Урокі — гэта нясумна,

- 6:16Якасць адукацыі

або Як ператварыць урок літаратуры ў чытанне

У цяперашні час усё актыўней адбываецца ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у адукацыю. Без працэсу інфарматызацыі ўжо немагчыма ўявіць сучасную школу, а сучасны ўрок не можа быць эфектыўным і цікавым без выкарыстання ІКТ.

Як адзначаюць многія бацькі і педагогі, сучасныя дзеці ўсё радзей бяруць у рукі кнігі. Багацце электронных рэсурсаў, лішак інфармацыі не здольны сфарміраваць устойлівую цікавасць да чытання. Што рабіць, калі падлетак не хоча чытаць?

Адным са спосабаў стварэння асаблівага развіццёвага асяроддзя, якое выхоўвае любоў да кнігі, да чытання як працэсу, з’яўляюцца ўрокі літаратуры ў школе. Прымяненне ІКТ магчыма на розных этапах урока: пры тлумачэнні новага матэрыялу, замацаванні, паўтарэнні, абагульненні і кантролі.

Я ў асноўным выкарыстоўваю электронныя рэсурсы вучэбнага прызначэння: прэзентацыі да ўрокаў, тэставыя заданні, інтэрнэт. Так, на абагульняючым уроку ў 11 класе па творы Міхаіла Булгакава “Майстар і Маргарыта” праглядаліся відэафрагменты мастацкага фільма, навучэнцы самастойна спрабавалі вызначыць праблему адказнасці чалавека за свае словы і ўчынкі. Правядзенню ўрока папярэднічала змястоўная падрыхтоўчая работа: навучэнцы былі падзелены на дзве групы, кожная атрымала творчае заданне — стварыць прэзентацыю па тэмах “Вобраз майстра: жыццё, каханне, рукапіс”, “Месір Воланд і яго світа ў Маскве”. Дзеці знаходзілі цытаты, якія змяшчаюць інфармацыю пра герояў, выяўлялі найважнейшыя рысы іх характараў, звярталі ўвагу на мастацкія дэталі, якія характарызуюць герояў рамана. У канцы заняткаў было праведзена камп’ютарнае тэсціраванне, што істотна павысіла эфектыўнасць урока і прымусіла навучэнцаў быць больш зацікаўленымі і актыўнымі.

Немалаважнай перавагай гэтага ўрока стала неадкладнае ацэньванне навучэнцаў, што, з аднаго боку, выключае сумненні ў аб’ектыўнасці ў саміх навучэнцаў, а з другога — істотна эканоміць час настаўніка.

Выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў дазваляе прадстаўляць дзецям унікальныя матэрыялы для ўрокаў літаратуры, здзяйсняць віртуальныя экскурсіі па музеях пісьменнікаў, дае магчымасць візуальна знаёміцца з творамі. Напрыклад, пры вывучэнні творчасці Івана Тургенева дзесяцікласнікі змаглі праслухаць аўдыяфайлы і “пабываць” у музеі пісьменніка ў Арле.

Гэтыя спосабы падачы матэрыялу дапамагаюць навучэнцам адчуць тую атмасферу, у якой жыў і працаваў аўтар, выклікаюць жывую цікавасць да пошуку неабходнай інфармацыі па літаратуры, што спрыяе актывізацыі пазнавальнай дзейнасці.

Прыём, які цудоўна працуе ў старшых класах, — стварэнне навучэнцамі прэзентацый па біяграфіі і творчасці пісьменнікаў і паэтаў. Гэта дае шэраг станоўчых вынікаў: узмацняе цікавасць да вывучэння прадмета, павышае нагляднасць і даступнасць вучэбнага матэрыялу, фарміруе і развівае навыкі самаадукацыі навучэнцаў.

З вялікай цікавасцю дзеці працуюць на ўроках, якія праводзяцца ў форме гульні. Гульня на ўроку літаратуры можа заняць 5—10 хвілін. Напрыклад, можна правесці мультымедыйную віктарыну “Угадай героя” (дэманструюцца партрэты паэтаў і пісьменнікаў, і вучням неабходна даць максімальную колькасць правільных адказаў), брыфінгавую гульню “Назаві вядомую цытату”. Такога кшталту гульні стымулююць навучэнцаў да пошуку неабходнай інфармацыі ў тэксце, фарміруюць уменне яе выбіраць, апрацоўваць, інтэрпрэтаваць і падаваць на суд “гледачоў” за абмежаваную колькасць часу, у прыватнасці, у рамках аднаго ўрока.

Трэба сказаць, што выкарыстанне камп’ютара на кожным уроку нерэальна і не патрэбна, бо ўрок літаратуры — гэта перш за ўсё веданне мастацкіх твораў, уменне іх аналізаваць, разуменне аўтарскай пазіцыі. І тут кожны настаўнік павінен планаваць свае ўрокі так, каб камп’ютарная падтрымка была найбольш прадукцыйнай, бо метады і прыёмы выкарыстання інфармацыйных тэхналогій на занятках могуць быць рознымі, але пры іх укараненні педагог выконвае адзіную задачу: зрабіць урок літаратуры цікавым, а чытанне захапляльным.

Ніна РУМЯНЦАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 9 Ліды.