Урокі фізічнай культуры і здароўя ў школе — першая прыступка да выяўлення спартыўна адораных дзяцей

Усім вядома фраза “Быць здаровым — гэта здорава!”. Несумненна, толькі здаровы і фізічна развіты чалавек можа ў поўнай меры атрымліваць асалоду ад жыцця, працаваць з поўнай аддачай, быць упэўненым у сабе. А цяпер давайце паглядзім з іншага пункту гледжання на гэтую вядомую ісціну: сучаснаму грамадству патрэбны актыўныя і таленавітыя людзі для дасягнення высокіх вынікаў (у тым ліку і спартыўных) і праслаўлення сваёй Радзімы. Ужо сёння імёны нашых беларусаў — пераможцаў сусветных спаборніцтваў і алімпіяд — ведаюць і паважаюць ва ўсім свеце.

Кожны прафесіянал фарміруецца як асоба менавіта ў школе, адсюль пачынаецца яго шлях да поспеху і славы. Зыходзячы са шматгадовага вопыту работы, лічу, што галоўная задача школы і кожнага педагога — дапамагчы таленавітаму вучню, а не чакаць, калі ён выявіцца, праб’ецца сам. Настаўнік павінен прывесці ў адпаведнасць такія складнікі, як змест вучэбнай праграмы па прадмеце, магчымыя формы і метады работы і здольнасці адоранага дзіцяці.

Каго можна аднесці да адора­ных дзяцей, пра якіх сёння так многа гавораць і пішуць? Тлумачальны слоўнік С.І.Ожэгава тлумачыць значэнне слова “адораны” як “таленавіты”. Правільна кажуць, што ўсе дзеці таленавітыя. У кожнага з іх свой дар, свая дзіўная сіла, якая прымушае іх расці і развівацца. Прычым свае яркія здольнасці дзіця можа праявіць ужо ў раннім узросце.

Урокі фізічнай культуры і здароўя ў школе — першая прыступка да выяўлення спартыўна адораных дзяцей. Высокіх вынікаў у спорце дазваляе дасягнуць спартыўная адоранасць, што першапачаткова азначае апярэджванне ў фізічным развіцці ўзроставых норм. Яно можа быць вызначана ў працэсе навучання і выхавання, у хо­дзе выканання розных пазаўрочных заданняў. Неабходна, каб дзеці з ярка выяўленымі фізічнымі якасцямі знайшлі “свайго” неабыякавага настаўніка. Вельмі важныя сістэма поглядаў, перакананняў настаўніка, мэты і задачы, якія ён ставіць перад сабой у рабоце з вучнямі, міжасобасныя зносіны.

Ужо ў пачатковых класах выяўляю дзяцей, якія вылучаюцца паказчыкамі ў фізічным развіцці. Упэўнены: чым лепш адбудзецца адбор таленавітых дзяцей у пачатковым звяне, тым больш эфектыўнай бу­дзе работа на наступных этапах. Абавязкова ўлічваю ролю знешняга асяроддзя: у якой атмасферы мае вучні выхоўваліся да прыходу на заняткі, хто іх бацькі, ці займаліся яны спортам, ці падтрымліваюць сваіх дзяцей у розных відах дзейнасці, ці перажываюць разам з імі перамогі і няўдачы, ці навучылі іх самастойнасці. Затым праводжу тэсціраванне як фізічных якасцей, так і псіхалагічных уласцівасцей асобы. Усе гэтыя даныя апрацоўваю і запісваю ў спецыяльны журнал, затым на падставе сабранай інфармацыі распрацоўваю план работы.

Лічу, што на дасягненне вучнямі высокіх спартыўных вынікаў уплывае выхаванне ў іх такіх якасцей, як мэтанакіраванасць, цярплівасць, арганізаванасць, дысцыплінаванасць, вытрымка, адвага, настойлівасць. Валоданне такімі якасцямі, безумоўна, важнае для любога чалавека, але асабліва патрэбныя яны спартсменам, якія хочуць дасягнуць высокіх вынікаў. Гаворка ідзе пра фарміраванне валявых якасцей, матывацыі дзеянняў, самастойнасці. Уменне знаходзіць нешаблонныя рашэнні і сродкі іх рэалізацыі могуць дапамагчы знізіць спаборніцкі стрэс, павысіць эфектыўнасць трэніровак, захаваць здароўе.

Вельмі сур’ёзна стаўлюся да правядзення кожнага ўрока па сваім прадмеце і стараюся зрабіць вучэбны працэс больш займальным і асобасна значным для кожнага вучня. Дзеці самастойна збіраюць матэрыял па тэме, тэарэтычна абгрунтоўваючы неабходнасць выканання таго ці іншага комплексу фізічных практыкаванняў. Для гэтага рэкамендую сваім вучням выкарыстоўваць сайт http://www.fizkult-ura.ru.

Не забываць заахвочваць дзяцей, асабліва на першапачатковым этапе, калі яшчэ вынікі далёкія ад жаданых, узнагароджваць не толькі за перамогу, але і за ўдзел, актыўнасць, крэатыўнасць.

Для развіцця асабістых інтарэсаў, павышэння актыўнасці на ўроках выкарыстоўваю спаборніцкі метад: эстафеты, гульні. Асаблівую ўвагу ўдзяляю ўскладненню заданняў (павялічваецца колькасць паўтораў, ускладняецца структура практыкавання і інш.). Адным з метадаў прывіцця цікавасці да ўрокаў фізічнай культуры і здароўя, які я даўно прымяняю, з’яўляецца прыцягненне вучняў у судзейства. Падчас судзейства вучні замацоўваюць веды аб правілах гульні, вучацца бачыць памылкі гульцоў, разважаюць, вызначаюць правільнасць выканання дзеянняў згодна з крытэрыямі (правіламі) гульні. Таксама ў якасці матывацыі да вучэбнай дзейнасці прымяняю выпрацоўку стратэгіі гульні супраць другой каманды. Яна праводзіцца як калектыўнае абмеркаванне, складанне плана, рэкамендацый. Важна развіваць у вучняў імкненне выказаць свой пункт гледжання, дазваляць кожнаму ўдзель­ніку ператварацца з аб’екта ў суб’ект навучання. Неабходна прывіваць навык самастойна вучыцца і актыўна ўплываць на змест уласнай адукацыі.

Пры ўсёй значнасці ўрока вядучая роля ў далучэнні навучэнцаў да штодзённых заняткаў фізічнымі практыкаваннямі, безумоўна, належыць пазакласнай фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай рабоце. На мой погляд, за ёй будучыня, бо нават індывідуальна-дыферэнцыраваны падыход на ўроку не д­асць такога станоўчага выніку, які дасягаецца правільна спланаванай спартыўна-масавай работай. Усіх выяўленых мной адораных у галіне фізічнай культуры і спорту вучняў імкнуся прыцягнуць у спартыўныя секцыі, дзе з кожным дзіцем праводзіцца індывідуальная работа.

Школы ўдзельнічаюць у раённых, абласных спартакіядах з вялікай колькасцю відаў спорту, але па ўсіх відах немагчыма право­дзіць асобна секцыі, таму я знайшоў рашэнне ў правядзенні секцыі па паліятлоне, секцыі АФП. Гэта дае магчымасць максімальна задзейнічаць віды спорту.

Улічваючы ўзроставыя асаблівасці, складаю індывідуальныя планы трэніровак сваіх таленавітых выхаванцаў-спартсменаў, выконваючы дазіроўку, не дапушчаючы стану “ператрэніраванасці”. Па асобных раздзелах праграмы распрацаваны прэзентацыі і карткі з выкананнем мадэлей практыкаванняў і апісаннем парадку выканання розных практыкаванняў, што робіць працэс навучання тэарэтычна абгрунтаваным.

Вельмі важна адразу ж нала­дзіць кантакт пры рабоце з вучнямі, усю работу будаваць на паважлівых і даверлівых адносінах. Для сваіх выхаванцаў я павінен стаць не толькі выкладчыкам, але і старэйшым сябрам, настаўнікам, у нечым і ўзорам для пераймання. У гэтым мне дапамагаюць лыжныя і веласіпедныя паходы ў лес, калектыўныя наведванні і абмеркаванні спаборніцтваў, сумесныя паездкі на розныя мерапрыемствы. Вельмі матывуюць вучняў перамогі на спаборніцтвах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, інфармацыю пра такія поспехі абавязкова трэба афішыра­ваць (спартыўныя маланкі, школьны сайт, школьная лінейка).

З самага пачатку работы з малодшымі школьнікамі і далей прыцягваю бацькоў да падтрымкі дзейнасці дзяцей: знаёмлю іх з індывідуальнымі планамі дзяцей, падключаю да кантролю за выкананнем гэтых планаў.

Лічу вельмі правільным сцвяр­джэнне пра тое, што ўзровень развіцця здольнасцей дзяцей вызначаецца не толькі прыроднымі задаткамі, але і мерай сумеснай працы дзiцяцi, педагога і бацькоў, накіраванай на развіццё гэтых здольнасцей.

Ігар ЯДЛОЎСКІ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя бярозаўскай сярэдняй школы № 3 Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.