Урокі гісторыі не па падручніку

- 10:47Навіны рэгіёнаў

У адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па рэалізацыі Праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2021—2025 гады, установамі адукацыі Віцебска ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў па вывучэнні падрастаючым пакаленнем культурнай і гістарычнай спадчыны беларускага народа. Гэтая работа набыла асаблівую актуальнасць у Год народнага адзінства. У кастрычніку пры падтрымцы аддзела па адукацыі гарвыканкама быў рэалізаваны першы этап ініцыіраванага гарадскім камітэтам БРСМ і турыстычна-інфармацыйным цэнтрам “Ілва” патрыятычнага марафону “Аўтацягнік памяці: “Беларусь непакораная”. 

— Галоўная мэта акцыі — знаёмства з памятнымі мясцінамі, звязанымі з найвялікшай трагедыяй XX стагоддзя, данясенне да навучэнцаў значнасці гераічнай барацьбы савецкага народа супраць гітлераўскіх захопнікаў, развіццё здольнасцей асэнсоўваць падзеі і з’явы рэчаіснасці ва ўзаемасувязі мінулага, сучаснасці і будучыні, — адзначыла куратар адукацыйных праектаў турыстычна-інфармацыйнага цэнтра“Ілва” Алена Паднябеснава. — Удзельнікамі акцыі з’яўляюцца навучэнцы 4—9 класаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі абласнога цэнтра. Арганізуючы марафон, мы найперш зыходзілі з героіка-патрыятычнай тэматыкі і кіраваліся ідэяй паказаць моладзі невядомыя або недастаткова вядомыя старонкі гісторыі роднага краю. Напэўна, кожны ў Беларусі мае ўяўленне аб мемарыяльным комплексе “Хатынь” і Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — дарэчы, іх наведванне таксама было ўключана ў праграму. Але вельмі важна, каб дзеці і падлеткі звярталі ўвагу на тыя гістарычныя і культурныя аб’екты, што знаходзяцца побач, у межах рэгіёна. Менавіта таму адным з апорных пунктаў на маршруце мы выбралі мемарыяльны комплекс “Прарыў” недалёка ад гарадскога пасёлка Ушачы.

Калі гісторыя вывучаецца па падручніку — гэта адна справа, але зусім па-іншаму чалавек усведамляе гістарычныя падзеі на месцы, дзе яны адбываліся. Напрыклад, для многіх юных удзельнікаў марафону стала адкрыццём, што ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі на Віцебшчыне амаль два гады на тэрыторыі ў 3200 квадратных кіламетраў фактычна існавала партызанская рэспубліка са сталіцай ва Ушачах. Тут дзейнічала савецкая ўлада: людзі сеялі і збіралі ўраджай, была наладжана тэлефонная сувязь, працавалі майстэрні і 3 аэрадромы — у тым ліку ад зін зімовы, абсталяваны на замерзлым возеры. Вясной 1944 года ворагі разгарнулі маштабную карную аперацыю супраць народных мсціўцаў і насельніцтва, пачалася жудасная блакада. А потым 16 партызанскіх брыгад пад агульным кіраўніцтвам Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лабанка разарвалі вогненнае кола і вывелі з акружэння каля 15 тысяч мірных жыхароў. Праз тры дзесяцігоддзі на гэтым месцы паўстаў адзін з самых велічных помнікаў манументальнага мастацтва Беларусі — мемарыяльны комплекс “Прарыў”. Сюды вядзе брукаваная дарога — сімвалічная частка шляху, па якім прарываліся партызаны. У самым яе пачатку на мармуровым подыуме размешчана рэльефная пліта ў выглядзе карты з аб’ёмнай схемай брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны па стане на 11.04.1944 года. На адлітым з бронзы, шматразова павялічаным асколку снарада надпіс: “Партызанскія злучэнні Полацка-Лепельскай зоны пасля працяглых жорсткіх сражэнняў з фашысцкімі карнікамі ў маі 1944 года ля вёсак Пліна і Паперына здзейснілі легендарны прарыў варожай блакады. Іх было 17 185 супраць 60 тысяч. Мужнасць народа перамагла. Смерць стала неўміручасцю”.

