Урокі інклюзіі для кожнага

Днямі ў межах праекта “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю” ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце і гімназіі № 10 Мінска прайшлі заняткі для навучэнцаў 10-х класаў і студэнтаў другіх курсаў на тэму “Уключэнне людзей з інваліднасцю ў грамадства”. Заняткі былі арганізаваны па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. Гэты праект рэалізоўваецца ГА “БелАДДІіМІ” пры падтрымцы агенцтва ЗША па міжнародным развіцці USAID у Беларусі і накіраваны на фарміраванне станоўчых адносін да людзей з інваліднасцю. Падрабязней аб ініцыятыве, якая стартавала яшчэ ў верасні бягучага года, расказала каардынатар праекта Ірына Логвін.

Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам споўнілася сёлета 20 гадоў. За гэты час арганізацыя рэалізавала больш за 40 праектаў, накіраваных у асноўным на прадастаўленне разнастайных сацыяльных паслуг дзецям і маладым людзям з інваліднасцю, а таксама іх сем’ям. Мэта новага праекта “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю” — стварэнне ў грамадстве ўмоў для прыняцця такіх людзей.
— Чаму наша грамадства часта цураецца людзей з інваліднасцю, баіцца з усёй аб’ектыўнасцю ўнікнуць у іх праблемы? — разважае Ірына Логвін. — Мы не прывыклі бачыць людзей з абмежаваннямі ў магазінах і на вуліцы, у школах і ВНУ, у парках і кінатэатрах. Гэта адбываецца не таму, што такіх людзей няма, а таму, што ўмовы нашага побыту яшчэ не прыстасаваны да іх, да таго, каб яны паўнапраўна маглі прыняць уд зел у жыцці грамадства. Сказваецца і тое, што на працягу доўгага часу многія людзі з інваліднасцю былі адлучаны ад сваіх суграмадзян, у дзяцінстве яны знаходзіліся ў спецыяльных установах адукацыі, у інтэрнатах або дома, паколькі лічыліся ненавучаемымі. Як прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця? Як развянчаць існуючыя стэрэатыпы і забабоны? Ці можна змяніць у лепшы бок стаўленне да такіх людзей? Лепшы спосаб — прыбегнуць да мовы мастацтва. Зразумела, кожны чалавек — індывідуальнасць. Мы ўсе розныя, але ў некаторых гэтыя адрозненні праяўляюцца мацней. Сваё месца ў жыцці павінна быць у кожнага, але, каб знайсці яго, неабходна стварыць роўныя магчымасці пры пошуку. Не аднолькавыя, а менавіта роўныя. Інклюзія — гэта не модны трэнд, а лепшае выйсце пры ўключэнні ў жыццё грамадства дзяцей і дарослых людзей з асаблівымі патрэбамі.
Праект “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю” будзе рэалізоўвацца на працягу двух гадоў. Галоўная яго мэта — фарміраванне станоўчых адносін да людзей з псіхафізічнымі асаблівасцямі (пераважна сярод моладзі 16—25 гадоў). Ажыццяўленне мэты будзе адбывацца праз правядзенне культурна-асветніцкіх і інфармацыйных кампаній. Мерапрыемствы праекта распрацаваны і падрыхтаваны такім чынам, каб стаць прывабнымі для юнай часткі грамадства. Яны ўключаюць работу ў інтэрнэце, правядзенне мабільных выстаў, трансляцыю паведамленняў сацыяльнай рэкламы на радыё і тэлебачанні, правядзенне тэатральных паказаў і фестываляў.
Ініцыятыва рэалізоўваецца ў чатырох гарадах краіны — Кобрыне, Бабруйску, Гомелі і Мінску. Трэнеры-валанцёры ўжо наведалі школу № 9 Кобрына і Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, гімназію № 10 Мінска, а таксама Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж народных мастацкіх промыслаў, сярэднюю школу № 37 і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту Гомеля. Каманда трэнераў-мультыплікатараў, якіх падрыхтавалі прафесіяналы, запрошаныя БелАДДіМІ, правялі ў гэтых установах адукацыйныя мерапрыемствы для маладзёжнай аўдыторыі. У каманду ўвайшлі валанцёры да 25 гадоў — юнакі і дзяўчаты як з інваліднасцю, так і без інваліднасці, што поўнасцю адпавядае дэвізу: “Нічога пра нас (для