можа бясплатна любы жадаючы. Праўда, па папярэднім запісе. Многія ўстановы адукацыі прапануюць розныя цікавыя формы работы з наведвальнікамі: аглядныя, тэматычныя, інтэрактыўныя або тэатралізаваныя экскурсіі, музейныя ўрокі на пэўную тэматыку, квесты, майстар-класы. Экскурсаводамі, як правіла, становяцца самі навучэнцы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара