Урокі гісторыі

- 13:08Адукацыйная прастора, Алімпіядны рух

На Рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі юнакі і дзяўчаты ўпэўнена адказвалі на пытанні, якія выходзяць далёка за межы школьнай праграмы, а таксама дэманстравалі выдатныя аналітычныя здольнасці, адказваючы на складаныя пытанні, звязаныя з сучаснымі гістарычнымі працэсамі.

Уладальнікамі дыпломаў I ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Сусветная гісторыя” і “Гісторыя Беларусі”, якая прайшла ў Дзяржынску, сталі шэсць чалавек. Дыпломамі II ступені ўзнагароджаны дзесяць навучэнцаў, а дыпломы III ступені атрымалі 17 юных знаўцаў гісторыі. Усяго ў інтэлектуальным спаборніцтве ўдзельнічалі 74 навучэнцы ўстаноў сярэдняй адукацыі з усёй краіны.

— Сярод уладальнікаў дыпломаў I ступені тры адзінаццацікласнікі: навучэнец гімназіі № 5 Мінска імя Герояў сустрэчы на Эльбе Максім Лойка, вучань сярэдняй школы № 12 Мінска Мікіта Зябко і Арцём Палаш з сярэдняй школы № 38 Гомеля, — удакладняе метадыст аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Галіна Давідоўская, упаўнаважаны прадстаўнік Міністэрства адукацыі. — У ліку першых і тры дзесяцікласнікі: Аляксандр Ляшко з гімназіі № 1 Ваўкавыска, Мікалай Леанавец, навучэнец сярэдняй школы № 1 Пінска, і Раман Якута, навучэнец сярэдняй школы № 4 імя П.І.Батава Слоніма. Адметна, што дыпломы II і III ступені атрымалі два дзевяцікласнікі. 

Старшыня журы Станіслаў Чаропка, дэкан факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі ўсіх прызёраў: “Напрыклад, у тэарэтычнай частцы першага тура адно з няпростых заданняў тычылася ваеннай аперацыі “Баграціён”. У першым блоку пытанняў гэтага задання трэба было разгорнута і дэталёва апісаць ваенную аперацыю. У другім — здагадацца, што на малюнку бачны Іл-2, і прыгадаць, як яго называлі інакш. Трэба было апісаць і розныя дэталі, звязаныя з выкарыстаннем гэтага самалёта ў паветраных баях. Трэці блок пытанняў тычыўся персаналій легендарнай аперацыі.

У другой частцы практычнага тура алімпіяды прэтэндэнты на перамогу павінны былі выканаць каля васьмі дзясяткаў тэставых пытанняў: суаднесці гістарычныя падзеі, размясціць іх у храналагічным парадку, выбраць з прапанаваных варыянтаў дакладнае сцвярджэнне, раскрыць значэнне абрэвіятур, здагадацца, што за гістарычная падзея адлюстравана на малюнку”.

Лепш за ўсіх з усімі заданнямі справіўся мінчанін Максім Лойка. Дарэчы, гімназіст другі год запар заваёўвае дыплом I ступені. Гісторыя — самае вялікае яго захапленне. Юнак шмат чытае, а таксама ўдзельнічае ў рабоце раённага клуба гістарычнай рэканструкцыі. Сярод іншых інтарэсаў хлопца — літаратура, грамадазнаўства, замежная мова. А яшчэ без актыўнага гімназіста ва ўстанове адукацыі не абыходзіцца ні аднаго мерапрыемства. Мэтанакіравана займацца падрыхтоўкай да алімпіяды Максім пачаў у 9 класе, калі трапіў у групу да настаўніка гісторыі Дзмітрыя Пратасевіча. Наведаўшы некалькі яго заняткаў, юнак праявіў вялікую цікавасць да гісторыі, а галоўнае — выказаў жаданне сур’ёзна і сістэматычна займацца.

“Займаючыся менш за год, Максім выступіў за 10 клас і стаў прызёрам алімпіяды на гарадскім узроўні, а яшчэ праз год стаў уладальнікам дыплома I ступені на рэспубліканскай алімпіядзе, — адзначае педагог. — Дзякуючы мэтанакіраванасці, працавітасці, адказнасці, жаданню спазнаваць  новае, уменню вучыцца і добрай памяці, Максім за некалькі гадоў прайшоў шлях ад пераможцы гімназічнай алімпіяды да абсалютнага прызёра рэспубліканскага ўзроўню”.

Запамінальнай падзеяй у дзень закрыцця алімпіяды сталі заняткі на тэму “Урокі гісторыі. Чаму іх нельга забываць”. У іх прыняў удзел намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, які выступіў у ролі эксперта разам з членамі журы і іншымі ганаровымі гасцям.

Увесь гэты год Максім займаўся гісторыяй практычна штодня па чатыры гадзіны згодна з індывідуальным планам падрыхтоўкі, які склаў для яго настаўнік. “Матэрыял для падрыхтоўкі я адбіраю заўсёды вельмі старанна, аналізуючы заданні па гісторыі за апошнія гады, якія ёсць у адкрытым доступе і друку, — дзеліцца прафесійным сакрэтам Дзмітрый Васільевіч. — Апрацоўваю і складаю свае комплексы заданняў. Кожны тыдзень Максім, як і іншыя навучэнцы, атрымліваў новае заданне для самастойнай работы і літаратуру для вывучэння. Каб дыягнаставаць слабыя месцы ў нашай падрыхтоўцы, я рэгулярна праводзіў тэсціраванне. Па суботах пры асабістай сустрэчы на працягу трох-чатырох гадзін мы абмяркоўвалі вывучаны матэрыял і пытанні, што ўзніклі, зноў праводзілі тэст і вызначалі, ці трэба прапрацаваць іх дадаткова. Пасля карэкціравалі план дзейнасці на чарговы тыдзень. І так на працягу года”.

Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.