нас) без нас”. Яны праводзяць трэнінгі, чытаюць ва ўстановах адукацыі лекцыі. Трэнеры прыводзяць розныя статыстычныя даныя аб людзях з асаблівасцямі, расказваюць аб відах інваліднасці, аб адэкватным стаўленні да такіх людзей. Яны вучаць правільным фармулёўкам дыягназаў, правілам этыкету — таму, як правільна ўзаемадзейнічаць з людзьмі з абмежаваннямі, як звяртацца да іх. Напрыклад, трэба казаць “чалавек з інваліднасцю”, а не “інвалід”. Правільнымі будуць фармулёўкі: “чалавек на калясцы” або “чалавек, які перамяшчаецца з дапамогай інваліднай каляскі” (замест “інвалід-калясачнік”), “чалавек з сіндромам Даўна”, “чалавек з аўтызмам”. Пры гэтым мы аддаляемся ад медыцынскай мадэлі разумення інваліднасці і набліжаемся да сацыяльнай мадэлі, якая мае на ўвазе ўспрыманне чалавека як асобы незалежна ад дыягназу. На занятках навучэнцы даведваюцца пра розныя нестандартныя сітуацыі, у якія могуць трапляць людзі з інваліднасцю, а таксама пра тое, што многія з іх умеюць жыць паўнацэнным, цікавым і насычаным жыццём. Адно з самых памылковых меркаванняў пра людзей з інваліднасцю — што ім пастаянна патрэбна чыясьці дапамога. Насамрэч гэта не так. Удзельнікам сустрэч трэнеры прапаноўвалі праглядзець вядомыя фільмы аб людзях з абмежаваннямі: “Чалавек дажджу”, “Форэст Гамп”, “Я — Сэм?”, “Цырк Батэрфляй”, “1+1” і іншыя, якія дэманструюць новы погляд на людзей з інваліднасцю. У планах — правядзенне заняткаў па тэхналогіі форум-тэатра, падчас якога трэнеры-валанцёры будуць імітаваць паміж сабой канфліктныя, праблемныя сітуацыі і заклікаць навучэнцаў уключацца ў іх, прапаноўваць або тут жа прайграваць свой варыянт выйсця з іх.
У межах гэтага праекта прайшлі чатыры майстар-класы. Два з іх — сумесныя з Сашам Варламавым. На іх былі запрошаны як дзеці і падлеткі з інваліднасцю, так і без інваліднасці. Разам з педагогам па маляванні Аленай Гусевай і яе юнымі выхаванцамі Аляксандр паказваў майстар-клас па вырабах са стужкі ў межах свайго праекта “Тэатр моды “Шафа”. 16 дзяцей, у якіх самыя розныя асаблівасці развіцця, побач са сваімі бацькамі на роўных з выхаванцамі тэатра моды прынялі ўдзел у занятках. Дзеці стварылі з падручных матэрыялаў цудоўныя вобразы казачнай планеты, на якой ніхто нікому не зайздросціць, а ўсе яе жыхары прыгожыя і жывуць у міры і згодзе. А любімым іх хобі з’яўляецца выраб упрыгажэнняў і новага адзення.
Для дзяцей 7—10 гадоў майстар-клас праводзіў фокуснік-ілюзіяніст Сяргей Лябецкі. Дзяўчынкі і хлопчыкі не толькі ўбачылі, але і навучыліся некаторым фокусам, адчулі сябе сапраўднымі чараўнікамі.
Майстар-клас “Мы прыгожая нацыя” правяла візажыст GOSH Cosmetics Юлія Дзмітрук. Дзяўчаты даведаліся падчас заняткаў, як лепш даглядаць свой твар, падкрэсліваць сваю прыроджаную прыгажосць, навучыліся карыстацца касметыкай, даведаліся пра маленькія хітрасці макіяжу. Адна з дзяўчат — Віка — стала нават юнай мадэллю і напрыканцы мерапрыемства выглядала як сапраўдная каралева, якую запрасілі на баль.
— У межах праекта мы плануем распрацоўваць сацыяльную, відэа- і аўдыёрэкламу, білборды аб такіх людзях, — адзначае Ірына Логвін, — весці перамовы аб трансляцыі рэкламы па тэлебачанні і радыё. Зоймемся выдавецкай дзейнасцю: выпускам лістовак, буклетаў, брашур, плакатаў, якія будуць утрымліваць інфармацыю аб людзях з асаблівасцямі. Мы падтрымліваем супрацоўніцтва з тэатрамі. Так, напрыклад, запланавана зрабіць пастаноўку аб людзях з інваліднасцю, у якой яны прымуць уд зел. Плануем таксама правесці круглыя сталы з удзелам дзеячаў мастацтва, прадстаўнікоў дзяржаўных структур, якія адказваюць за сацыяльныя пытанні.
У перспектыве і мабільная фотавыстава аб людзях з інваліднасцю. Завершыць праект інклюзіўны выніковы фестываль творчасці дзяцей і маладых людзей.

Надзея ЦЕРАХАВА.