Аўтацягнік памяці “Беларусь непакораная”: вялікі восеньскі патрыятычны марафон віцебскія школьнікі і гімназісты рыхтуюцца працягнуць у красавіку.

— Немагчыма такое прачытаць — і сэрцам не прачуць словы, — упэўнена Алена Генадзьеўна. — Мы пастараліся, каб кожны зроблены крок, кожны момант праекта выклікаў эмацыянальны водгук у дзяцей. Разам мы ўсклалі кветкі на жалобнай “Плошчы Памяці”, дзе знаходзіцца брацкае пахаванне больш як 450 партызан, якія ахвяравалі жыццём непасрэдна ў час аперацыі, і мемарыяльныя пліты з імёнамі 1450 абаронцаў роднай зямлі, якія загінулі падчас блакады і яе прарыву. Пабылі ля знакамітых “Апошняга прывалу” і шаснаццаці — па колькасці партызанскіх брыгад — дубоў, што сімвалізуюць веліч подзвігу і жывую ўдзячную памяць народа. Азнаёміліся з умовамі побыту ў зямлянках у адноўленай “Партызанскай вёсцы”, выставай ваеннай тэхнікі і ўзбраення. Мы расказалі навучэнцам, што такое партызанская барацьба, як жылі партызаны — не толькі знішчаючы ворагаў, але і выратоўваючы чалавечыя жыцці. 

Моцнае ўзрушэнне ва ўсіх удзельнікаў марафону выклікала гісторыя выхаванцаў Полацкага дзіцячага дома № 1, якіх фашысцкія каты выраклі на паднявольнае донарства і медыцынскія эксперыменты. Дзёрзкая аперацыя “Зорачка” прайшла ўдала: дзяцей вывезлі ў партызанскую зону і пачалі перапраўляць на Вялікую зямлю. Сярод лётчыкаў, каму гэта даручылі, быў Аляксандр Мамкін. Восем яго рэйсаў завяршыліся паспяхова, падчас дзявятага самалёт быў падбіты. Паранены ў галаву пілот яшчэ мог набраць вышыню і выскачыць з парашутам, але на борце было дзясяцера дзетак, выхавальніца дзіцячага дома і двое параненых партызан. Кабіна палала, загарэлася адзенне, стаў плавіцца шлемафон. Амаль навобмацак герой здолеў пасадзіць самалёт за лініяй фронту, нейкім дзівам выбраўся вонкі, запытаўся: “Дзеці жывыя?” і толькі тады страціў прытомнасць. Ногі ў лётчыка згарэлі да касцей, акуляры ўплавіліся ў твар: раны, несумяшчальныя з жыццём, — кошт жыццяў усіх пасажыраў. Падчас аперацыі “Зорачка” ён паспеў выратаваць 90 дзяцей, жанчын і параненых…

У восеньскім аўтацягніку прынялі ўдзел 1500 навучэнцаў з 39 устаноў адукацыі. Другі этап праекта запланаваны на красавік 2022 года і прадугледжвае наведванне навучэнцамі мемарыяла “Помнік дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны” ў вёсцы Чырвоны Бераг, Магілёва і мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”. Складовай часткай марафону стане героіка-патрыятычная акцыя “Гэтае поле — Радзіма Перамогі”, дзе ў рамках інтэрактыўных лакацый адбудуцца конкурсы чытальнікаў і літаратурна-музычных кампазіцый. Кожны этап прадугледжвае цырымоніі ўскладання кветак да помнікаў і абеліскаў, тэматычныя віктарыны і конкурсы, дэманстрацыю ўрыўкаў з фільмаў пра Вялікую Айчынную вайну, уручэнне памятных пасведчанняў аб удзеле ў марафоне.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена турыстычна-інфармацыйным цэнтрам “Ілва”.